Даслаць навіну
Знайсці
25.11.2005 / 13:00

Шэсьць розных свабодаў

«89 мм» — нямецкi погляд на беларускую моладзь. У Бэрліне на прэм’еры прысутнічаў Алесь Кудрыцкі.

«Кiно-кракадзіл» — невялiчкая заля ў бэрлiнскiм раёне Прэнцлаўэр-Бэрг. Яна задумвалася як месца для паказу расейскiх фiльмаў, таму фае мае адпаведны антураж: выстава сацрэалiстычных фота з Кёнігсбэргу, гранёныя шклянкi ў бары, гарбата бяз цукру ды піва «Сiбiрская карона» на палiцах. Праўда, зь цягам часу кiнатэатар пашырыў профiль і паказвае фiльмы з усяе Ўсходняй Эўропы. Апошнi тыдзень у «Кiно-кракадзіл» можна сьмела назваць беларускiм — штовечар тут паказваюць стужку «89 мiлiмэтраў» 26-гадовага рэжысэра Сэбасьцяна Хайнцэля.

Месцаў у залi няшмат, каля паўсотнi, i ўсе занятыя. Выпадковых людзей тут, бадай, няма — гэта цi беларусы, якiх занесла нейкiм ветрам у Бэрлiн, цi немцы, якiх у свой час нейкiм ветрам занесла ў Беларусь.

«На папярэднiм паказе глядачка са Славаччыны з упэўненасьцю казала, што Беларусь мяжуе зь яе краiнай, — прамаўляе да залi мэнэджар кiнатэатру. — Гэта шмат гаворыць пра вядомасьць Беларусi ў Эўропе». «Хутчэй гэта гаворыць пра абазнанасьць той славачкi, — парыруе Штэфан Клаос, прадусэр фiльму.

Фiльм пачынаецца. На экране пералiваюцца чыгуначныя рэйкi. У Берасьці — замена колаў. Каляiна ў Беларусi на 89 мм шырэйшая за эўрапейскую. Заля замiрае — для многiх гледачоў гэта дужа знаёмая карцiна. Яшчэ ня раз будуць немцы з патаемным гонарам шаптаць на вуха сваiм суседзям: «А ў гэтым раёне я жыў! А тут пiў пiва!» Калi на экране пачнуць зьяўляцца знаёмыя iм менскiя краявiды.

Фiльм пабудаваны на дыялёгах шасьцi герояў — маладых беларусаў ды беларусак. Яны не супрацьпастаўляюцца i не дапаўняюць адзiн аднаго, а дзiўным чынам пераплятаюцца. Сьпярша здаецца, што героi не сутыкаюцца адзiн з адным, але потым робiцца зразумела — усе яны iснуюць поруч. I гэта робіцца сюрпрызам ня толькi для гледача, але i для iх самiх.

Павал працуе маляром — фарбуе сьцены дому на вулiцы, паўзь якую неўзабаве будзе ехаць прэзыдэнцкi картэж. Павал адсядзеў тры гады ў турме за кватэрныя крадзяжы, але ён зусiм не выглядае на крымiнальнiка. Павал удумлiвы i спакойны, ён цэнiць кожнае iмгненьне свабоды.

Аляксандар — зубровец. Ён параўноўвае сваё жыцьцё з «матрыцай», дзе кожны прахожы можа ператварыцца ў мiлiцыянта. Ён прагне свабоды i гатовы за яе змагацца.

Людмiла — студэнтка журфаку, супрацоўніца закрытай газэты. Яна пасьмейваецца з зуброўцаў i палiць цыгарэты там, дзе гэта забаронена. Яна дыхае свабодай i разам з тым востра адчувае яе недахоп.

Слава — сын палiтычнага ўцекача. Ягоны бацька быў адказны за выдачу «расстрэльнага пiсталета». Слава разрываецца памiж Нямеччынай, дзе жывуць яго бацькi, i Беларусьсю, дзе жыве каханая. Ён жадае, каб Лукашэнка сышоў i людзi атрымалi мачымасьць па-людзку зарабляць, а не ператварацца ў дэгенэратаў.

Iгар — тыповы беларус, якому ўсё добра, якi нi пра што ня ведае, але ва ўсiм па-свойму разьбiраецца. Ягоная душа расчынена насьцеж, але здагадацца, што адбываецца ў яго сэрцы, немагчыма. Кадар, дзе Iгар вядзе гутарку з рэжысэрам, пiльнуючы качак руляй стрэльбы, увогуле мае ўсе шанцы зрабiцца хрэстаматыйным прыкладам адлюстраваньня беларускай душы ў кiно.

Вольга марыць пра вялiкую сцэну, але пакуль што свой талент яна рэалiзуе ў стрыптыз-клюбе. Яна з усiх сiл iмкнецца вырвацца на сьвятло сапраўднага мастацтва, але зноў церпiць няўдачу i абяцае зьехаць з гэтай краiны, калi ў яе жыцьцi нiчога ня зьменiцца. «Свабода? Яна бывае толькi ў сьне».

У словах герояў амаль не прасочваецца думка пра тое, што ў Беларусi найперш зьнiшчаецца культура. Хiба што Аляксандар абмовiўся пра гэта, дый тое, для яго палiтычнае змаганьне на першым месцы. Можа, таму, што героi амаль не заўважаюць культурнага генацыду, яны i ня могуць адшукаць сапраўднай свабоды ў багнiстым хаосе беларускай сучаснасьцi?

У фiльме п’юць — з чарак i са шклянак, у фiльме страляюць — са стрэльбаў ды дубальтовак. У фiльме ёсьць каханьне i злосьць, адчай i радасьць. Няма ў iм хiба што сьмерцi. Дый дзе ж ёй быць, калi гэта стужка пра моладзь, няхай і пра тую, якая жыве пад шэрым небам краiны, дзе нават чыгуначныя рэйкi маюць неэўрапейскi памер.

Дзёрзкасьць гарады бярэ: як здымаўся фiльм

Праблем з дазволамi здымачная каманда ня мела — афіцыйна здымачная група прыехала рабiць рэпартаж пра харэаграфiчны конкурс, а матэрыялу хапiла на цэлы фiльм.

Рэжысэр працаваў без сцэнара, «каб ня мець над сабой вартавога сабакі». У першы ж дзень да каманды падышла міліцыя і забаранiла здымаць у цэнтры Менску. Таму пасьля, калi да каманды Сэбасьцяна Хайнцэля падыходзiлi ахоўнкi парадку, даводзiлася прадстаўляцца студэнтамi-архiтэктарамi, якiя робяць дыплёмную працу пра сталiнскi стыль сталiчных будынкаў. Асаблiва дапамагала тое, што апэратар валодае расейскай мовай, таму мiлiцыянтам заўсёды можна было загаварыць зубы. «Дзёрзкасьць гарады бярэ», — кажа С.Хайнцэль.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30