Знайсці
18.11.2005 / 13:00РусŁacБел

Правядзеньне выбараў у Беларусі пад пагрозай

Круглы стол у амбасадзе ЗША з удзелам Джорджа Крола распачаўся з жорсткай заявы пасла з нагоды шэрагу скандальных заяваў прадстаўнікоў улады і тэлеканалаў на адрас ураду ЗША і супрацоўнікаў амэрыканскай амбасады.

Паводле словаў амэрыканскага пасла, «амаль штодзённа дзяржаўныя мэдыі заяўляюць, што Злучаныя Штаты нібыта жадаюць дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі, распаліць тут рэвалюцыю і падпарадкаваць амэрыканскай «імпэрскай волі». Іншыя прадстаўнікі ўраду робяць заявы пра тое, што ЗША нібыта распрацавалі плян дэстабілізацыі Беларусі ажно да інтэрвэнцыі.

«У той жа час дзяржаўныя мэдыі малююць амэрыканскіх дыпляматаў як злавесных шпіёнаў. Гэтая стандартная хітрамудрая канструкцыя скажэньняў і хлусьні часоў халоднай вайны. Мая краіна адкрыта выступае за свабодныя і справядлівыя выбары ў Беларусі, вольныя СМІ, свабоду ад прымусу, запалохваньня і пагрозаў на адрас грамадзянаў ці арганізацыяў, якія імкнуцца мірна ўдзельнічаць у палітычным жыцьці нацыі».

Сп. Крол падкрэсьліў, што ЗША й надалей будуць няўхільным і актыўным фактарам па падтрымцы свабоднага выбару беларускага народу. «Гэта праверанае часам, сьвядомае абавязацельства ЗША», — сказаў ён. Гэта азначае, што дачыненьні афіцыйнага Менску й Вашынгтону перад выбарамі будуць толькі ўскладняцца. Прайшоў год з таго часу, як Злучаныя Штаты прынялі Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. Як паведаміў пасол Крол, крокі й рашэньні ўраду ЗША, зьвязаныя з гэтым законам, знаходзяцца зараз на стадыі актыўнага разгледжаньня ва ўрадзе. Рыхтуецца, напрыклад, інфармацыя пра рахункі й маёмасьць прадстаўнікоў беларускага кіраўніцтва.

ЗША, словамі Крола, будзе спрыяць незалежнаму інфармаваньню беларускага грамадзтва й незалежнаму назіраньню за выбарамі, што ўлады Беларусі задаволіць ніяк ня можа. Больш за тое, Крол адкрыта кажа, што «правядзеньне выбараў у Беларусі знаходзіцца пад пагрозай, і мы павінны праліць сьвятло ўвагі на гэта разам з Эўразьвязам». «Мы працягнем сваю працу незалежна ад умоваў і сытуацыі», — адзначыў амбасадар, жартоўна дадаўшы, што ён — вэтэран халоднай вайны.

Сп. Крол патлумачыў журналістам сытуацыю зь нявыдачай амэрыканскай візы Мікалаю Чаргінцу, які мусіў ляцець у Амэрыку па лініі ААН. Ён паведаміў, што Чаргінец падчас папярэдняга знаходжаньня ў ЗША займаўся дзейнасьцю, якая знаходзілася па-за межамі дазволенай візай, і разгляд яго наступнай заяўкі запатрабаваў больш часу. «Але МЗС Беларусі забрала заяўку на атрыманьне Чаргінцом візы да таго, як у нас была магчымасьць скончыць апрацоўку гэтай заяўкі», — сказаў Дж.Крол.

Зьміцер Дрыгайла

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера