Знайсці
09.02.2013 / 10:4019РусŁacБел

Барыкады Хеопса

Я пачуў гэта на Камароўскім рынку, у радах, дзе ўзвышаюцца горы заморскай садавіны і гародніны. «Ды тут у вас сапраўдныя барыкады Хеопса!»

Бальзакаўскіх гадоў дамачка, рызыкуючы зламаць высачэзны абцас, намагалася ўручыць гандлярцы статысячную купюру, не дастаючы да працягнутай насустрач рукі. З-пад густога макіяжу на правінцыйнай фізіяноміі прабіваўся медна-чырвоны загар. У Егіпце, мусіць, пабывала. («В Е г и п е т е» — натыкнуўся днямі ў некалі паважанай буйной расійскай газеце.)

Я не вытрымаў, разрагатаўся.

Лепш бы прамаўчаў. Такой колькасці адборнай лаянкі ў свой адрас я не чуў за ўсё жыццё...

Да вечара эпізод забыўся. І, магчыма, забыўся б назаўсёды, каб не «Панорама!.. На Первом!»...
Зразумела, можна было б і не глядзець, колькасць і якасць адборнай прапаганды добра вядомыя загадзя. Але набліжаліся 90-я ўгодкі БНР, вакол гэтай падзеі і таго, як яе адзначаць, разгарнуліся спрэчкі. І тут «салідныя людзі», якіх сабрала за «круглым сталом» «салідная газета», нечакана нарадзілі «сенсацыю»: дазволілі нарэшце БНР прысутнічаць у беларускай гісторыі, ды яшчэ ў якасці папярэдніцы незабыўнай БССР! Цікава стала, як абвесціць пра ўсё гэта «телевидение твоей страны»...

Абвясціла. Па звыклай завядзёнцы пайшло на вуліцу паслухаць так званы «глас народа». І, як заўсёды, пачула тое, што хацела: «народ» пра БНР нічога не ведае і — вось яно! — ведаць не хоча! Якое ж тут свята?! Які юбілей?! Якія шэсці з нацыянальнымі сцягамі?!

Замест таго каб засмуціцца правалам у нашай гістарычнай памяці, так і пёрла з экрана пачуццё глыбокага задавальнення.
Прасцей сароміць «тупых янкі», якія не ведаюць, што Александрыя знаходзіцца не ў Егіпце, а недзе пад Шкловам, чым самім адчуваць сорам ад страты гістарычнай арыентацыі.

І што ж адбылося пасля таго выяўлення «народнай думкі»? Нагадаю: святочнае шэсце было жорстка разагнана. Пры абыякавасці і нават падтрымцы «народа». «А чаго лезуць?!» — рашуча рэзала рукой паветра суседка, вечная скаржніца на малую пенсію і хапуг з ЖЭСа, наглядзеўшыся рэпартажаў БТ...

У савецкія гады падпоркай рэпрэсіўнаму механізму з’яўляўся ваяўнічы атэізм.

Сёння ваяўнічае невуцтва — адна з самых угноеных ідэалагічных падпорак рэжыму.

Справа нават не ў «вершах Быкава» ці ў «Скарыну, што жыў у Пецярбургу»...

Справа ў тым, што дзяржава, калі яна насамрэч незалежная, павінна без ліслівай аглядкі на былую імперыю вызначаць падзеі і асобаў, якія крок за крокам — праз турмы і шыбеніцы, праз узлёты духу і страты надзей, праз «сонца ў аконца» і «стрэльбы, хлопчыкі, бяры», праз Гулаг і «кожнага чацвёртага»... — да яе, гэтай незалежнасці, прывялі.

У грамадстве могуць быць розныя думкі наконт гістарычных падзей і асоб. Гэта цалкам натуральна, калі яны, гэтыя думкі, грунтуюцца на фактах, паважліва ставяцца адна да адной і не прыцягваюцца за вушы дзеля апраўдання палітыкі сучаснай улады.

У дзяржавы ж, якая насамрэч незалежная, такой раскошы — мець розныя думкі ці не мець аніводнай — няма.
У незалежнай дзяржавы павінна быць адно стаўленне да вызначальных гістарычных падзей і асоб, якія гэтыя падзеі здзяйснялі — як да агульнанацыянальных, у тым ліку юбілеяў і святаў.

Сёння такой дзяржавы ў нас няма.

Пакуль праўладныя ідэолагі і палітолагі пужалі насельніцтва «палякам» і «тэрарыстам» Каліноўскім, дзяржава, па сутнасці, праігнаравала магчымасць пацвердзіць сваю прыхільнасць да незалежнасці і дэмакратыі, з набыццём каторых непарыўна звязана імя Каліноўскага.
«СБ», галоўнае дзяржаўнае выданне, абмежавалася 2 лютага сціплым, на два-тры радкі, «аб’ектыўным», так бы мовіць, паведамленнем пра 150-годдзе з дня нараджэння «...публициста, поэта, революционера-демократа, одного из руководителей восстания 1863 — 1864 гг.» Між тым, у нумары за 1 лютага яна ж з бальшавіцкім размахам адзначыла 100-годдзе народзінаў Сяргея Прытыцкага, які сапраўды здзейсніў «за польскім часам» тэрарыстычную акцыю. Добра, што адзначыла. Але чаму такая няроўнасць?

Ці не таму, што стаўка на ваяўнічае невуцтва — асноўная ў змаганні з іншадумствам.

Хутка ізноў будзе свята, ужо 95-я ўгодкі БНР — гераічнай і трагічнай спробы стварыць незалежную беларускую дзяржаву.

Каб наша сённяшняя дзяржава была насамрэч незалежнай, свята, безумоўна, было б дзяржаўным. Такое свята магло б стацца сапраўдным урокам нацыянальнай гісторыі, прабіць дзірку ў яе няведанні.

Не «круглыя сталы» з іх двухсэнсоўнай дыскусійнасцю, ды яшчэ з прысмакам палітычнай фальшывасці, вядуць да пазнання нацыянальнай Гісторыі, а яе арганічная прысутнасць у бягучым жыцці, у грамадскай атмасферы і свядомасці грамадзян.

Не адбудзецца так — будзем і надалей жыць на «барыкадах Хеопса».

Сяргей Ваганаў, [email protected]

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930