Знайсці
18.11.2005 / 13:00РусŁacБел

Пінігін паставіў Коласа

19 лістапада — прэм’ера касмаганічнага «Сымона-музыкі» ў пастаноўцы Пінігіна ў Купалаўскім.

Ніводзін спэктакль Мікалая Пінігіна на купалаўскай сцэне ня стрэліў у малако. «Тутэйшыя», «Ідылія» сталі клясыкай. Ня бачыў іх — усё адно, што ня быў у Купалаўскім. Канфлікт рэжысэра з кіраўніцтвам тэатру і ад’езд у Расею быў знакам канца 90-х у Беларусі. І вось Пінігін вяртаецца, каб паставіць толькі адзін спэктакль. Гэта будзе «Сымон-музыка» паводле паэмы Якуба Коласа.

Цяжка ўявіць менш прыдатны для пастаноўкі твор: дзьвесьце старонак тэксту, «закадравыя» апісаньні, пэйзажы, складаныя для сцэны вобразы, безь якіх паэма губляе смак. І цяжка ўявіць сабе больш выгадны выбар. Сёньня беларускіх імпрэзаў няшмат. А ў Пінігіна — Якуб Колас, сюжэт касмаганічнага маштабу, паэзія.

Колас вядзе Сымона прыступкамі спазнаньня. Спазнаньня самога сябе, спазнаньня свайго таленту, спазнаньня сваёй радзімы. Сам Колас праходзіў гэтай лесьвіцай. Кожны ідзе гэтай лесьвіцай. І ня факт, што ня спыніцца на адной з прыступак. Першы крок — балюча ірвуцца крэўныя сувязі — тыя, што не трымаюцца ні на чым, апроч крыві. Гэта адбываецца, калі Сымон у сваёй іншасьці, чужароднасьці асяродку, перастае бачыць уласную віну. Усьведамляе сваё права на іншасьць, свой талент. Потым дарастае да нежаданьня марнаваць яго на дробязі, на чужое ўзбагачэньне — «пець жабрацкія літаньні». Пасьля бачыць, што яго служэньне вышэйшае і за ўзбагачэньне ўласнае. Кідае «граць праз цэлых тры гадзіны несканчоную кадрыль».

Апошні крок — самы складаны: пазьбегнуць спакусы служыць панам. Мікалай Пінігін бачыць у гэтай частцы паэмы павевы сацыяльна-рэвалюцыйных ідэяў пачатку ХХ ст. Таму сцэны з пажарам палацу, забойствам князя ў спэктакль не ўвайшлі. Але служба панам выглядае рэччу глыбейшай за жаданьне «ў сьпевах буры аднавіцца і ажыць». «Мастацтва павінна служыць народу» — таксама адзін зь лёзунгаў тае паншчыны. Паны ёсьць ва ўсе часы, і служба ім для таленавітай асобы зусім не цяжкая фізычна. Патрабуецца толькі канфармізм: творчы, грамадзянскі, нацыянальны. Жыві пры панох. Сваім існаваньнем пацьвярджай, што прымаеш іх праўду, ня маючы сваёй. Пацьвярджай рацыю іх спосабу жыцьця і мысьленьня. Ня грай на забароненых канцэртах. Не падпісвай лістоў пратэсту. Не палі сьвечку салідарнасьці ў акне. І будзеш мець «і хлеб, і дом». Але «волі, волі і прастору» мець ня будзеш.

Паэма адбіла і трагедыю самога Коласа, які мусіў на пацеху новым панам перапісваць шэксьпіраўскі фінал свайго твору. У пачатковым варыянце Сымон, адрокшыся княскага замку, засынае на могілках, дзе пахаваная Ганна — надзея на лепшую долю для творцы і краіны ў агляднай будучыні. У другім варыянце, які ўсе вывучалі ў школах, Ганна «не памерла, але сьпіць». І, абуджаная Сымонам, крочыць разам зь ім у «сьветлае заўтра». Той настраёвы злом — калі ў паэме раптоўна зьявіўся хэпі-энд — Колас ня згладзіў канчаткова. Пінігін узяў у працу другі варыянт «Сымона-музыкі». Мо якраз настраёвы злом яго і прывабіў. Пабачым 19 лістапада.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера