Знайсці
18.11.2005 / 13:00РусŁacБел

«Максімка»

«Максімка» — шклоачышчальнік на аснове этылавага сьпірту. Таксычны. Пры пападаньні на адкрытую паверхню скуры прамыць праточнай вадой». Гэта напісана на 5-літровіках, якія расейцы велікалуцкім дызэлем завозяць у Алешчу і прадаюць па 20 тыс. рублёў. Але няма пад Алешчай даўн-таўну небасягаў, на мыцьцё вокнаў якіх спатрэбіўся б аб’ём штотыднёвых расейскіх паставак. Праточнай вадой «Максімку» разбавяць да належнага градусу й разьліюць у бутэлькі з-пад ліманаду ці мінэралкі — і вось ён, самы даходны бізнэс у Сітна-сіці.

«Максім Максімыч», «Максімільян», «Максімус» — валадар навакольля. Ні гарэлка, ні самагонка ня вытрымаюць канкурэнцыі зь ядраным пойлам, якое ўмомант «зрывае дах» і паўлітра якога для мясцовых «сьпіртавозаў» абыходзіцца таньней за хлеб. Зрэшты, жывых грошай за «Максімыча» тут амаль ніколі ня плацяць. Бяруць «на доўг» (напрыканцы месяцу аддаюць паўзаробку), часьцей прапаноўваюць бартэр: колькі слоікаў салянкі або трыста грамаў кілбасы, якіясь рэчы…

На сьвята тут звычайна ўжываюць крамнае віно: «Крыжачок», «Вішнёвы сад», «Васілісу». Гэта, у параўнаньні з тэхнічным сьпіртам, — пітво высакароднае, п’ецца чаркаю. А «Максімка» — напой будзённы: «прыняць», «дагнацца», адзначыць «дзень рускай балалайкі» ці «першы аўторак тыдня»… І п’юць ужо кубкам або ўвогуле «з рыла».

У Малым Сітне — 19 пунктаў, дзе прадаецца «Максімка». Сьпіс ляжыць у сельсавеце, участковы — у курсе. Але гандаль ідзе безупынна. А то ж: у любога каляніяльнага рэжыму спойваньне заўжды лічылася найбольш эфэктыўным спосабам падпарадкаваньня абарыгенаў і нэўтралізацыі магчымага пратэсту. І той, хто гандлюе, і той, хто п’е (а разам яны ў вёсцы складаюць большасьць), ведаюць, што кожная спроба адстаяць свае правы сустрэне абгрунтаванае абвінавачаньне ў распаўсюдзе ці рэгулярным ужываньні «Максімкі». «Самі ж п’яце, — цынічна нагадвае мясцовая ўлада, — ніхто вас не прымушае». Ад безвыходнасьці люд глушыць яшчэ больш. Труціцца. Вешаецца. Вымірае. Эпілепсія, якая разьвіваецца ад пастаяннага піцьця «Максімкі», на алешчынскай эстакадзе — звычайная зьява. Калі пахмельны раскрыжоўшчык з заведзенай бэнзапілой раптам разварочваецца — ты жахаесься ад невідушчага позірку. Калі малады мужык падае на бярвеньне, разьбівае ў кроў галаву й калоціцца без прытомнасьці; калі маці чацьвярых дзяцей, што адкочвае крукам ствалы на эстакадзе, у прыпадку валіцца на кучу сьмецьця — народ абыякава паціскае плячыма: «Максімка». Цудоўныя беларускія тыпажы, вобраз і падабенства Божае, па меры алькагольнай дэградацыі набываюць яўныя рысы ідыятызму. Людзі гніюць зажыва, пачынаючы з галавы. Дзеці нараджаюцца разумова адсталыя ці з псыхічнымі расстройствамі.

Адны рэпрэсіўныя захады становішча не паправяць. Апроч нармальнай мяжы з Расеяй, апроч буйных штрафаў за распаўсюджваньне зельля, апроч татальнай інфармацыйнай прафіляктыкі тут трэба нешта большае. Трэба зьнішчыць прычыну, якая штурхае люд да запою. Вярнуць беларусам сэнс жыцьця. Веру ў Бога. Любоў да Радзімы. Сваю справу.

Спыніць трыюмфальнае шэсьце «Максімкі» можна толькі адным чынам.

Перамагчы ў 2006-м.

Малое Сітна

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера