Знайсці
10.12.2012 / 12:1142РусŁacБел

Памылка ці помста палітычнага дзеда Шушкевіча?

Некалькі дзён таму на радыё «Свабода» былы спікер парламента агучыў шэраг… Шэраг… Шэраг… Не проста спрэчных ісцін, а фактаў, якія не адпавядаюць рэчаіснасці.

«Прааналізуйце вынікі выбараў 1995–1996 года: ніводнага прадстаўніка БНФ не абралі ў парламент, — сказаў Шушкевіч. — На справядлівых, сумленных выбарах. Чыя гэта памылка: народу ці БНФ? Гэта памылка БНФ. Таму што яны не змаглі ацаніць свае сілы, і не падцягнулі абоз. Яны перасталі працаваць зь людзьмі, а працавалі толькі ў парламенце. Гэта вялікая памылка. І трэба гэту памылку выпраўляць, а лепей — працаваць так, каб Беларусь зацвердзілася беларускай».

Прывяду толькі некалькі фактаў «справядлівых, сумленных выбараў» 1995 года.

1. Кандыдат ад БНФ Валянцін Голубеў, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання, у Мінску, па месцы свайго жыхарства, выбары 1995 выйграў. І вось пасля падліку галасоў стала вядома, што на выбары прыйшло быццам бы 49% выбаршчыкаў і выбары не адбыліся. Сябры каманды Голубева праверылі сьпісы выбаршчыкаў і знайшлі, што ў іх былі запісаны дзесяткі нябожчыкаў. Увогуле, колькасьць выбаршчыкаў раптам вырасла на сотні адзінак.

2. Кандыдат ад БНФ Сяргей Антончык, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання, пайшоў на выбары праз некалькі месяцаў пасля чытання ў ВС-12 даклада па карупцыі ў камандзе Лукашэнкі.

Калі газеты выйшлі з белымі плямамі на месцы даклада па загадзе Аляксандра Фядуты, Антончык паехаў па Беларусі і выступаў у дзесятках вялікіх і маленькіх гарадоў з аповедам пра змест дакладу. Зібраліся сотні людзей. Спецслужбы вялі паляванне на дэпутата. Закрывалі залы. Даходзіла да боек паміж паслугачамі Лукашэнкі і прыхільнікамі справядлівасці. На бок бэнээфаўца пераходзілі камуністы. Ветэраны КПБ кідаліся пасьля сустрэч на шыю Антончыку, цалавалі яго. І гэта па Шушкевічу называецца: «Яны перасталі працаваць зь людзьмі, а працавалі толькі ў парламенце».

Дарэчы, паездкі Антончыка для «працы з людзьмі» тады фінансавалі памочнікі Шушкевіча. А арганізацыю сустрэчаў рабілі дзе сябры БНФ, а дзе сумесна з памочнікамі Шушкевіча. Толькі, відаць, свайму палітычнаму дзеду пра тое не распавядалі. І яшчэ цікавыя факты. Падрыхтоўку даклада Антончыка па карупцыі ў камандзе Лукашэнкі таксама рэсурсамі забяспечвалі памочнікі Шушкевіча. Але таксама пра гэта не казалі яму.

Падчас выбараў на выбарчых участках Антончыка дзяжурылі нарады з супрацоўнікаў спецслужбаў. Практычна ў ягонай акрузе было ўведзена вайсковае становішча. Напрыканцы дня выбараў скрынкі выносілі ў суседнія пакоі і праз пяць мінут вярталі для падліку галасоў. У выніку, як і ў Голубева, выбары не адбыліся. Але ў 1996 у гэтай акрузе выбары выйграў Грушавы, за яго заклікаў галасаваць Антончык.

3. У Барысаве ішоў кандыдатам ў дэпутаты папулярны рабочы Каленік. Выступіў супроць Кебіча. Назіральнікаў з выбарчых участкаў у вайсковых частак выкідвалі. Літаральна!

4. На акрузе Алеся Бяляцкага на дзень выбараў студэнтаў накіравалі дамоў і з іхнымі галасамі зрабілі тое, што рабілі на апошніх выбарах прэзыдэнта і парламента.

5. Зянон Пазняк у 1994–1995 гадах літаральна жыў у аўто, наведваючы людзей ва ўсёй краіне. Ездзіў і ездзіў, бо натхняў давер людзей, іхняя прага да новага жыцця ў свабоднай, нацыянальнай дэмакратычнай краіне. Былі выпадкі, калі пасля яго візітаў людзі цэлымі вёскамі ўступалі ў БНФ! І гэта называецца па Шушкевічу «перасталі працаваць з людзьмі».

6. Прыклады фальшавання тых выбараў можна прыводзіць і прыводзіць. І, спадзяюся, гэта зробяць сумленныя гісторыкі.

Чаму такому паважанаму ў свеце палітыку, як Шушкевіч, патрэбілася ўводзіць у зман слухачоў Свабоды?

Станіслаў Шушкевіч хацеў адпомсціць БНФ і, у прыватнасці, Сяргею Навумчыку, які нядаўна прывёў факты з дзейнасці Шушкевіча, якія не робяць яму гонару. Аднак нашто ж пры гэтым скажаць гісторыю? Не было пры Лукашэнку свабодных выбараў, не трэба выдумляць.

Уладзімір Падгол

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930