Знайсці
18.11.2005 / 13:00РусŁacБел

«НН»: новая старонка

«Нашу Ніву» не ўключылі ў падпісны каталёг. Мы даведаліся пра гэта ад чытачоў, якія 15 лістапада спрабавалі падпісацца на газэту. Праверылі: сапраўды няма. Пры гэтым ніякіх паведамленьняў ад «Белпошты» Рэдакцыя не атрымлівала і грошы за ўключэньне ў каталёг былі прынятыя ад газэты ў звычайным парадку. Спробы дабіцца адказу ў «Белпошце» посьпеху ня мелі.«Наша Ніва» ніколі не была рупарам пэўных палітычных сілаў ці палітызаваным выданьнем. Ідзецца не пра інфармацыйны ўплыў «НН». Забарона «НН» — гэта сыгнал пра запалохваньне альтэрнатыўнае думкі як такой.

«Нашу Ніву» не ўключылі ў падпісны каталёг. Мы даведаліся пра гэта ад чытачоў, якія 15 лістапада спрабавалі падпісацца на газэту. Праверылі: сапраўды няма. Пры гэтым ніякіх паведамленьняў ад «Белпошты» Рэдакцыя не атрымлівала і грошы за ўключэньне ў каталёг былі прынятыя ад газэты ў звычайным парадку. Спробы дабіцца адказу ў «Белпошце» посьпеху ня мелі.

Што гэта азначае?

Рамкі дазволенага рэзка звужаюцца. Характэрна, што адначасова з «НН», таксама без папярэджаньня, у рэспубліканскі каталёг не ўключылі шэраг рэгіянальных выданьняў. Спыненьне распаўсюду незалежных выданьняў дзяржаўнымі манапалістамі азначае забарону любой інфармацыйнай палітыкі, альтэрнатыўнай дзяржаўнай. Іншадумства пакуль дазваляецца, але гэта апошняе, што аддзяляе краіну ад таталітарызму.

«Наша Ніва» ніколі не была рупарам пэўных палітычных сілаў ці палітызаваным выданьнем. Ідзецца не пра інфармацыйны ўплыў «НН». Забарона «НН» — гэта сыгнал пра запалохваньне альтэрнатыўнае думкі як такой.

Прысуд незалежнай прэсе вынесены з адтэрміноўкай выкананьня. Гэта нахабны і самаўпэўнены спосаб залякваньня. «А мы вось прыкрыем вашы газэты, і вы нам нічога ня зможаце зрабіць».

Што будзем рабіць?

Газэты маюць права выходзіць і распаўсюджвацца. А чытачы маюць права чытаць тыя газэты, якія хочуць. Гэта натуральныя і законныя правы. Правы чалавека і правы культуры. З гэтага мы будзем зыходзіць. Галоўнае — стаяць на сваім і не ставаць на калені.

Нашы задачы застаюцца нязьменныя. «Наша Ніва» — гэта поле, на якім расьце нацыя, творыцца незалежная культура і ўзбагачаецца мова, на якім фармулююцца нацыянальныя інтарэсы.

Выданьне будзе публікавацца на цяперашніх умовах да апошняе магчымасьці і распаўсюджвацца празь любыя магчымыя каналы. Пакуль газэта даходзіць праз падпіску і «Саюздрукі», шукайце іх там. Калі такой магчымасьці раптам ня стане, будзем дастаўляць Вам газэту праз уласную сыстэму распаўсюду. Для гэтага толькі трэба, каб усе ахвотныя — і цяперашнія падпісчыкі, і непадпісчыкі — даслалі адрасы, на якія мусіць дастаўляцца газэта.

Таксама газэта мае інтэрнэт-сайт www.nn.by зь люстэркам за мяжою www.bielarus.info. На Дзень герояў 27 лістапада адчыніцца яго новая вэрсія — у новым дызайне і з новымі функцыямі.

Паўстае новая ідэалягічная і тэхналягічная сытуацыя. Калі вы аднойчы не атрымаеце «Нашай Нівы», гэта ня значыць, што газэта перастала выходзіць. Гэта значыць, што вам трэба знайсьці новы спосаб яе атрыманьня.

Пра што гэта сьведчыць?

Выгнаньне газэтаў з падпіснога каталёгу паказвае, што, пакуль будзе такі рэжым, у краіне ня будзе ніякіх правілаў і свабодных выбараў. Значыць, незалежнае грамадзства можа ня быць асабліва пераборлівае ў пошуку сродкаў для ўласнага выжываньня.

Што ж датычыць «Нашай Нівы»,рэгіянальных беларускамоўных газэтаў, то гэта яшчэ й культурнае злачынства. Беларуская прэса, беларускамоўныя выданьні, складаюць 15% ад усіх выданьняў, але 60% ад усіх забароненых выданьняў. Ідзе вынішчэньне беларускай культуры.

Як гэта адаб’ецца на палітычнай сытуацыі?

Зьнікненьне незалежнай прэсы і іншыя падобныя факты робяць свабодныя выбары немагчымымі. Стратэгічна гэта моцна аслабляе сам рэжым. Дагэтуль рэжым, як бы ён ні абмяжоўваў дэмакратыі, легітымізаваўся празь нібыта свабодныя выбары. Зараз гэтага ня будзе. І гэта прывядзе да аслабленьня яго легітымнасьці. Пры свабодных выбарах такі спосаб абыходжаньня з мэдыямі гарантуе крах прыўладнага рэжыму.

Чыноўнікі адміністрацыі, захопленыя дзяльбой маёмасьці і праяданьнем сваіх мільённых заробкаў, усё далей адрываюцца ад рэальнасьці. Калі раней улада Лукашэнкі ўспрымалася як дыктатарская меншасьцю, паступова як такою яна пачынае ўспрымацца ўсё большай доляй насельніцтва.

Захаваць незалежнасьць ад такой дзяржавы

Хай выцісканьне «Нашай Нівы» ў падпольле будзе навукай і тым, хто гатовы да дамоваў з д’яблам. Маўляў, ну і што дэмакратыя, ну і што несвабода. Галоўнае, каб нам захавалі наша культурніцкае нацыянальнае гета.

Беларуская культура мусіць дзяліць лёс свайго народу. Нацыянальнае асяродзьдзе заплаціла дыскрэдытацыяй і прыніжэньнем за абслугоўваньне акупацыйных рэжымаў у ХХ стагодзьдзі. Таму самае галоўнае — захаваць незалежнасьць ад такой дзяржавы.

Для будучыні Беларусі важна, каб, побач з лукашэнкаўскімі, расейскімі і амэрыканскімі, у краіне захаваліся хоць якія і хоць у якім выглядзе беларускія незалежныя мэдыі.

Як хто адрэагуе?

Мы ведаем, што нашае выданьне масава чыталі ў многіх дзяржаўных органах. Дэлегалізацыя незалежнай прэсы будзе сыгналам усім сумленным людзям у дзяржструктурах.

Як пратэставаць

Адзіны пратэст, які меў посьпех за апошні час — гэта дасыланьне лістоў у Міністэрства інфармацыі (пр.Пераможцаў, 11, 220004, Менск). Гэта мела эфэкт у выпадку прыпыненьня «Рэгіянальнай газеты», калі людзі пачалі масава скардзіцца.

Тое, што адбываецца зь Беларусяй цяпер, — гэта расплата за маўчаньне пры савецкай уладзе, за адсутнасьць руху пратэсту. Гэта выкупленьне савецкае віны беларусаў. Але ніхто ня скажа, што беларусы не пратэставалі супраць Лукашэнкі.

З выключэньнем «НН» з падпіснога каталёгу будзе адгорнута новая старонка ў гісторыі газэты. «НН» пачне па-іншаму выдавацца і распаўсюджвацца.

А наш галоўны пратэст — беларуская мова. На якой мы мусім гаварыць усюды, дзе толькі можна. Мовы не забароніш. Мовы не заглушыш.

У Беларусі — доўгая ноч. Трымаймася мовы як сьвечкі. Сьвітанак непазьбежны.

P.S. Памылка?

Увечары ў сераду ў Рэдакцыю патэлефанавалі зь «Белпошты» і папрасілі не друкаваць інфармацыі пра неўключэньне «НН» у каталёг. Маўляў, пытаньне вырашаецца на высокім узроўні. «Так, вашай газэты няма ў электроннай вэрсіі каталёгу, але гэта, магчыма, памылка». Канчатковы каталёг «яшчэ не аддрукаваны» і цяпер вырашаецца, ці будзе ў ім «Наша Ніва». А як жа з каталёгамі на поштах? «Гэта варыянты, раздрукаваныя з электроннай вэрсіі». Было чуваць, што каля супрацоўніцы «Белпошты» сядзіць нейкі мужчына і падказвае ёй, як гаварыць. Такім чынам, неўключэньне «НН» у падпісны каталёг можа аказацца «памылкай». Ці гэта сапраўды так, Вы дазнаецеся з наступнага нумару.

«НН» мае ў агуле 1300 сталых падпісчыкаў.

Шаноўныя падпісчыкі і чытачы!

Як бы ні вырашылася гэтая канкрэтная сытуацыя, каб і надалей гарантавана чытаць газэту, што налета адсьвяткуе 100-годзьдзе, дашліце на адрас Рэдакцыі свой дакладны паштовы адрас. Тыя, хто дашле свае каардынаты ў Рэдакцыю, будуць гарантавана атрымліваць газэту — у капэртах ці іншым чынам — нават калі б ёй прыйшлося друкавацца за мяжой і распаўсюджвацца самастойна. Гэта датычыць і тых чытачоў, што прызвычаіліся купляць газэту ў шапіках.

Той, хто гатовы ў разе патрэбы дастаўляць “НН” у свой раён ці квартал ці іншым спосабам пасярэднічаць у распаўсюдзе, хто мае ідэі й прапановы, калі ласка, таксама скантактуйцеся з Рэдакцыяй.

☏ Т.: 8-017-284-73-29, мабільныя: 8-029-707-73-29, 8-029-613-32-32

e-mail: [email protected]

✉ 220050, Менск, а/с 537

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930