У «Совбеліі» — журналісты? Піша Сяргей Навумчык
У рэпліках загадчыцы аддзелу культуры газэты «
Непрафэсіяналізм палягае ў тым, што, выказваючы прэтэнзіі, што не патэлефанавалі ў дзень падзеі («чаму ў панядзелак, а ня ў пятніцу?») — спадарыня не разумее элемэнтарнага: камэнтар журналіст можа прасіць неабавязкова ў дзень падзеі ці на наступны.Такі камэнтар можа спатрэбіцца і праз тыдзень, і праз год. І нават праз дваццаць гадоў — што зусім не азначае непрафэсіяналізм журналіста. Учора супрацоўнік «Нашай Нівы» Зьміцер Панкавец папрасіў мяне пракамэнтаваць прызначэньне новага міністра культуры, нагадаўшы, што я павінен быў бы прамятаць яго яшчэ з пачатку
Але дарэмна я нагадваю элемэнтарныя журналісцкія пастуляты — да журналістыкі спадарыня ня мае ніякага дачыненьня. Як і газэта, дзе яна служыць.
Гэта ў «Нашай Ніве», «Салідарнасьці» ці «Народнай волі» супрацоўнікі (журналісты!) шукаюць інфармацыю, супастаўляюць розныя пункты погляду, прадстаўляюць чытачам пазыцыі апанэнтаў, даючы ім магчымасьць самім зрабіць высновы. Гэта тут можна прачытаць меркаваньні Калякіна, Лябедзькі, Пазьняка, Севярынца (пры рознасьці пазыцый гэтых палітыкаў) — разам з выказваньнямі Макея ды Мясьніковіча (пры сынхронным супадзеньні пазыцый гэтых чыноўнікаў зь меркаваньнямі Лукашэнкі).
І праца ў «Правде» не была журналістыкай у клясычным разуменьні, гэта была праца ў прапагандысцкім апараце.У «Совбеліі» вы не прачытаеце інтэрвію апазыцыйных палітыкаў. Гэта — табу. Гэтак жа, як у брэжнеўскай «Правде» дарэмна было шукаць меркаваньні Сахарава і Салжаніцына.
Некаторыя ўжо выказалі прагноз, што спадарыня будзе са сваёй пасады звольненая. Прагноз ня спраўдзіцца. Увогуле, трэба зразумець, што гэта — ніякая не выпадковасьць, гэта праява сыстэмы, вынік шматгадовай кадравай сэлекцыі (у тым ліку — а можа быць, у першую чаргу — і ў сфэры прапаганды). Сэлекцыі прадуманай і, у пэўным сэнсе, лягічнай.
Вельмі лягічна, што ў галоўнай «прэзыдэнцкай» газэце працуе асоба, не знаёмая зь мінімальнымі стандартамі журналістыкі.Вы ж не прад’яўляеце прэтэнзіі аўтасьлесару за тое, што ён ня ўмее правесьці інтэрвію ці «круглы стол» — у яго іншая прафэсія. Дык вось, у дамы з «Совбеліі» іншая прафэсія, якая да журналістыкі ніякага дачыненьня ня мае. «Совбелія» — орган прэзыдэнцкай адміністрацыі, і яе супрацоўнікі — тыя ж самыя чыноўнікі, што і ў адміністрацыі на Карла Маркса. Толькі калі ў «чырвоным доме» займаюцца кіраваньнем, дык у Доме друку — прапагандай.
Вельмі лягічна, што загадчыца аддзелу культуры прэзыдэнцкай газэты зьневажае мову, а значыць — і культуру тытульнай нацыі. Менавіта такі чалавек і павінен узначальваць аддзел культуры галоўнай прэзыдэнцкай газэты. Вы ж не чакаеце ад таго, хто называе сябе прэзыдэнтам, датклівага стаўленьня да нацыянальнай культуры ці беларускай мовы. У яго іншая пазыцыя і іншая палітыка, і лягічны вынік гэтай палітыкі — сёньняшнія школьнікі папросту ня ведаюць значэньня беларускіх слоў, ім іх няма дзе пачуць.
І ўжо цалкам лягічна тое, што супрацоўніца прэзыдэнцкай газэты паставіла побач словы «беларусы» і «ненавіджу».
З 20 ліпеня 1994 году, калі цяперашні кіраўнік Беларусі паклаў руку на Канстытуцыю і абавязаўся служыць народу — ён рабіў усё магчымае, каб пазбавіць гэты народ галоўнага, што адрозьнівае адзін народ ад іншых — нацыянальнай ідэнтычнасьці. Тым, хто прывёў Лукашэнку да ўлады, не патрэбныя былі беларусы — ім патрэбныя былі рабы, здольныя пакорліва абслугоўваць «трубу» і не перашкаджаць геапалітычным інтарэсам Расеі. Адпаведна фармавалася і адміністрацыя. І адпаведныя людзі туды набіраліся. І ў «чырвоны дом», і ў Дом друку. І ў іншыя «дамы».
Увогуле, шмат якія зьявы, што падаюцца нам абсурднымі, нелягічнымі, імгненна набываюць сэнс і лёгіку, калі стан, у якім знаходзіцца краіна, вызначыць вось гэтым словам, не такім ужо і новым для Беларусі — акупацыя.