Знайсці
18.11.2005 / 13:00РусŁacБел

Сымбалічны момант

Няма акрэсьленага пляну дзеяньня, няма гатовых рэцэптаў, «што рабіць», але ўнутры нас існуюць сілы, незразумелыя ворагам свабоды. Гэтыя духоўныя сілы трэба цяпер любой цаной актывізаваць.

Дагэтуль аналітыкі і палітолягі кваліфікавалі беларускі рэжым як «аўтарытарызм з таталітарнымі тэндэнцыямі». Вось надыходзіць час, калі гэтую складаную назву можна спрасьціць: таталітарызм. Так папросту і без удакладненьняў.

Сымбалічным пачаткам гэтае «трансфармацыі» можна лічыць закрыцьцё Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, сымбалічным канцом — выдаленьне «Нашай Нівы» і рэгіянальных выданьняў з падпіснога каталёгу. У прамежку — расправа з дэмакратычным крылом Саюзу палякаў, дэлегалізацыя эвангельскіх цэркваў, судовыя працэсы супраць «Народнай волі» і «БДГ», наступ на «Студэнцкую думку», забарона незалежнай сацыялёгіі. Далей? Што далей будзе, няцяжка здагадацца, бо лёгіка таталітарызму надзвычай простая, у поўным сэнсе слова «жалезная». Пытаньне ў іншым: што рабіць?

Пэрыяд інтэнсыфікацыі зла і няпраўды называецца ў Дабравесьці грэцкім словам «крызіс». Эвангелічны «крызіс» — гэта момант жыцьцёвага рашэньня: мусіш тут і цяпер вырашыць, на чыім баку будзеш. Здольнасьць зрабіць такі выбар — гэта і ёсьць той «меч», які Хрыстос прыносіць на зямлю, меч, які выконвае функцыю расьсяканьня, аддзяленьня прыхільнікаў Хрыста ад паплечнікаў Псэўдахрыста.

«Калі не навернецеся, усе гэтаксама загінеце», — гэта словы, скіраваныя Хрыстом на адрас тагачасных маральна-духоўных аўтарытэтаў непасрэдна пасьля таго, як стала вядома, што Понцій Пілат зьмяшаў кроў галілеян з ахвярамі іхнімі. «Мабыць, так ім і трэба», — думалі тады духоўныя эліты Юдэі. «Можа, так ім і трэба», — думаюць сёньня цішком многія рэлігійныя і культурныя эліты ў Беларусі, гледзячы на парушэньні правоў чалавека і перасьлед грамадзка-культурных выданьняў. Не, панове, ня так. Калі не навернецеся, усе ўсё будзеце мець тыя ж праблемы, што і «Наша Ніва», «Студэнцкая думка», як эвангельскія цэрквы. Бо такая лёгіка таталітырызму.

Наш беларускі час характарызуецца адной жудаснай рысай: палітызацыя сумленьня. Ты ня маеш права чуць, гаварыць, бачыць, адчуваць і думаць так, як ты гэта насамрэч робіш, толькі чуць, гаварыць, бачыць, адчуваць, думаць і верыць, як таго патрабуе Ўлада. Нам усім пагражае страшэннае калецтва — атрафія розуму, сэрца і сумленьня. Ці паўстане чарговая генэрацыя славутых «гома саветыкусаў»? Мабыць, паўстане, толькі вось гэтым разам Царква наўрад ці зможа пахваліцца, што абараняла годнасьць чалавека, што адстойвала вобраз і падабенства Бога, упісаныя ў яго душу, што плакала разам з тымі, хто плакаў.

* * *

Нам трэба адкрыцца тым сілам, якія дрэмлюць глыбока ў нашай душы. Трэба зразумець сутнасьць гэтага парадоксу, калі «пераможаныя» аказваюцца ўжо пераможцамі сілай Праўды і Дабра, за якія яны выступаюць, а «пераможцы», якія зрабіліся ворагамі Праўды, — ужо марныя прайгранцы.

Няма акрэсьленага пляну дзеяньня, няма таксама гатовых рэцэптаў, «што рабіць», але ўнутры нас існуюць сілы і жыватворныя памкненьні, незразумелыя ворагам свабоды. Гэтыя духоўныя сілы трэба любой цаной актывізаваць. Беларусь цяпер — як ніколі — патрабуе бескарысьлівай любові. Карысьлівых залётнікаў яна адстрашвае, гоніць прэч. І гэта добра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930