Знайсці
04.06.2018 / 23:20139РусŁacБел

Хапун на Зыбіцкай: ноччу ў суботу народ масава вывозілі аўтазакамі ў аддзяленне міліцыі

Галоўная тусовачная вуліца Мінска працягвае фігураваць у навінах.

Мінулыя выхадныя на Зыбіцкай шмат каму запомняцца надоўга: людзі скардзяцца, што амапаўцы масава затрымлівалі «тусоўшчыкаў» без дай прычыны, пасля чаго на іх складалі пратаколы.

На вуліцы Зыбіцкай шматлюдна кожныя выходныя. Фота — bdz.by

Падрабязна пра свой няўдалы адпачынак на Зыбіцкай «Нашай Ніве» распавёў чытач Андрэй Арлоўскі. Ён з сябрамі таксама трапіў «пад раздачу» на выходных.

«Нас было чацвёра: я з дзяўчынай і двое хлопцаў. Адпачывалі на Зыбіцкай. Так, мы трохі выпілі, але пілі толькі ў барах. Былі адэкватныя і паводзілі сябе прыстойна. Недзе пасля 11-й ночы мы трохі прайшліся яшчэ па Зыбіцкай і сталі пакурыць — вырашалі, што рабіць далей, можа, паехаць дадому.

Да нас падышлі амапаўцы — пашпарт не пыталі, нічога такога. Проста сказалі хлопцам: «Прайдзёмце».

Дзяўчыне «прайсці» было не трэба, ёй загадалі застацца, — расказаў Андрэй. — Нас завялі ў аўтазак, які стаяў на прыпынку каля станцыі метро «Няміга». Нас заводзяць — а там ужо чалавек восем, толькі хлопцы. Ну мы нават павесяліліся трохі, падумалі, разбяруцца і адпусцяць».

Але не адпусцілі. Па словах Арлоўскага, затрыманых адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна.

«Там завялі ў нейкі пакой. У пакоі было некалькі міліцыянтаў і чалавек 15 затрыманых. Міліцыянты складалі на ўсіх пратаколы. Як канвеер: склалі пратакол — новых вядуць.

Пісалі, што мы былі п’яныя і перашкаджалі людзям адпачываць. Мой таварыш пагадзіўся падпісаць. Яго адпусцілі праз гадзіну. Я спачатку не хацеў нічога падпісваць, але пасля пагадзіўся. Мяне адпусцілі пад ранак.

А іншы мой сябар, які катэгарычна адмовіўся падпісваць пратакол, застаўся да панядзелка. Яму адразу сказалі: здымай шнуркі, пойдзеш у камеру. І ўсім паведамілі: хто падпісваць не будзе, застаецца да панядзелка»,

— кажа Андрэй.

Тое ж расказвае і іншы хлопец — забіралі народ масава. Амапаўцы падыходзілі, калі бачылі, што чалавек хоць трохі нападпітку.

Разам з суразмоўцам у аўтазаку ехала чалавек дзесяць. Сам хлопец таксама атрымаў пратакол за знаходжанне ў публічным месцы ў стане алкагольнага ап’янення. У яго крыві было 0,4 праміле.

Суразмоўца пацвярджае: варыянтаў было два. Ці падпісваеш пратакол, ці цябе затрымліваюць да панядзелка. Сам ён вырашыў падпісаць.

Ані ў прэс-службе УУС Мінгарвыканкама, ані ў РУУС Цэнтральнага раёна не змаглі даць аператыўны каментар у сувязі з сітуацыяй.

Вуліца Зыбіцкая даўно непакоіць сталічныя ўлады. Нагадаем, у панядзелак 4 чэрвеня стала вядома, што на Зыбіцкай усталююць сістэму відэаназірання і ўзмоцняць патруляванне вуліцы. Таксама забароняць выступы вулічных музыкаў пасля 23.00.

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031