Даслаць навіну
Знайсці
25.11.2005 / 13:00

Тут быў блюз

Тры гады старшыня менскага блюзавага «Стар-клюбу» Генадзь Старыкаў анансаваў чарговы фэстываль «Блюз жыве ў Менску». І вось нарэшце ён адбыўся. Але пры гэтым пакінуў больш неўразуменьня, чым асалоды.

Здавалася б, трох гадоў было дастаткова для таго, каб да рэанімаваньня фэстывалю падрыхтавацца як сьлед. Тым больш што аншляг у канцэртнай залі «Менск» сьведчыў: менская публіка па блюзе засумавала. Але дзіўная рэч — склалася ўражаньне, што фэстываль быццам выцягнулі з савецкіх часоў, а за прапушчаныя тры гады ў беларускім блюзе амаль нічога не зьмянілася.

Безумоўна, шараговыя аматары блюзу адкрылі для сябе трыё «White Night Blues» зь Бялыніч. Яно хоць і выступіла па-аматарску, але засьведчыла пра заслужанае лідэрства гітарыста Юр’я Несьцярэнкі. Значна лепш, чым на дэма-запісах, паказалася група «Technic Sun Blues» з Горадні. Менская група «40+» прадставіла ня столькі арыгінальны рэпэртуар, колькі вельмі ўпэўненую тэхніку выкананьня. Усе гэтыя тры калектывы, як і «Боўлінг джэк», былі з шэрагу новых імёнаў і не расчаравалі.

Але вось другое аддзяленьне канцэрту выклікала, прынамсі ў мяне, нейкі неспакой. Аніякіх прэтэнзій да «Мадэра-гард-блюз» няма: калектыў сыграны, кожны музыка разумее калегу з паўслова, а таму «Мадэра» сёньня — гэта фірмовая блюзавая «фішка» з трывалай гарантыяй. А група «Blues Street»… Толькі пазьней стала вядома, што асноўны вакаліст захварэў, што ў выканаўцы на пэркусіі былі нейкія сямейныя справы. А ў выніку, выступаючы на блюзавым фэстывалі, калектыў пасьпяхова здолеў пазьбегнуць выкананьня нават адной уласна блюзавай тэмы. Навошта выходзіць на сцэну менавіта на такім фэстывалі?!

Не зьявілася на сцэне разрэклямаваная група «Apple Tea». У такіх выпадках гледачы, якія прыйшлі паслухаць калектыў, могуць сьмела зьвяртацца ў суд з нагоды несумленнай рэклямы.

Трэцяе аддзяленьне. Чэргі да бараў сьведчылі: слухаць было мала чаго. Воклічы з залі «Давай другое аддзяленьне!» пацьвярджалі гэта. І прычынай зрабіўся сам Генадзь Старыкаў. Падчас ягонага выступленьня было поўнае адчуваньне таго, што слухачоў запрасілі ў падарожжа ў савецкае эстраднае мінулае. Выдатныя, але яўна не сыграныя разам музыканты, памкненьне зрабіць шоў у стылістыцы таннага кабачка, бэк-вакал, які тырчаў на сцэне, нібы доўбня на лёдзе. І што гэта за інфантыльны прымітыў — песьня, прысьвечаная ахвярам урагану «Катрына»? Было такое адчуваньне, што ня тры гады мінула з апошняга фэстывалю, а ўсе трыццаць.

Ну і быў спэцыяльна запрошаны госьць — Мікалай Аруцюнаў. Прыехаць, прасьпяваць вельмі будзённа некалькі папулярных блюзавых шлягераў — вялікага майстэрства ня трэба. Аруцюнаў і ня ўразіў, і ня ўзрадаваў. Адно што аддзячыў, назваўшы зборную Беларусі па блюзе «Беларускай «Лігай блюзу».

Цягам пяці апошніх гадоў дзьве беларускія групы выйгралі міжнародны блюзавы конкурс у польскай Раве-Мазавецкай. Але ні менскага квартэту «Svet Boogie Band», які рэгулярна выступае ў найлепшых маскоўскіх клюбах, ні «Al Narrator Orchestra» з Гомелю, музыкі якога нарабілі шуму на апошніх «Zaduszkach bluesowych» у Беластоку, гэтым разам на радзіме так і не пачулі. Прычын ня ведаю, але сам па сабе факт — даволі скандальны: найлепшым маладым музыкантам ходу не далі. Іх блюз у Менску памёр…

P.S. На канцэрце не было аніякай акрэдытацыі журналістаў. Хацелі прадаць больш білетаў?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30