Знайсці
30.11.2012 / 09:5614РусŁacБел

Пастка для Праляскоўскага

Міністр інфармацыі Праляскоўскі выступіў з заявай пра тое, што ў інтэрнэце не павінна быць беспакаранага ананімнага каментавання.

Што, маўляў, калі ў рэальным жыцці чалавек парушыў закон, ён павінен за гэта адказваць. І так, і ніяк інакш, павінна быць у віртуальным свеце.

Анлайн-выданні заўважылі, што літаральна такія ж прамовы надоечы штурхаў Лукашэнка ў інтэрв’ю агенцтву Reuters, і гэта дазваляе меркаваць, што нас у недалёкай будучыні чакаюць новыя заканадаўчыя абмежаванні ў сусветнай сетцы.

Я, шчыра кажучы, нават хацеў бы на гэта паглядзець, чыста з цікаўнасці.
Я нават не магу ўявіць сабе, на якую колькасць штатных і няштатных супрацоўнікаў КДБ і падобных «аддзелаў К» давядзецца завесці крымінальныя і адміністрацыйныя справы адразу ж, як толькі іх інкогніта будзе адкрытае.

Я вось нярэдка папісваў на сайт «Беларускі партызан» і нярэдка пачытваў, што ж там народ папісваў, у тым ліку ў каментарах, у тым ліку ў ананімных.

Чытаеш якога і думаеш: «Так памыляцца можна, толькі атрымаўшы адпаведнае заданне».
Адкрываеш дадзеныя акаўнта каментатара і бачыш: так, ананім, але! На сайце ён Х дзён, а каментароў паспеў панапісваць прыкладна… прыкладна 40 за суткі.

І такіх каментатараў там… Была ў мяне ў жыцці такая гісторыя. Неяк напярэдадні 25 сакавіка, Дня Волі, арыштавалі нас проста на чыгуначным вакзале, перад цягніком на Мінск, куды мы збіраліся ехаць, каб узяць удзел у мітынгу. Банальная, карацей, гісторыя.

А ў транспартнай «апорцы», куды даставілі нашу групу супрацоўнікі спецслужбаў у цывільным, стаяў такі натоўп такіх жа супрацоўнікаў такіх жа спецслужбаў у такім жа цывільным, што мы міжволі рот адкрылі: «Зашмат вас для адно вакзала».

На што кадэбэшнікі, весела смеючыся, адказалі: «А ты думаў?! Нас больш, чым людзей». Спрачацца з імі ў гэтым не было ні сэнсу, ні жадання: так, сапраўды, гэтай ноччу іх было і больш, і чым людзей.

Вось так і з гэтымі ананімнымі каментатарамі.

Яны паліваюць лайном усю апазіцыю і ўсіх нязгодных з нейкімі рашэннямі ўлады наогул. Іх мэта — дыскрэдытацыя ўсіх, хто нешта робіць супраць. Супраць рэжыму, супраць дурных і неэфектыўных рашэнняў. І іх таксама больш, чым людзей.

Але каб гэта выглядала больш эфектыўна, яны ж паліваюць лайном і сам рэжым. Каб больш пераканаўча. Маўляў, «многія супраць, так, улада не ідэальная, толькі тыя, хто супраць яе адкрыта выступаюць, яшчэ горшыя, таму хто, калі не ён?»

Але гэта толькі адзін з зацікаўленых бакоў… А акаўнты прыгожанькіх дзяўчат у сацсетках пад выдуманымі імёнамі, за якімі сядзяць моцныя дзядзькі — лаўцы гандляроў людзьмі і педафілаў?

Калі ўсе гэтыя хлопцы і прапусцяць момант прыняцця новых законаў, якія абмяжоўваюць ананімнае каментаванне, будзе вельмі цікава паглядзець, як Праляскоўскі будзе іх лавіць.

Чарговая нязбытная мара…

Пятро Кузняцоў, pkuznetsoff.blogspot.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера