Даслаць навіну
Знайсці
25.11.2005 / 13:00

Рыхтуймася да маразоў

Дзевяць спосабаў умацаваньня імунітэту.

Чаму адных з нас хваробы абыходзяць бокам, а іншыя не вылазяць з прастуды й грыпу? Дактары сьцьвярджаюць: рэч у кволым імунітэце. За гэтым словам стаіць шэраг органаў ды клетак, такіх, як тымус, селязёнка, касьцявы мозг, лімфатычныя вузлы ды процьма лімфоідных фалікулаў. Апошнія раскіданы па ўсім арганізьме й самааддана ахоўваюць нас ад бактэрый, вірусаў, грыбоў і нават пухлін. Ператамленьне, паленьне, алькаголь, салодкае, нястача сну й гіпадынамія істотна зьніжаюць імунітэт. А ў пэрыяд пахаладаньняў, калі сонца ўсё радзей зазірае ў нашы акенцы, ён можа канчаткова здацца. Ніжэй будзе весьціся гаворка пра тое, як абараніць аслабленага абаронцу.

1. Агульнаўмацавальныя й вітамінізаваныя ванны

На дно рондаля пакладзіце: кветкі рамонку, галінкі абляпіхі (разам зь лісьцем), лісьце бярозы, траву хвашчу палявога, чыстацел, лісьце або карэньне лопуху, траву драсёну птушынага. Калі пары інгрэдыентаў ня знойдзеце — ня страшна. Агульная маса сухое сумесі — 300—500 г.

Для тых, хто мае лецішчы, няцяжка будзе падрыхтаваць і такі вітамінізаваны збор: па адной частцы лісьця брусьніц ды маліны й па тры часткі абляпіхі ды парэчкі, пладоў ды лісьця рабіны й шыпшыны. Заліце ўсё вадой, на марудным агні давядзіце да кіпеньня, працадзіце, адвар дабаўце ў ванну з вадой (тэмпэратура да 35—37о С). Па прыняцьці ванны кладзіцеся спаць.

2. Кантрастныя ванначкі для ног

Адчуўшы першыя прыметы недамаганьня, наліце два тазы з вадой рознае тэмпэратуры — даволі цёплай і халаднаватай (не халоднай!). Па чарзе апускайце ступні спачатку ў цёплую (5 хв.), затым — у халаднаватую (1 хв.). Паўтараць 5—7 разоў. Па сканчаньні пажадана выпіць кубак гарачае гарбаты й легчы ў ложак.

Гэтая працэдура добра трэніруе сасуды ног і дапамагае адужаць інфэкцыю. Цудоўна прыдатная для дзяцей.

3. Прыродныя лекі

Неабходна загадзя рыхтавацца да эпідэміі й стымуляваць імунітэт у міжэпідэмічны пэрыяд. Сярод прыродных лекавых сродкаў выкарыстоўваюць прэпараты расьліннага, жывёльнага й мікрабіялягічнага паходжаньня.

Сярод прэпаратаў расьліннага паходжаньня самыя дзейсныя — настойкі жэньшэню, эхінацэі, кітайскага лімоньніку, элеўтэракоку, заманіхі, лякрыцы, радыёлі ружовай, араліі маньчжурскай. Прымаюцца па адной кроплі на год жыцьця. Курс — 2—3 тыдні.

Апроч стымуляцыі імунітэту, прэпараты гэтае групы павышаюць артэрыяльны ціск у гіпатонікаў, паляпшаюць апэтыт ды патэнцыю ў мужчын (ня болей за два тыдні прыёму!).

Прэпараты не прызначаюцца: людзям з сутаргавымі праявамі, эпілептыкам, гіпэртонікам, пры нэрвовым узбуджэньні.

Прэпараты жывёльнага паходжаньня: «Хітазан», «Апіляк» (пчалінае малачко), «Пантакрын» (вырабляецца з аленевых рагоў), «Каралеўскае жэле». Выпускаюцца ў таблетках, рэктальных сьвечах, мазях. Валодаюць мноствам гаючых якасьцяў. Акрамя стымуляваньня імунітэту, прызначаюць пры расстройстве харчаваньня, нястачы малака ў кормячых маці, пры дэпрэсіях, па перанясеньні цяжкіх захворваньняў.

Дарослым прызначаецца па адной таблетцы (0,01 г) пад язык тры разы на суткі цягам 2—3-х тыдняў. Прэпараты гэтае групы валодаюць і радыяахоўным дзеяньнем.

Прэпараты мікрабіялягічнага паходжаньня: IRS-19, рыбамуніл, лікапід. Рэкамэндуецца прымаць два разы на год у міжэпідэміяльны пэрыяд. Яны ня маюць пабочных эфэктаў і вельмі эфэктыўныя. Адзіная хіба — кошт. Прыкладам, курс лікапіду для дарослых (10 таблетак) будзе каштаваць пад сорак даляраў.

Варта памятаць, што пералічаныя прыродныя сродкі пры працяглым ужываньні могуць прывесьці да заўчаснага палавога высьпяваньня ў дзяцей. Таму абавязкова пракансультуйцеся з урачом адносна дозаў і тэрмінаў, ужывайце прэпараты не часьцей як два разы на год.

4. Дапамога міндалінам

Павялічыць імунную ахову паднябенных міндалін — асабліва тым, хто часта хварэе на ангіну, — дапамогуць штодзённыя ранішнія й вячэрнія паласканьні горла слабым растворам марской солі (адна чайная лыжка на шклянку гатаванай вады, ахалоджанай да пакаёвай тэмпэратуры).

5. Харчуймася правільна

Зьвярніце ўвагу на сваё харчаваньне. Ужывайце ў ежу болей садавіны й гародніны. Кефір зьмяшчае бактэрыі, што павышаюць мясцовы імунітэт сьлізістай абалонкі страўніка й кішэчніка. Як выявілі дасьледаваньні ў каліфарнійскім Інстытуце Дэвіса, прадукты, што выдзяляюцца гэтымі бактэрыямі, стымулююць выпрацоўку інтэрфэрону — бялку, які бярэ ўдзел у зьнішчэньні вірусаў. А ў яблыках ёсьць рэчывы, неабходныя для хуткасьці й дакладнасьці працяканьня імунных рэакцый, — вітаміны B і C, марганец і медзь, а таксама фітанцыды — рэчывы, што валодаюць процівірусным дзеяньнем. Што можа быць прасьцей: шклянка кефіру зранку й адзін яблык на дзень — вось доза прафіляктычнага «лякарства».

6. Беражыся пераахаладжэньня

Вядома, што лягчэй за ўсё пераахаладжаюцца ногі. І ў тых, хто перасоўваецца пешкі, і ў тых, хто езьдзіць на аўто (самае халоднае месца — паміж прыборнай панэльлю і падлогай). Адзявайце дзьве пары цёплых шкарпэтак. Хітруйце — адзявайце дзьве пары звычайных і адну здымайце на працы. Перад тым, як надзяваць шкарпэткі, можна намазаць пяты і ўзвышэньні перад пальцамі ступняў тонкім слоем фінальгону, які некалькі гадзін будзе грэць падэшвы, засьцерагаючы ногі ад пераахаладжэньня.

7. Адэкватная фізычная нагрузка

У выхадныя не сядзіце дома — як мага болей хадзіце пешшу. Нашаму арганізму неабходныя хаця б 1—1,5 гадзіны актыўных рухаў 3—4 разы на тыдзень. Працяглая нагрузка на вялікія групы мышцаў актывізуе аэробныя працэсы ў арганізьме, плёнам чаго ёсьць умацаваньне імунітэту.

8. Усходні спосаб

Усходняя мэдыцына лічыць, што прычына захворваньняў — у парушэньні нармальнага абарачэньня паветрана-крывяной энэргіі па 12 унутраных органах (мэрыдыянах) у арганізьме чалавека. Пры гэтым пункты, дзе найчасьцей захрасае плынь энэргіі, зьяўляюцца актыўнымі — «энэргетычнымі» — кропкамі ўзьдзеяньня. Калі ў нашым арганізьме ўзьнікае парушэньне, у адпаведных кропках узьдзеяньня ўзьнікаюць паталягічныя зьмены й застой, што патрабуе масажу гэтых кропак да поўнага расслабленьня. Выконваць яго трэба тры разы на дзень, робячы па дзевяць вярчальных рухаў па гадзіньнікавай стрэлцы і столькі ж — супраць яе, зь лёгкім націсканьнем. Парныя кропкі варта масіраваць дзьвюма рукамі адначасова.

Кропкі для масажу:

— на лбе, у сярэдзіне мяжы росту валасоў;

— проста пасярэдзіне пераносься;

— на ўнутраных канцах броваў;

— абапал крылаў носа;

— у ямцы за смочкападобным адросткам скроневай косьці (намацваецца ззаду і ніжэй ад мочак вушэй);

— у патылічнай ямцы — проста пасярэдзіне мяжы росту валасоў;

— проста над асьцістым адросткам сёмага шыйнага пазванка (той, які найболей выступае);

— у ямцы паміж ключыцамі.

9. Народны мэтад

Ня трэба грэбаваць бабульчынымі парадамі. Лекавыя расьліны цудоўна ўмацоўваюць імунітэт. Згатуйце сабе танізуючую гарбату. Для гэтага зьмяшайце пароўну плады шыпшыны, каліны, мэлісу й шалфэй. Заліце ўсё кіпнем і дайце настаяцца ў тэрмасе цягам дзьвюх гадзін. Затым працадзіце, дадайце пару кропляў абляпіхавага алею й мёд на смак. Піце два разы на дзень. Найлепей — зранку й перад сном.

Калі вы часьцяком прастуджваецеся, працягла хварэеце болей за чатыры разы на год, пакутуеце на алергіі, хранічныя захворваньні з частымі абвастрэньнямі, раім неадкладна наведаць імуноляга й зрабіць імунаграму ў лякарнях ды кансультацыйна-дыягнастычных цэнтрах Менску ці буйных гарадоў па месцы жыхарства. Тут вам падбяруць неабходны імунамадулятар і патрэбную дозу прэпарату.

Няхай хвароба пройдзе бокам. Не хварэйце!

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30