Знайсці
25.11.2005 / 13:00РусŁacБел

Зусім не знаёмая краіна

Як прайсьці практыку і адкрыць для сябе Беларусь у Беларусі. Дзеліцца студэнт Алесь Гняздо з Магілёва.

Пасьля летняй сэсіі на практыку сілаў не было. Ня ўзьняў настрою і першы сход-інструктаж: слухацца выкладчыкаў, ня піць, не дурыць, цераз дарогу на санітарных прыпынках не пераходзіць… У параўнаньні зь леташнім археалягічным інструктажам кіраўніцтва доўга пужала нас кляшчамі і рэцэптамі, як з гэтай нечысьцю змагацца.

Горад, якога мы ня ведалі

Музэйна-краязнаўчая практыка пачалася з Магілёва. Гістарычныя помнікі гораду аказаліся нечакана цікавыя. Яны адкрылі горад, якога мы ня ведалі. Аб савецкіх плянах поўнай перабудовы цэнтру ў Магілёве ўжо ніхто ня згадвае. Цэрквы й касьцёл вернуты гаспадарам і па-сапраўднаму ўпрыгожваюць горад. Магілёў прыметна зьмяніўся і працягвае мяняцца да лепшага. Да 2007 г. абяцаюць адбудаваць ратушу.

Па пешаходнай Ленінскай — от, хай бы ёй вярнулі назву «Вялікая Садовая» — цяпер ня сорамна правесьці любога эўрапейца. Ня сорамна іх будзе і завесьці ў мясцовыя музэі. Нечаканасьцю стала наведаньне заасаду ў Буйнічах, якога год назад там і блізка не было. Побач зь ім вырасла — кажуць, да прыезду прэзыдэнта — этнаграфічная вёска зь вялізным панскім палацам. Тут у нас і разгарнуліся спрэчкі. Выкладчыкі бурчэлі аб ненатуральнасьці вясковых хат пад мэталадахоўкай, затое дзяўчаты прыйшлі ў захапленьне ад яркіх фарбаў, туевых і кіпарысавых пасадак… Ці беларуская гэта вёска? Ня трэба быць залішне строгімі, лепш дачакацца завяршэньня рэалізацыі праекту.

У вобласьці таксама ёсьць што паглядзець: Баркулабаўская Маці Божая ў Быхаве, капліца на месцы бітвы ў Лясной, фрэскі Слаўгарадзкай царквы, мсьціслаўскія храмы і замак. Але ж столькі і разбурэньняў! Аднакурсьнікі з Крычава паказалі вечнарамантаваны Пацёмкінскі палац, з Быхава — нядаўна паваленую сьцяну замку знакамітых Сапегаў. Найбольш уразілі Пустынкі каля Мсьціслава. Які комплекс за саветамі давялі да ручкі! Праводзілі ў манастыры вучэньні грамадзянскай абароны, мэтанакіравана палілі і зьнішчалі, а цяпер аддалі вернікам — аднаўляйце…

Першыя пешаходныя вылазкі даваліся цяжка, некаторыя дзяўчаты ад паху ладану ў манастыры трацілі прытомнасьць. Але дысцыплінавала неабходнасьць самім праводзіць экскурсіі, а валантэрская акцыя па добраўпарадкаваньні тэрыторыі вакол Палыкавіцкай крыніцы вярнула страчаную падчас сэсіі энэргію. Карпацкія краявіды магілёўскіх гор і гаючая вада канчаткова зьнялі пасьлясэсійны стрэс.

«Я ім пакажу глухамань»

Далей мы вандравалі па Цэнтральнай і Заходняй Беларусі. Адразу відаць, што камуністы тут кіравалі ня так доўга, як у нас на ўсходзе, таму помнікі здаюцца больш дагледжанымі. Галоўнае адрозьненьне — большая канцэнтрацыя, лепшая захаванасьць, рознастылёвасьць. Для нас, усходнікаў, Заходняя Беларусь — сапраўдны цуд. Асобнае апавяданьне — Мосар на Глыбоччыне. Кіраўнік практыкі не агучваў плянаў яго наведаньня, казаў, што гэта падарунак. Падарунак удаўся.

Муж адной з нашых выкладчыц, які ўсё жыцьцё адпрацаваў у Расеі, узяў адпачынак і паехаў з намі. Ён толькі пасьпяваў ахаць і фатаграфаваць зусім незнаёмую краіну. Яму ўсё падабалася, і ўсе паралелі з Расеяй былі на карысьць Беларусі. Фатаграфуючы архітэктурныя помнікі, ён час ад часу камусьці гразіў: «Я ім пакажу балоты! Я ім пакажу глухамань».

Запомніліся назвы заходнебеларускіх вёсак. Чаго вартыя толькі тапонімы па дарозе ад Глыбокага да Нарачанскага краю: Сарокі, Ваўкі, Дразды, Лісіцы, Сокалы, Вораны, Мышкі, Казлы, Вераб’і — заасад дый годзе, а побач — Плаксы і Маўчанкі. Зрэшты, звыклыя нам магілёўскія Засьценкі, Забродзьдзе, Шылаў Вугал, Зябень, якую тутэйшыя вымаўляюць бязь першай літары, таксама радуюць слых прыежджых.

Панаехала тут магілёўскіх

Не абышлося і без прыгодаў. Возера Вялікія Швакшты (на мяжы Мядзельскага й Пастаўскага раёнаў) сустрэла цёплым надвор’ем, чыстым паветрам і аб’явай, што бераг вадаёму — цяпер… гатэль. Забіты пад завязку намётамі і стомленымі гараджанамі прыгожы сасновы бор нагадаў, што была субота. Гаспадароў «гатэлю» не было відаць, таму мы знайшлі незанятае месца на ўскрайку лесу. Жвавую вясёлую выгрузку прыпыніў брэх бультэр’ера, кабеты і маладзіцы. Атака была раптоўнай і агрэсіўнай. «Мы заплацілі за месца і вас ня пусьцім, давайце ня будзем псаваць настрою сабе і вам», — патрабавала і угаворвала падазрона чырванашчокая кабета. «Я цяжарная на пятым месяцы! Згублю дзіця, але вас не пушчу!» — паўтарала маладзіца. Сабака проста лётаў паміж намі, цэлячы, каго б пакусаць.

Ні беларуская мова кіраўніка, ні абяцаньне адысьці далей у лес, ні паказ дакумэнтаў выніку ня мелі. Жанчыны чамусьці рашылі, што 50 мэтраў вакол іх палаткі — іх прыватная ўласнасьць, і стаялі мёртва. Больш за тое, даведаўшыся, што мы з Магілёва, кабета зусім азьвярэла: «А-а, раз вы з Магілёва, дык думаеце, што вам усё можна?!» Маладзіца ж схапіла шампур і кінулася на нашага кіраўніка.

Ці то ў нас у магілёўскіх сапраўды скура дубовая, ці то шампур быў тонкі, але ён сагнуўся аб нагу, не пакінуўшы нават драпіны. Завяршылася ўсё нечакана хутка і проста. Выратаваў сытуацыю наш вадзіцель, які дачакаўся адыходу большасьці студэнтаў і, як добры псыхоляг, у простых, даступных расейскамоўнаму вуху выразах з выкарыстаньнем яркіх народных фальклёрных вобразаў растлумачыў кабеце яе месца ў гэтым зьменлівым сьвеце. Першым мову міжнацыянальных зносін зразумеў бультэр’ер.

«Лінія Сталіна»

Ужо на ўезьдзе, пераапрануты ў вайсковую форму 1930-х, хлопец запатрабаваў з нас 5 тысяч за паркоўку, а мужык з бэджыкам «Кіраўнік гісторыка-культурнага комплексу» — па 5 тысяч з носа за экскурсію. «А без экскурсіі?» — з надзеяй запыталіся мы. «Без экскурсіі па 2 тысячы… за адзін аб’ект». Выявілася, што аб’ектаў чатыры, і кошт наведваньня адпаведна 8 тысяч з аднаго чалавека. Наш шэф паскроб патыліцу: «Ладна, дзе ў вас каса?» «Няма яшчэ, усё ў стадыі станаўленьня», — весела адказаў гаспадар «Лініі Сталіна».

Выявілася, што няма ні чэкаў, ні квітанцый, ні зьніжак для студэнтаў, што ўсе зборы грошай — гэта дабрачыннасьць. Але й апячатанай для такіх выпадкаў скрыні няма таксама.

Сама лінія здалёк выглядае нішто сабе — новенькая лялечка для кіраўніцтва. Школьнікам сапраўды будзе цікава палазіць па вайсковай тэхніцы. Вось толькі адчуваньня сапраўднасьці не хапае. Усё нейкае новае, пафарбаванае, вылізанае прыкамандзіраванымі вайскоўцамі, якіх і цяпер там багата. Нават узьнікае сумненьне, дзе дот, а дзе яго копія, тут быў акоп ці яго ўчора выкапалі?..

Галоўнае ж расчараваньне — спагнаньне грошай. Вайсковая тэхніка і рабсіла, унікальны ўчастак зямлі, упэўнены, аб’яднаньню афганцаў дасталіся бясплатна. За што ж мы сёньня павінны пераплачваць, ды яшчэ міма касы? Пакрыўджанае наша кіраўніцтва па дарозе дадому складала ліст аб парадках на комплексе ці то ў Адміністрацыю прэзыдэнта, ці то ў Дзяржкантроль. Можа, усё ж паслалі і штосьці раптам зьмянілася да лепшага?

Падвойныя пачуцьці

Проста ў аўтобусе падвялі вынікі практыкі. Калі верыць выступоўцам, то ўсе былі ў захапленьні і ад архітэктуры нашай бацькаўшчыны, і ад рамантычных начовак разам з камарамі. Дыпляматычныя просьбы кіраўніка гаварыць аб недахопах, аб самых цяжкіх, а значыць, і самых запамінальных хвілінах, якія бываюць у любым падарожжы, не змаглі прыпыніць каскад камплімэнтаў і ўзаемных падзяк. Магчыма, баяліся будучага заліку.

Я корпаюся ў сваіх адчуваньнях. Хаос пачуцьцяў. Тая ж узьнёсласьць і прыемная стома. Тое ж перакананьне, што лепей раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Тая ж радасьць адкрыцьця архітэктурных багацьцяў радзімы. Але ж побач і неспакой. Калі цэрквы і касьцёлы знайшлі сваіх сапраўдных гаспадароў, то муры Быхава, Гальшан і Крэва застаюцца «бясхозам». І яны літаральна заклікаюць аб дапамозе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930