Даслаць навіну
Знайсці
25.11.2005 / 13:00

Атавізм

Сход «альтэрнатыўных пісьменьнікаў» Беларусі ўвойдзе ў гісторыю тым, што інжынэраў чалавечых душ у Палацы прафсаюзаў ахоўваў спэцназ. Лепшы піяр арганізатары наўрад ці маглі прыдумаць.

Улады важнасьці гістарычнай падзеі не ацанілі. Ні кіраўнік дзяржавы, ні прэм’ер-міністар, ні хтосьці іншы з кіраўніцтва прысутнасьцю альтэрнатыўшчыкаў не ўганараваў. Праўда, А.Лукашэнка падчас паездкі па Шклоўшчыне зрабіў заяву, якую можна лічыць пасланьнем беларускім пісьменьнікам. Ён заклікаў не пакідаць мовы расейскай, якая «стваралася ўсімі народамі СССР».

Наагул падзея і не заслугоўвала б сур’ёзнай увагі, калі б не адна рэч. Чаму з усіх творчых саюзаў, заснаваных у БССР, менавіта пісьменьніцкая арганізацыя стала першай ахвярай дэканструкцыі з боку ўладаў?

Страціць усё

Пры канцы 1980-х рэвалюцыйныя зьмены найперш адбіліся на… Саюзе кінэматаграфістаў БССР. Менавіта ў Чырвоным касьцёле, дзе тады месьціўся Дом кіно, адбыўся ўстаноўчы сход «Мартыралёгу Беларусі» — арганізацыі, якая стала прадвесьнікам утварэньня БНФ. Менавіта ў Доме кіно пры актыўным удзеле кінэматаграфістаў, у тым ліку сакратароў тагачаснага Саюзу, упершыню прагучала праўда аб разгоне мірнай дэманстрацыі ў Курапатах, а газэта Саюзу пісьменьнікаў «Літаратура і мастацтва» надрукавала артыкул З.Пазьняка «Дарога на Курапаты», дзе былі апублікаваны факты аб масавых забойствах НКВД.

З таго моманту ні Саюз кінэматаграфістаў, ні Саюз кампазытараў, ні іншыя творчыя саюзы, у адрозьненьне ад аналягічных саюзаў балтыйскіх краін, нічым асаблівым не вызначаліся ў змаганьні за свабоду слова, сувэрэнітэт, мову й культуру. Тут ішла больш-менш актыўная барацьба за пасады ў кіраўніцтве. Дый творчыя саюзы ў былых саюзных рэспубліках ствараліся не дзеля абароны свабоды слова, нацыянальнай культуры ці сяброў гэтых арганізацый.

Але Саюз беларускіх пісьменьнікаў, нягледзячы на ўсе спробы прыстасавацца да новай улады, страціў усё — у тым ліку Дом літаратара, які належаў пісьменьнікам па праве. Гвалтоўная экспрапрыяцыя Дому сталася канцом эпохі надзей і ілюзій. Сход пісьменьнікаў-альтэрнатыўшчыкаў на чале з майстрам дэтэктыўнага жанру М.Чаргінцом стаў усяго толькі пасьляслоўем да драмы.

Сынэкура для інтэлігенцыі

Саюз пісьменьнікаў СССР паўстаў у выніку поўнай перамогі сацыялізму — з умацаваньнем улады Сталіна ды зьнішчэньнем сялянства як клясы. Стварэньне саюзу азначала канчатковае задушэньне свабоды слова й забарону іншых пісьменьніцкіх аб’яднаньняў. Зразумела, што рэспубліканскія арганізацыі будаваліся ня проста паводле маскоўскага ўзору. Яны былі складовай часткай мэханізму, створанага для таго, каб кантраляваць інжынэраў чалавечых душ, і пабудаванага ў адпаведнасьці са строгай герархіяй.

Літаратура народаў СССР была, як вядома, самай перадавой літаратурай у сьвеце. Але ўнутры гэтай літаратуры заўсёды існавала самая лепшая літаратура — расейская. Адпаведна гэтаму, сакратары СП СССР лічыліся генэраламі савецкай літаратуры, а сакратары рэспубліканскіх СП — у найлепшым выпадку малодшымі афіцэрамі. Праўда, ляўрэатамі Сталінскай прэміі станавіліся часам прадстаўнікі нацыянальных літаратур — у тым ліку і беларускай. Аднак прэміі ў кожным выпадку прысуджаліся не за ўклад у разьвіцьцё нацыянальнай літаратуры ці мовы, а за выдатныя заслугі ў праслаўленьні камуністычнай партыі ды ейных правадыроў.

З другога боку, сакратарства ў СП давала гарантаваны доступ ня толькі да матэрыяльных дабротаў у выглядзе кватэраў, пуцёвак у прэстыжныя дамы творчасьці, паездак за мяжу і да т.п., але й да вечнасьці. Гэта значыць, што сакратары паводле няпісаных правілаў мелі права на пэўную колькасьць выданьняў і перавыданьняў сваіх збораў твораў (калі яны ўвогуле ў іх былі).

Вышэйшая каста

Працэс дэгенэрацыі літаратуры на вышэйшым узроўні зайшоў значна далей, чым у рэспубліках. Як бы ні ставіліся да творчасьці кіраўнікоў СП БССР П.Броўкі, І.Шамякіна, М.Танка, яны былі пісьменьнікамі. А вось імя аднаго з апошніх кіраўнікоў СП СССР, ляўрэата ўсіх магчымых прэмій Георгія Маркава наўрад хто сёньня памятае. Можна сьмела сьцьвярджаць, што творы Шамякіна карысталіся большай папулярнасьцю ў СССР, чым шэрыя раманы Маркава. Але сказанае не азначае, што творчая атмасфэра ў беларускім Саюзе пісьменьнікаў была лепшая, чым ў іншых саюзах. Тыя ж творы Васіля Быкава іншым разам лягчэй было надрукаваць у Маскве. Апроч таго, сходы пісьменьнікаў лёгка ператвараліся ў сродак расправы над калегамі-іншадумцамі.

Зразумела, літаратараў нельга было прымусіць да ляяльнасьці толькі цкаваньнем ды пагрозамі рэпрэсій. Былі й тыя самыя даброты, якія разьмяркоўвалі сакратары з дапамогай Літфонду. Былі ня толькі дамы творчасьці, розныя льготы ды свая паліклініка. Калі ў СССР стала кепска з харчам, зьявілася магчымасць раз на тыдзень купіць у Доме літаратара набор дэфіцытных прадуктаў — курыцу, пачак грэчкі ды палку «мокрай» кілбасы. Колькасьць сяброў саюзу расла неймавернымі тэмпамі й пры канцы саветаў дасягнула некалькіх сотняў. Але візытоўкай пісьменьніка зьяўляюцца яго кнігі, а не наяўнасьць білета сябра СП.

У Беларусі ж, нягледзячы на гістарычныя зьмены апошняга часу, фармальная прыналежнасьць да творчага саюзу працягвае ўспрымацца як прыналежнасьць да вышэйшай касты, клану абраных. Для людзей сталага веку сяброўства ў СП — шматгадовая звычка. Але ёсьць нямала маладых людзей, якія мараць сёньня пра тое, каб іх прынялі ў саюз. Некаторых можа задаволіць і ПЭН-цэнтар. Адзін знаёмы паэт — вясёлы чалавек, абсалютна далёкі ад савецкіх літаратурных традыцый, нефармал — на поўным сур’ёзе прасіў мяне пазнаёміць яго з кім-небудзь з кіраўніцтва Беларускага ПЭН-цэнтру, каб папрасіць грошай на жыцьцё — пару штук баксаў. Спробы пераканаць паэта, што арганізацыя сама гібее праз адсутнасьць сродкаў, а яе кіраўнікі не атрымліваюць зарплаты, паэта не пераканалі. На ягоную думку, ня можа быць, каб у пісьменьніцкай арганізацыі, якая мае сувязі за мяжой, не было вялікіх грошай.

Не апошнія сярод роўных

Усё гаворыць аб тым, што ў Беларусі захавалася ранейшая, сфармаваная за камуністычнымі часамі структура грамадзтва. Няма вёскі, хоць сельская гаспадарка абвешчана прыярытэтам грамадзкага разьвіцьця. Няма гораду, бо большасьць гарадзкіх насельнікаў — учарашнія вяскоўцы, якія ўсё яшчэ пупавінай павязаны зь вёскай, роднай хатай, бацькамі, сваім прысядзібным участкам, якія ня ведаюць, у чым палягаюць каштоўнасьці гарадзкой цывілізацыі. Няма сярэдняй прадпрымальніцкай клясы. Няма й буйных прадпрымальнікаў, а ёсьць проста купка нуварышаў, у рознай ступені набліжаных да ўлады. Няма інтэлігенцыі, бо годна пражыць на сёньняшнюю зарплату бібліятэкара, музэйнага супрацоўніка, журналіста (калі ён працуе не на БТ альбо ў «СБ») немагчыма. Гаварыць пра так званы трэці сэктар, а тым больш пра грамадзкую супольнасьць у такіх умовах не даводзіцца. Тым ня менш, у кожнага чалавека, тым больш маладога, ёсьць патрэба ў самапавазе, самаідэнтыфікацыі.

На вялікі жаль, пісьменьніцкая прафэсія па-ранейшаму ўспрымаецца многімі сучасьнікамі не як нармальная прафэсія, якая патрабуе здольнасьцяў, інтэлекту, цяжкай самаахвярнай працы, а як нейкая прэстыжная ніша, дзе можна адносна бязьбедна ўладкавацца, ня будучы кімсьці і чымсьці, не адказваць за сваю творчасьць ні перад чытачамі, ні перад мінулымі й будучымі пакаленьнямі. Пісьменьнік не начальнік, вядома, але й не апошні сярод роўных. Пры гэтым ён можа нават не ўсьведамляць сябе беларускім пісьменьнікам, ня ведаць беларускай мовы й літаратуры, не цікавіцца імі. Можа карыстацца расейскай мовай, але ня ведаць ні расейскай літаратуры, ні тых працэсаў, што ў ёй адбываюцца. Галоўнымі якасьцямі сучаснага «альтэрнатыўнага» беларускага літаратара застаюцца дзьве — пыха й комплекс непаўнавартасьці. Першае вынікае з другога.

А як жа ня быць таму комплексу, калі ён аб’ектыўна мусіў узьнікнуць. Гэта комплекс правінцыйнасьці. Літаратар, які сёньня жыве ў Беларусі і піша па-расейску, павінен сябе адчуваць альбо расейскім пісьменьнікам — і гэта можна лічыць адносна нармальнай сытуацыяй, — альбо расейскамоўным беларускім пісьменьнікам. А ў гэтым ужо ёсьць нешта вычварэнскае. Творчасьць такога літаратара заўсёды будзе лічыцца творчасьцю другога гатунку ў «мэтраполіі» (калі лічыць па-старому літаратурнай мэтраполіяй Маскву). Але такая творчасьць заўсёды будзе маргінальнай і ў Беларусі. Пісаць чужаземнай мовай пра ўласную краіну і ўласныя, хай сабе самыя высокія, пачуцьці — значыць адчуваць сябе ў найлепшым выпадку іншаземцам. У найгоршым — акупантам.

Сустрэнемся на барыкадах?

Але й гэта можна было б лічыць усяго толькі маральнай праблемай беларускіх пісьменьнікаў, якія пішуць па-расейску. Ну, пішуць і пішуць. Чамусьці толькі на кніжных кірмашах і развалах, дзе пераважае, вядома, прадукцыя расейскіх выдавецтваў, кніг альтэрнатыўных беларускіх пісьменьнікаў на расейскай мове вы ня знойдзеце. У гэтым і справа. Альтэрнатыўныя хочуць, каб іх кнігі, якія сёньня не чытаюць, прымусілі чытаць. Каб іх творы ўключалі ў абавязковым парадку ў хрэстаматыі (толькі вось не зусім ясна — у хрэстаматыі якой літаратуры?). Так, як сёньня прымушаюць падпісвацца на дзяржаўную прэсу.

Усё гэта ўжо было. У тым ліку і шматтомныя зборы твораў клясыкаў савецкай літаратуры, выдадзеныя мільённымі накладамі на крайдаванай паперы. Яны хутка знаходзілі сваё месца ў макулятуры. У абмен жа на макулятуру можна было купіць што-небудзь значна цікавейшае.

Але самае галоўнае — расейскамоўныя і некаторыя беларускамоўныя літаратары, якія прысягаюць на вернасьць уладзе, разьлічваючы праз гэта атрымаць нейкія прывілеі, павінны разумець, што іхны заўтрашні дабрабыт будзе пабудаваны на разбурэньні беларускай культуры, дыскрымінацыі беларускай мовы. Менавіта з гэтай мэтай яны былі пакліканы пад сьцягі альтэрнатыўнага саюзу пісьменьнікаў.

Калі побач з вамі бандзюкі зьбіваюць у кроў бездапаможнага чалавека, вы можаце, канечне, радавацца, што зьбіваюць ня вас, а кагосьці іншага. А калі гэты чалавек вам чамусьці быў недаспадобы, дык вы можаце думаць самі сабе: так табе й трэба! Але ўслых гаварыць такое не прынята. Гэта ўсё яшчэ лічыцца сорамам у прыстойным грамадзтве. А калі зьнішчаецца й пляжыцца беларуская мова й культура, калі зачыняецца адзіны ў краіне Беларускі ліцэй, закрываюцца незалежныя беларускія выданьні, гэта лічыцца цалкам нармальнай і нават радаснай падзеяй. Так што пытацца сёньня: «З кім вы, майстры культуры?» — няма сэнсу. Сёньняшнія майстры альтэрнатыўнае культуры адразу ясна далі зразумець, на якім яны баку барыкад.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30