Знайсці
08.12.2012 / 09:27РусŁacБел

Усмешка Бога: памяці мастацтвазнаўцы Алега Сурскага

На мінулым тыдні адышоў у вечнасць Алег Сурскі.

Падчас развітання, яшчэ да таго, як прагучалі апошнія словы, Уладзімір Мехаў нахіліўся да мяне і ціхенька сказаў: «Калі Алег прыйшоў у „ЛіМ“, недзе напрыканцы 50-х, яму цяжкавата было з мовай.
Аднойчы, памятаю, адчыніў дзверы і з вінаватай усмешкай, трохі саромеючыся, спытаў: „Нябожчык — гэта божественный?“…»

Алег ляжаў у труне, абкладзены кветкамі, з заспакоеным, нават задуменным тварам. Не хапала толькі ўсмешкі.

Сёння я думаю, што калі Бог ставіў на ім сваю пячатку, то менавіта ў выглядзе ўсмешкі, якая ніколі не сыходзіла з ягонага твару. Усмешкі, з якой малады хлопец, выхаванец тбіліскіх дворыкаў і завулкаў, адчуў праз незразумелае на той час беларускае слова боскую сутнасць жыцця.

Так, ён, безумоўна, быў чалавекам ад Бога. І жыў так, як наканаваў яму Бог, які адарыў яго не толькі рознымі мастацкімі талентамі, але і найгалоўнейшым для чалавека талентам — талентам жыць.

Ён быў цудоўным журналістам, вядомым на ўсёй культурнай прасторы СССР мастацтвазнаўцам, зачынальнікам і творцам беларускага дызайну, чаканшчыкам па металу і ўвогуле майстрам на ўсе рукі…

Не кожны талент спалучае ў сабе рукі, сэрца і галаву.

Усё гэта выдавочна спалучалася ва ўсім, што рабіў Алег Сурскі.

Але найперш у самім жыцці і пабудаваным для жыцця уласнымі рукамі невялічкім доме, што напачатку 1960-х сціпла ўціснуўся ва Усходнім завулку паміж суседскімі гародамі ды садамі.

Доме, які, нібыта магніт, адразу прыцягнуў да сябе людзей, што сталіся пазней тварам першага пасля змярцвелай сталіншчыны пакалення.

Алесь Адамовіч, Навум Кіслік, Мікалай Крукоўскі, Валянцін Тарас, Вячаслаў Сцёпін, Барыс Забораў, Анатоль Анікейчык…

Звычайнае, на першы погляд, сяброўства, нават сем’ямі, ці то былых аднакурснікаў, ці то паплечнікаў па журналістыцы і мастацтве ператварылася з цягам часу ў яднанне сутворцаў цэлай эпохі ў беларускім жыццці. Сутворцаў, з’яднаных высокім сумленнем і вольнай думкай.

Сутворцаў супольнасці, якое атрымала пазней назву «шасцідзясятнікаў».

Дзе яна сёння, гэтая супольнасць? Мо толькі ў энцыклапедыях і памяці аднаго-двух пакаленняў, што рушылі ўслед. З цягам часу…

Пра час гавораць, што ён няўмольны.

Але няўмольны не час, а людзі, якія наракаюць на час, а па сутнасці абражаюць яго сваёй абыякавасцю, прыстасаванствам і канфармізмам.

У любой цывілізаванай краіне дом, падобны на колішні Алегаў, захаваўся б сярод гмахаў надыходзячых стагоддзяў, бо ў ім працягвалі б жыць высокі дух і ўснёслыядумкі.

Але няўмольным людзям нецікавыя драматычныя супярэчнасці часу, ад якіх утвараюцца вялікія думкі і рухаецца наперад гісторыя. Няўмольным людзям цікава толькі тое, што адпавядае начальніцкаму густу, дазволу і так званай стабільнасці.

Так нараджаюцца пасмяротныя персанальныя галерэі і наменклатурныя могілкі.

…З Алегам я пазнаёміўся напрыканцы 1961, калі атрымаў ад яго заданне напісаць у «ЛіМ» пра мастака Касмачова.
Касмачоў дапрацоўваў тады карціну «Ленін у Разліве». Пасля нядаўняга зносу помніка Сталіну карціне, сцвярджаючай вяртанне да «ленінскіх нормаў», прадракалася стацца часова славутай.

Міхаіл Савіцкі, якога я заспеў у Касмачова, малады і задзірліва франдзіруючы, ганьбіў, рассеўшыся на пацёртай канапцы, сталінскіх мастакоў, а таксама ідэолагаў ад мастацтва. «А вы ведаеце, — раптам прызнаўся Савіцкі, — я партрэт Сталіна не выкінуў. Вось паглядзіце, яшчэ спатрэбіцца». І змрочна рагатнуў.

У ліпені 2009 народны мастак, акадэмік і Герой Беларусі Міхаіл Савіцкі выставіў партрэт Сталіна ў Палацы мастацтваў…

У 1980 у тым жа Палацы Алег Сурскі тлумачыў Пятру Машэраву, чым абражае яўрэяў карціна Савіцкага «Летні тэатр» з цыкла «Лічбы на сэрцы».
У рэшце рэшт Машэраў папрасіў Савіцкага замаляваць жоўтую зорку Давіда на персанажы, што разам з эсэсаўцам рагоча над трупамі.

Але Барыс Забораў, ці не самы знакаміты сёння з замежных мастакоў Беларусі, у знак пратэсту з’ехаў. У Парыж. Сурскі застаўся. Бо трэба было яшчэ доўга тлумачыць…

Аж да таго страшэннага ўдару па галаве ва ўласным пад’ездзе, якім сустрэла яго ХХІ стагоддзе. Удару, ад якога пахіснулася спалучэнне сэрца, думкі і рук.

Але вытрымала. І вытрымлівала амаль да апошняга. Як вытрымлівае пасля страшэннага ўдару маланкі магутнае дрэва.

…Дзве думкі прагучалі на развітанні.

Адна выказвала шкадаванне, што чалавек, які столькі зрабіў для беларускага мастацтва, не атрымаў пры жыцці ні званняў, ні ўзнагарод, ні прывілеяў.

Другая думка пярэчыла: Богу ўсё роўна, якія званні ды ўзнагароды ў нябожчыка. Богу важна толькі тое, ці жыў нябожчык адпаведна боскай сутнасці жыцця.

Я апошні раз паглядзеў на Алега, на ягоны заспакоены твар.

І раптам падалося, што Бог забіраў яго да сябе з вінаватай усмешкай.

Сяргей Ваганаў, [email protected]

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера