Знайсці
25.11.2005 / 13:00РусŁacБел

Зьеў — і парадак

Сярод заснавальнікаў Саюзу пісьменьнікаў Беларусі — ніводнай знакавай постаці беларускай літаратуры. Калі ў 1934 годзе ствараўся Саюз пісьменьнікаў, там былі ўсе лідэры літаратуры. Купала, Колас, усе, хто быў, яшчэ — на свабодзе. Калі ў 2005 годзе ўлада вырашыла стварыць Саюз пісьменьнікаў, верных Лукашэнку, на зьезд сабраліся 125 асобаў, зь якіх толькі 53 сябры з шасьцісоценнае грамады Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Сярод іх ніводнага народнага пісьменьніка Беларусі, ніводнага вэтэрана вайны з шэрагаў СБП. А яшчэ кажуць, што надыходзяць сталінскія часы… Час ня той і сьвет ня той.

Зьезд манкіравалі ўсе, каго можна лічыць знакавымі постацямі нашай літаратуры, — ня толькі тыя, хто адкрыта дэкляруе сваю апазыцыю, але і Іван Пташнікаў, Іван Навуменка. У зьзяючую пазалотай залю сабраліся амаль выключна людзі «пры пасадах». Такі ўхілізм азначае перадусім, што ў пісьменьніцкім асяродзьдзі мала хто верыць у даўгавечнасьць лукашэнкаўскага рэжыму.

Стварэньне СПБ адбывалася ня толькі ў вузкім коле, але і замкнёна. Пільнай вонкавай аховай дзея 18 лістапада нагадвала не 1934-ты, а 1944-ты, калі нешматлікія калябаранты абавязаныя былі зьбірацца на ідэалягічныя спэктаклі ўладаў.

Старшыня аргкамітэту новаўтворанай арганізацыі сэнатар Мікалай Чаргінец з трыбуны асудзіў Саюз беларускіх пісьменьнікаў, які ператварыўся ў «непрымірымую апазыцыю, прагную скіданьня законнай улады».

Кіраўнікі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў на гэта нічога адказаць не маглі. Алеся Пашкевіча зь ягонымі намесьнікамі Барысом Пятровічам і Эдуардам Акуліным вывелі Анатоль Аўруцін і Георгі Марчук з дапамогай хлопцаў у цывільным.

З Палацу выправілі ня толькі «нячэсных пісьменьнікаў», але нават прадстаўнікоў прэсы. Нам заставалася фіксаваць, хто выходзіў і хто заходзіў у велічныя дубовыя дзьверы.

Забаўляў пасланцоў аркестар Міністэрства абароны. Віталі міністры інфармацыі й культуры Ўладзімер Русакевіч і Леанід Гуляка, рэктар БДУ Васіль Стражаў. Шмат хто са 125 заснавальнікаў новай суполкі так і казаў: той Саюз пісьменьнікаў выступае супраць прэзыдэнта, а мы будзем «за цяперашні парадак».

Сярод удзельнікаў назіраліся рэдактарка «Маладосці» Раіса Баравікова, акадэмік літаратуразнаўства Ўладзімер Гніламёдаў, рэдактар «ЛіМу» Анатоль Казлоў. Кантроль дзяржавы над грамадзкімі арганізацыямі і безумоўная падтрымка правадыра — рысы, уласьцівыя таталітарным рэжымам. Гэта, пэўна, ведае і частка літаратараў, сабраных Чаргінцом. Але — жыць жа трэба.

Украінскія Гілевічы й Брылі стаялі б перад дзьвярыма Палацу і посахамі, нямоглыя, сьвяцілі б «дэлегатаў». У беларусаў іншы тэмпэрамэнт. Пагардлівая адсутнасьць жывых клясыкаў паставіла крыж на аўтарытэце арганізацыі.

Пасьля саюзаў моладзі, палякаў, прафсаюзаў прыйшла чарга ўладароў думаў. Аднак ізноў усё выйшла гэтак груба, што ўсе толькі ў чарговы раз пераканаліся: а грамадзтва, як ні круці, на калені не стае. Супраціўляецца маўкліва, але зацята. Супраціўляюцца гісторыкі, супраціўляюцца нацменшасьці, прэса, пісьменьнікі таксама ня зганьбілі сябе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера