Знайсці
06.01.2013 / 20:1032РусŁacБел

Беларускія зоркі не адгадалі Усяслава Чарадзея і слова «канюшына» — поўнае відэа

На АНТ стартаваў забаўляльны праект «Я люблю Беларусь» з Дзянісам Кур’янам у якасці вядучага.

На АНТ 6 студзеня быў паказаны першы выпуск праграмы «Я люблю Беларусь». Гэта праект галандскай вытворчасці, створаны пяць гадоў таму.
У большасці краін, дзе яго паказваюць, ён называецца падобным чынам: «Я люблю Украіну», «Я люблю Кітай», «Я люблю Італію»… Агулам жа праграма была паказана больш чым у 20 краінах свету.

Ліцэнзійныя правілы наступныя. У гульні выступаюць дзве каманды, кожная складаецца з трох удзельнікаў на чале з капітанам. Яны павінны як мага хутчэй адказваць на пытанні, прысвечаныя краіне. Звычайна ўдзел у праграме бяруць мясцовыя зоркі.

Які каларыт атрымаўся у АНТ-шнай версіі?

Уступная песня гучыць па-беларуску:

«Я люблю Беларусь, я люблю Беларусь.
Тваёй шчырай, адкрытай душой ганаруся.
Заспяваем жа разам, усёй Беларуссю!»

«На першае мы ямо бульбяны суп, на другое — бульбяныя дранікі, і запіваем усё гэта бульбяным сокам. Так, нас за гэта называюць бульбашамі, але мы ведаем, што самы смачны дэсерт — пірожнае «Картошка»! — пачаў Дзяніс Кур’ян.

У першай камандзе, «Снегавіках», капітанам была тэлевядучая Марына Грыцук. Разам з ёй гулялі спявачка Настасся Віннікава, якая «нарадзілася ў адзін дзень з Алай Пугачовай», спартовец і дэпутат Вадзім Дзевятоўскі, а таксама «пясняр» Валер Скаражонак.

Іх супернікі — «Снегіры» — з дэвізам «І марозаў на двары не баяцца снегіры». Капітан — доктар Дзмітрый Сайкоў. У яго камандзе — АНТ-шная вядучая Вольга Багатырэвіч, знаўца і бізнэсовец Алесь Мухін, а таксама спявачка Іна Афанасьева.

У першым раўндзе гульцы пачалі ўгадваць славутых беларусаў — Ігара Лучанка, Віктара Ганчарэнку, Дзмітрыя Калдуна, Васіля Быкава, Дар’ю Домрачаву, Міхаіла Фінберга…

Каго ўгадаць не ўдалося? Усяслава Чарадзея — «князя ВКЛ», як апісала яна Марына Грыцук. «Вячаслаў?» — спрабавалі падабраць імя гульцы. «Палкаводзец з адным вокам?» — Віталь Кутузаў.

Наступны раўнд — «родная мова». У ім на беларускую мову перайшоў і Дзяніс Кур’ян.

Трэба сказаць, як па-беларуску правільна пішацца слова.
«Сякера», «падрадчык» і нават «жамчужына» прагучалі правільна. Сярод памылковых словаў былі «груШчык» і «агенСтва».

Трэцяе спаборніцтва — паглядзець відэаролік пра кагосьці з беларускіх спартоўцаў, а пасля адказаць на пытанне. Узгадвалі факты з біяграфіі Аляксандры Герасімені, Дар’і Домрачавай, Ігара Жалязоўскага і «дынамаўцаў»-1982.

Праграма тым часам рушыць далей. У чацвёртым раўндзе трэба даваць хуткія адказы на пытанні з гісторыі і геаграфіі Беларусі —

сталіцай якой дзяржавы быў Навагрудак, каго дрэсіравалі Радзівілы, як называлася самая высокая кропка Беларусі?..
У канцы раўнда ў руках аднаго з удзельнікаў выбухнула скрынка. Няўдачнікам стаў Вадзім Дзевятоўскі. Перад гэтым ён якраз не змог адказаць на тры пытанні запар.

На пятым этапе гульцам трэба ўгадаць, пра што кажуць беларускія дзеці на экране, а ў фінальным, шостым, трэба ведаць статыстыку — называць лічбы, як мага бліжэй да правільных. Прычым можна раіцца і са сваёй групай падтрымкі. Напрыклад, колькі працэнтаў беларускіх мужчын, згодна з даследаваннямі, штодзень карыстаецца сродкамі пасля галення? Аказалася, што 27%. Агульная працягласць усіх аўтамабільных дарог Беларусі? 85 668 км. Колькі галоў забіў БАТЭ у чэмпіянаце Беларусі 2012 года? 51 гол.

Ёсць і прамежкавыя заданні, якія патрабуюць угадаць вядомыя песні.
«Завіруху» ад «Верасоў» назваў Дзевятоўскі. Спявалі ўсім залам, як і «Белоруссію» «Песняроў». Апроч таго, гучалі песня «Печкі-лавачкі», а таксама хіты Дзімы Калдуна і Сярогі.

У рэшце рэшт перамогу вырвала каманда Марыны Грыцук. «Снегавікі» дакладней сказалі, колькі лістоў адправілі беларусы праз «Белпошту» ў 2011 годзе — ажно 173 мільёны!

Хоць праграма перадусім забаўляльная, даведацца з яе тое-сёе пра Беларусь можна. Што нязвыкла для АНТ і прыемна для гледачоў, хоць часам з экрану гучыць беларуская мова. А вось заданняў, звязаных з Расіяй і расійскай культурай, зусім няшмат. Гэта істотны крок наперад у параўнанні з ранейшымі спазнавальнымі праектамі АНТ.

* * *

Пытанні, якія выклікалі цяжкасці ў гульцоў «Я люблю Беларусь»

1. У якім годзе нарадзіліся Якуб Колас і Янка Купала?

2. Помнік якой літары ўсталяваны ў Полацку?

3. Як па-беларуску будзе «клевер»?

4. Каму належаў маёнтак «Кобрынскі ключ»?

5. Як называецца самае вялікае вадасховішча Беларусі?

Ягор Марціновіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера