Знайсці
19.09.2023 / 12:3837РусŁacБел

«Калі вам стала зразумела, што Захаранку збіраюцца забіць?» — «Калі Паўлічэнка стрэліў у яго». Гараўскі дае паказанні

Былы сахравец Юрый Гараўскі пачаў даваць паказанні ў судзе кантона Санкт-Гален у Швейцарыі. Ён пад пільнай аховай паліцыі. Гараўскага абвінавачваюць у датычнасці да знікненняў у Беларусі вядомых палітыкаў.

Юры Гараўскі ў сіняй байцы пад пільнай аховай. Фота: volhaklas / Telegram

Як піша «Новы час», Юрыя Гараўскага прывезлі ў суд пад аховай швейцарскіх спецслужбаў. Яго ахоўваюць вельмі пільна, падагнаўшы бус літаральна да дзвярэй суда. Сам Гараўскі быў пад капюшонам, ён хаваў твар. Здымаць у будынку суда няможна.

«Гараўскі гаворыць вельмі ціха, выглядае падаўленым, у суд ён прыйшоў з мыліцай. На пытанне суддзі, як ён сябе адчувае, падсудны адказаў, што нармальна», — перадае карэспандэнт з суда. 

Гараўскі адмовіўся адказваць на некаторыя пытанні суддзі. Суддзя запытаўся пра САХР і Дзмітрыя Паўлічэнку і некаторых іншых камандзіраў часці.

— Якім чынам вы пазнаёміліся з палкоўнікам Смірновым? — запытаўся суддзя.

— Я не буду адказваць на гэтае пытанне.

— Чаму? Вы ж казалі пра гэта ў часе папярэдняга следства.

— Так. Але я прасіў пракурора не апублічваць гэтай інфармацыі.

Пошукавік выдае, што палкоўнік Смірноў быў кіраўніком вайсковай часці 5525, а гэтая часць — 6-я асобная спецыяльная міліцэйская брыгада ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.

На судзе Гараўскі распавёў пра выкраданне і забойства Юрыя Захаранкі:

— Калі на загад Паўлічэнкі мы паклалі Захаранку ў багажнік, я ўжо тады хацеў з'ехаць.

— Ці ведалі вы, што гэты чалавек — Захаранка? — пытаецца суддзя.

— На момант, калі я служыў, Захаранка быў міністрам МУС, вядома, я ведаў, хто гэта такі.

Гараўскі распавёў, што Юрый Захаранка быў застрэлены са спіны. Ён дадаў, што думаў, што Захаранку проста завязуць за горад і з ім «будет проводиться беседа», і не ведаў, куды яго вязуць.

Суддзя спытаў: 

— Пісталет, якім быў застрэлены Захаранка, ім праводзяцца ў Беларусі расстрэлы?

— Так.

— Адкуль вы ведаеце? Вы ўжо трымалі яго ў руках?

Гараўскі пасля паўзы:

— Трымаў падобны.

— Калі вам стала зразумела, што Захаранку збіраюцца забіць?

— Калі Паўлічэнка стрэліў у яго.

Далей Гараўскі распавёў:

«Паўлічэнка сабраў усіх раніцай і сказаў, што едзем затрымліваць аднаго ці двух чалавек. Запытаўся: усе гатовы? Мы адказалі: так.

Мы пад'ехалі да саўны, сядзелі ў дзвюх машынах. Паўлічэнка мне і Уладзіміру Буцько сказаў прайсціся і паглядзець, дзе і як мы будзем ажыццяўляць затрыманне.

Я і Панкоў дасталі з машыны Ганчара, паклалі на зямлю. Пры разбіцці шкла я ўжо асэнсоўваў усю цяжкасць злачынства. Я спецыяльна разбіў яму (Ганчару) нос, каб пайшла кроў.

Буцько і Барадач затрымалі Красоўскага. Пасля гэтага ў машыну сеў кіроўца, машына была джып чорнага колеру.

Мы паехалі ў бок Бягомля.

Па дарозе, калі мы выехалі на кальцавую, мы спыніліся на паркоўцы, Паўлічэнка выйшаў з машыны, праз пяць хвілін падышоў і зазірнуў у машыну іншы мужчына. Ён загадаў: узніміце галовы. І я пачуў адказ гэтага мужчыны: так, гэта ён.

Паўлічэнка сеў у машыну і мы паехалі ў Бягомль.

У Бягомлі Паўлічэнка сказаў дастаць іх з машыны і пакласці побач. Пасля гэтага падышоў Паўлічэнка і стрэліў у спіну абодвум, па два стрэлы зрабіў.

Пасля хвілін праз 5-10 сказаў распранаць іх, і калі я распранаў Ганчара, то ўбачыў, што ў яго на левай назе няма вялікага пальца.

Я запусціў руку ў туфлю і дастаў спецыяльную сцілку. Мы склалі ўсе рэчы ў адну кучу, прыйшоў Балынін і забраў усе рэчы».

Гараўскі сцвярджае, што целы Ганчара і Красоўскага ўдзельнікі «эскадрона смерці» пасля закапалі, а рэчы спалілі, апроч абутку. «Бо ён доўга гарыць», — сказаў Паўлічэнка.

Гараўскі адмаўляецца ад папярэдніх сведчанняў, што пісталет быў у яго. Кажа суддзі, што гэта вынік «кепскага перакладу».

Пасля Гараўскі заявіў:

— Перш за ўсё я прыношу прабачэнні родным. Я глыбока шкадую аб сваім саўдзеле ў гэтым. Спадзяюся, сваякі прымуць мае прабачэнні.

За спінай Гараўскага ў судовай залі сядзіць дачка Юрыя Захаранкі — Алена. Але, зачытваючы з паперы гэтыя словы прабачэння, Гараўскі працягваў сядзець да яе спінай і нават не павярнуўся.

Таксама Гараўскага дапытаў пракурор. Той адразу перайшоў да супярэчнасцяў у ранейшых паказаннях экс-байца САХР і яго сённяшніх судовых паказаннях.

— Вы самі раней сказалі, што дасталі з машыны пісталет і далі Паўлічэнку?

— Паўлічэнка дастаў пісталет з машыны, і я гэта бачыў, — з раздражненнем адрэзаў Гараўскі.

Пракурор настойвае на тым, што падсудны раней тры разы казаў аб тым, што сам браў пісталет і перадаваў Паўлічэнку.

Гараўскі выходзіць з раўнавагі і вельмі гучна вымаўляе: «Былі няправільна сфармуляваныя пытанні. Калі ласка, правільна фармулюйце свае пытанні».

І працягвае настойваць на тым, што расстрэльны пісталет Паўлічэнку не даваў.

Суд працягваецца. 

Пракуратура Швейцарыі абвінаваціла экс-байца САХРа ў датычнасці да гвалтоўных знікненняў. Ацэньваць сапраўднасць яго слоў будуць суддзя і два прысяжныя засядацелі. Калі яны прызнаюць Гараўскага вінаватым, гэта стане абвінаваўчым прысудам і для беларускага рэжыму, лічаць юрысты.

Чытайце таксама:

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бягомлем ФОТА

«Машына была на глыбіні аднаго метра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Экс-спецназавец Юрый Гараўскі адказаў на абвінавачванні ад Паўлічэнкі ў хлусні

Дзмітрый Паўлічэнка выступіў з афіцыйнай заявай наконт абвінавачванняў у забойствах палітыкаў

«Я не даваў такой каманды». Лукашэнка пракаментаваў справу зніклых палітыкаў

«Яны стралялі ў спіну»: дачка Захаранкі сустрэлася з экс-байцом спецназу Юрыем Гараўскім

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
92
Панылы сорам
5
Ха-ха
5
Ого
8
Сумна
13
Абуральна
29
0
Во-во/адказаць/
20.09.2023
Ордэр на апышт
2
дочка Максима Дизайнера/адказаць/
21.09.2023
прабеглася краем вока па т.зв. каметарах..
а мае ж вы вочы.. і нервовыя клетачкі..

за ўрэднасць, кажуць, малако даюць?
вось толькі бяда - я малако не люблю
с детства
1
Беларус/адказаць/
22.09.2023
Mafkees , Галоўнае -вызваленне нашай краіны, а не эмоцыі. І гэты суд - гэта важны крок на гэтым шляху!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031