Знайсці
13.05.2016 / 09:2362РусŁacБел

«Я не змагу адпрацаваць тут год!» — крык душы навучэнца, якога чакае размеркаванне на МАЗ + фоты раздзявальняў і душавых

18-гадовы Аляксандр праходзіць практыку ў адным з цэхаў сталічнага МАЗа. Улетку, пасля практыкі, хлопца чакае размеркаванне, і больш за ўсё ён баіцца, што год адпрацоўкі яму прыйдзецца правесці на гэтым жа заводзе. Аляксандр — навучэнец адной з вучэльняў Мінска. Хлопец атрымлівае спецыяльнасць электраманцёра.

Аб сваім выбары хлопец ужо шкадуе.

Аляксандр: «Перад практыкай нам сказалі, што будзе некалькі варыянтаў, у тым ліку «Атлант» — трапіць на яго прэстыжна, — а таксама МТЗ і МАЗ».

Усю групу Аляксандра размеркавалі на МАЗ.

Незадаволеныя ўсе навучэнцы, не толькі Аляксандр: «Займаемся абы-чым. Калі было холадна — прыбіралі лёд, раскідвалі пясок. Вось нядаўна вешалі фіранкі на вокны».

Што тычыцца электрыкі, то ані вучобы, ані практыкі амаль няма.

«Сядзіш у гэтым пакойчыку для электрыкаў, слухаеш мацюкі рабочых, задыхаешся ад дыму: хоць курыць там забаронена, але кураць увесь час. Глядзіш на гэты бруд паўсюль і адчуваеш, што проста больш не можаш там знаходзіцца».

«Мне здаецца, ніхто нават не ўяўляе, як там людзі існуюць, — кажа Аляксандр. — Можа, для іншых тыя ўмовы — гэта нармальна, але я быў у шоку. Брудная раздзявальня, ламаныя шафкі. У душы святло то гарыць, то не гарыць, гарачай вады часцей за ўсё няма. Прытым што ў цэху шкодныя пары і пасля працы трэба мыцца абавязкова. Нават калі зловіш гарачую ваду — то ў самой распранальні холадна, акно то разбіта, то не зачыняецца.

Мужыкі працуюць нармальныя.

Алкаголь на тэрыторыю пранесці цяжка, але п’яных я часам бачыў. Сваім становішчам рабочыя не задаволеныя: заробкі малыя. Рабочыя пастаянна скардзяцца адзін аднаму на жыццё, на заробкі, на начальства, на дзяржаву.

Работа то ідзе, то спыняецца. За два месяцы, што я тут, наш цэх два разы спынялі на некалькі дзён. Кажуць, што ў маі ўвогуле ўвесь завод спыняць на 10 дзён.

Яшчэ 26 красавіка ў ліцейным цэху загінуў рабочы. Я не ведаю, хто там вінаваты, але ведаю, што рабочы выконваў сваю звычайную працу. У яго засталося трое дзяцей. Такія выпадкі, ведаеце, таксама не дадаюць аптымізму.

Заставацца працаваць на МАЗе не хоча амаль ніхто з аднагрупнікаў. І я таксама не хачу. А варыянтаў фактычна няма — калі я сам не знайду месца для размеркавання, то траплю на МАЗ. А месца знайсці амаль немагчыма. Каму патрэбен 18-гадовы электрык без досведу? Тым больш што мяне і не навучылі амаль нічому… А калі я ўсё ж траплю на МАЗ і мяне звольняць ці я адмоўлюся — прыйдзецца выплаціць 25 мільёнаў дзяржаве, за тое што я вучыўся. Я не ведаю, што мне рабіць далей», — кажа Аляксандр.

Запісаў Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера