Даслаць навіну
Знайсці
25.11.2005 / 13:00

Таямніцы Караткевіча

Я адмыслова прыйшоў да Алеся Марачкіна, каб распытаць пра падрабязнасьці яшчэ адной «таямніцы Караткевіча». Пра яе я пачуў на адкрыцьці Караткевіцкага пленэру пад Воршай. Гутарка наша закранула і іншыя аспэкты жыцьця пісьменьніка.

— Гэта было ў 1984 г., у ліпені. Уладзімер Караткевіч папрасіў нас з Алесем Шатэрнікам зрабіць эскіз помніка на магілу кагосьці зь яго сваякоў. Мы — Караткевіч, Шатэрнік, я — выправіліся на могілкі. Калі вярталіся назад, Караткевіч адвёў мяне ўбок і кажа: «Ты ж ведаеш мой раман «Чорны замак Альшанскі»? Там гаворыцца пра тайнапіс. Дык вось, я табе даю свой тайнапіс. Зашыфраваная ў ім сутнасьць — вельмі важная для мяне і для нас усіх». Ён даў мне паперачку, дзе было напісана наступнае:

«Аляксею Марачкіну

а-3, б-1, в-2, г-2 (загалоўныя), г-1 (у радку), д-3, з-1, е-9, і-3, й-1, к-2, л-2, м-1, н-2, о-2, п-1, р-3, с-1, у-3, ў-1, ц-3, ы-1, ь-1, ю-1, я-1, апостраф-1, кропкі-2, коска-1, працяжнік-1. Складзена 22 чэрвеня 84 году. Тэрмінам на 1 (адзін) год».

Гэтую паперачку я пазьней перадаў Язэпу Янушкевічу, а напісаны на ёй тэкст быў апублікаваны ў маіх успамінах у зборніку «Вобраз-89» (Менск, 1989). Караткевіч тады яшчэ сказаў, што аніводзін кампутар ня зможа расшыфраваць напісанае, пакуль ён сам ня дасьць ключа да шыфру.

— Недзе захоўваецца ключ?

— Ключ можа быць схаваны ў выданьнях ягоных твораў, паводле нумароў старонак ці літар у радках. А мне тады Караткевіч сказаў, што ўвосень, калі вернецца з вандроўкі, і дасьць ключ, тайнапіс будзе расчытаны. 25 ліпеня ён памёр.

— Чаму Караткевіч даверыў свой тайнапіс Вам?

— Слушнае пытаньне. Калі Караткевіч быў маладзейшы, нашыя сьцежкі зь ім не перасякаліся. Потым, падчас адзначэньня стогадовага юбілею Цёткі, неафіцыйна сфармавалася нашая мастацкая суполка (будучая «Пагоня»), туды мы пастаянна яго запрашалі. Вельмі значнай падзеяй стала выстава, прысьвечаная юбілею Гусоўскага ў 1980 г. Кніга водгукаў з выставы была адразу па яе заканчэньні забраная ў КДБ, а падчас перабудовы была перададзена ў Саюз мастакоў. Вось што напісаў у ёй Караткевіч: «Кланяюся нізка ў ногі тым, хто, нягледзячы ні на што, упарта, мужна і мудра пісаў гэтыя карціны, ствараў скульптуры, рабіў гравюры, габэлены, мэдалі і ўсё-ўсё іншае. І тым, хто быў досыць разумны, каб зразумець, як патрэбная гэтая выстаўка нашаму народу і ўсяму славянству, а празь яго — і ўсяму чалавецтву. Тым, хто стварыў гэтую выстаўку, адкрываў яе (...), бо Гусоўскі — адзін з тых кітоў, на якіх трымаецца сусьветная культура, і асэнсаваньне гэтага як найбольшай колькасьцю людзей — важліва, як ніколі. І яшчэ, асэнсаваньне таго, што ён — зямляк наш, што ён пераплываў адзін са мною наш агульны Дняпро. І яшчэ тое, што дзясяткі жанчын і хлапцоў, якія пераплывалі той жа Дняпро або Нёман, Прыпяць, Бярозу, Сож, Вілію ці нейкую зусім безьвядомую рэчку, у працах сваіх асэнсавалі гэтую нашу разам зь ім агульнасьць. А гэта азначае зьяўленьне ў вялікім шэрагу мастакоў нашых такой рэчы, як гістарычнае мысьленьне, без чаго ня можа быць ня толькі паўнацэннага народу, але без чаго непаўнацэнны і варты жалю сам род homo sapiens».

Пасьля гэтага мы з Караткевічам зблізіліся. Ён казаў, што даведаўся пра мяне праз адну з маіх карцін, якую ўбачыў у мастацкім салёне: «Гляджу, а там такі замачак намаляваны, так прыгожа, так хораша. І як убачыў на адваротным баку надпіс па-беларуску, адразу купіў». Я ня раз запрашаў яго да сябе ў майстэрню, на 90-годзьдзе Багдановіча ён быў у мяне ў гасьцях разам з жонкай Валянцінай Браніславаўнай. Паказваў свае малюнкі, а я падарыў яму некалькі сваіх карцін. Яму і іншыя мастакі дарылі свае творы. Ён казаў, што Глебаў падарыў яму галаву каня, але, маўляў, духу не хапіла, каб зрабіць выяву «Пагоні» цалкам.

— Ці гаварылі вы пра незалежнасьць?

— Ён пра незалежнасьць марыў і гаварыць пра яе з намі не баяўся. Караткевіч быў дужа задаволены тым, як я праілюстраваў ягоную аповесьць «Зброя». Я намаляваў Маці-Беларусь у бел-чырвона-белай намітцы, якая, як Рагнеда, стаіць зь мячом, а ўнізе — шчыт з «Пагоняй». На маёй памяці ён ніколі не баяўся выказваць сваёй пазыцыі. Калі ў 1984 у Менску бурылі будынак першага беларускага тэатру, «Майстроўня» выйшла да яго з плякатамі, а мы з Куліком пабеглі тэлефанаваць Караткевічу. Ён, як пачуў, кажа: «Апранаюся і таксама іду». Вельмі шкадаваў, што мы раней яму не патэлефанавалі, казаў, што зьвязаўся б з сакратаром ЦК КПБ Кузьміным ды спыніў бы варварства. Выказваньняў супраць партыі і тагачаснай улады ад Караткевіча я ня чуў, але ў партыю ён не ўступаў і дазваляў сабе быць адкрытым і вольным. Вось і раман хацеў напісаць пра, як ён казаў, «апошняга бандыта Беларусі».

— Якога бандыта?

— Слова «бандыт» мусіць быць у дзвюкосьсях, бо гэта быў сапраўдны беларускі патрыёт з Гарадзеншчыны. Разам з нацыянальна сьвядомымі хлопцамі ён быў у партызанах, змагаўся зь немцамі. Калі немцы ўцяклі, яны выйшлі зь лесу. А ў вёсцы — «калхозы» ды фінагенты. Гэты чалавек і кажа: «Хлопцы, мы рана выйшлі зь лесу! Пайшлі назад». Яны яшчэ гады з два наводзілі страх на ўладу. Урэшце іх акружылі і пабралі. Хлопца саслалі ў Сібір да канца жыцьця, але падчас «адлігі» ён адтуль вярнуўся ў Беларусь. Так апавядаў Караткевіч, ён ведаў гэтага чалавека, нават называў ягонае прозьвішча. Але я цяпер, на жаль, памятаю пра гэтага чалавека толькі тое, што ён працаваў на дрэваапрацоўчым камбінаце ў Гомелі. Можа, ён і цяпер яшчэ жывы.

Запісаў Віктар Сьцяпанаў

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30