Найти
16.03.2017 / 13:002РусŁacБел

Минск. Истории любви

Отрывок из эссе Паулины Скурко, опубликованного на литературном сайте «Прайдзісвет».

Мінск — горад мноства гісторый. Чым большы горад, тым больш у ім сэнсаў. А Мінск — вялікі горад.

У раёне «Прэстан-маркета» на цяперашнім праспекце Машэрава, пры заводзе «Аліварыя», у вайну стаяў дамок. У ім жыла мінчанка Марыя Калашнікава. Яе сястра, Вікторыя Рубец, насіла медыкаменты партызанам. Пакой у доме Калашнікавай здымаў мастак філармоніі Іван Казлоў. Паступова гаспадыня зблізілася са сваім арандатарам. Узнікла каханне. У ноч з 25 на 26 верасня 1942 году Казлова, першакласнага мастака, які маляваў пячаткі, пашпарты, аўсвайсы, як і многіх удзельнікаў мінскага падполля, арыштавалі. Захавалася некалькі ягоных лістоў з турмы, перададзеных на волю ў ручцы жбанка, у якім Марыя прыносіла Івану ваду. Вялікі адчай у гэтых лістах і нервовасць: «Не трэба сумаваць… Помсціць гэтым варварам — вось што трэба рабіць… Можаце сабе ўявіць вы, з якой бясстрашнасцю, з якой жорсткасцю і велізарнай асалодай я знішчаў бы гэтых гадаў ядавітых, а я ж два гады таму не мог зарэзаць курку… Жыць, жыць! Вось як хочацца!..»

Дом Калашнікавай быў знесены разам з усёй прыватнай забудовай у канцы 60-х. На яго месцы ўсталявалі камень-помнік мінскім падпольшчыкам. А далей — характэрная гарадская гісторыя: побач з гэтым месцам адкрыўся пункт здачы шклатары. Ля яго заўжды тоўпіўся народ, і не заўжды сімпатычны. Нехта з уладаў палічыў суседства неадпаведным для такога помніка, і камень перанеслі. Цяпер ён стаіць па іншы бок праспекта Машэрава. І, канечне, ні слова пра каханне на ім не напісана. Хаця гэта якраз і ёсць помнік каханню.

У вайну Старажоўка была падпольніцкім раёнам. Можа, таму, што гэта край горада і трымаць сувязь з партызанамі было прасцей. Цэнтр супраціву існаваў на кожным прадпрыемстве. Піўзавод «Аліварыя» высока цанілі немцы, ён працаваў на поўную магутнасць, бутэлькі для мінскага піва адмыслова прывозілі з Германіі, а гатовае піва пастаўлялі вермахту. Падпольшчыкі — работнікі завода — гатавалі атруту («расфасовала мышьяк и опробовала на кошках»), стараліся збіраць зброю і лекі, чыталі антысавецкія ўлёткі і «Звязду», кармілі чатырох членаў гаркама, што знаходзіліся ў падполлі, і памагалі партызанам («стирала бельё, кормила обедами, давала одежду, обувь, сопроваждала из одного района в другой, проверяла, где идёт проверка документов полицией»).

Групу выкрылі. Усе ўдзельнікі, акрамя жонкі галоўнага бухгалтара Пятра Цвяткова, былі арыштаваныя. Ва ўспамінах Надзея Цвяткова расказвае, што арышт мужа матывавалі падазрэннем у крадзяжы піва: «Я пачала адмаўляць. Тады спыталі, ці ёсць у нас радыёпрыёмнік. Я зноў адказала, што не. Вобшуку не зрабілі». Усіх арыштаваных замучылі ў мінскай турме. «Цвяткоў знаходзіўся ў СД паўтара месяца. На пятыя суткі яго бачылі збітым, без верхняй кашулі, у акрываўленым касцюме. Валасы тырчалі, сам жоўты, як воск, вочы без усякага жыцця, на нагах амаль не стаяў. У час чысткі турмы для адпраўкі ў канцлагеры 12 чэрвеня 1943 году яго расстралялі ў двары турмы». У апошнюю сустрэчу жонка ўзяла папраць мужаву кашулю, усю ў крыві. Цяпер гэтая кашуля — экспанат музея ВАВ. Надзею Цвяткову арыштавалі 28 лістапада 1943 г., сканчэнне вайны яна сустрэла ў Асвенціме.

Тут жа, на краі горада, як найдалей ад вачэй абывацеляў, на месцы могілак Першай сусветнай вайны ў ліпені 1941 г. нацысты стварылі фільтрацыйны лагер для мужчын 18—45 гадоў. Жанчынам дазвалялі прыносіць ежу і піццё, але не ва ўсіх у Мінску знайшліся блізкія. Маіна Густаўна, якая сустрэла вайну 16-гадовай дзяўчынай і ў першыя бамбёжкі страціла бабулю (мама, тата і дзед зніклі яшчэ ў 1937-м), расказвала, як пайшла з сяброўкай Мартай наведаць Марцінага брата, артыста Марыінскага тэатра (ён прыехаў дамоў на лета). «Посуды не было, мы где-то на пожарище чайник нашли и миску, набрали воды и пошли.

Такая большущая площадь, народу — попробуй найти. Мы ходим, смотрим, тут двое мужчин подходят и просят: девочки, дайте нам хоть по глоточку водички, нам никто не принесет, мы не здешние. Оказалось, что один из них актер из какого-то украинского театра, который тут оказался на гастролях, а второй — гимнаст Андрей Чинов. Он выступал в Парке Горького, без сетки, на турнике где-то пять или шесть этажей высоты. Я ходила смотреть, ещё до войны.

И мы даем напиться, они жадно пьют, а мы боимся, что они всё выпьют — мы же несем Борису! И в это время мужчины собрались целой группой и ринулись к воде. Застрочили автоматы и пулемёт. Когда начали стрелять, все обратно хлынули и дальше я даже не помню, как это получилось. Меня опрокинули, я упала, потеряла сознание… В общем, меня могли растоптать запросто, и этот Андрей Чинов встал надо мной мостиком и вокруг него все кубарем катились. Если бы не он, я бы там лепешкой и осталась.

Потом подошел Борис, брат Марты, а Андрей этот меня спрашивает: «Это Ваш жених?» А мне стало так смешно: какой жених?! Мы были еще такие дети!»

У гэтай гутарцы 16-гадовай Маі і яе выратавальніка чуюцца ноткі горычы: не той час быў для рамантыкі, не тыя ўмовы — яна жыла ў чужым пакоі з чужымі людзьмі, а ён не меў ніякай пэўнасці наконт свайго лёсу.

У натоўпе мужчын на Пярэспе стаяў і мастак-пейзажыст Антон Каржанеўскі. Дом яго знаходзіўся побач, на Крапоткіна, у бараку на месцы школы №27. Але прынесці чайнік вады не было каму. Лёс мастака пакручасты: на пачатак ВАВ яму споўніўся 31 год, ён быў жанаты, гадаваў сына. Жонка працавала ў Вярхоўным Савеце БССР і з пачаткам вайны мусіла эвакуявацца разам з усім апаратам улады. А Антон з сынам засталіся пад акупацыяй.

Ад мастакоў у час вайны патрабавалі не так шмат: стаць на ўлік і ўдзельнічаць у выставах. Удзел зазвычай быў сімвалічны, але на адну з выставаў Антон Каржанеўскі прынёс 40 сваіх пейзажаў: пасля вучобы і службы ў войску ён нарэшце змог аддацца любімай справе. Мастак Яўген Ціхановіч успамінаў, як пасля выставы пабачыўся з Каржанеўскім: «Не ведаю, Жэня, ці цешыцца мне, ці плакаць…» — «А што здарылася?» — «Немцы ўзнагародзілі мяне «Медалём для Усходу» за актыўны ўдзел у выстаўцы…» — «А што ты пасля скажаш? Плач».

У снежні 1944 году Каржанеўскага выслалі на 10 гадоў за супрацу з немцамі, а пасля забаранілі жыць у сталіцы. У 1990-м мастака рэабілітавалі, але яго цудоўныя замалёўкі Мінска яшчэ нідзе ні разу не выстаўляліся.

Але гэтая гісторыя ўсё ж пра каханне: пасля вайны жонка мастака вярнулася з эвакуацыі ў Мінск і ёй прапанавалі выбар — членства ў партыі ці захаванне шлюбу. І яна выбрала сям’ю. Думаю, было досыць тых, хто яе не зразумеў.

Гісторыі чалавечай цеплыні на фоне вайны — шчымлівыя, неймаверныя. Мая любімая гісторыя паходзіць не са Старажоўкі, а з Камароўкі, суседняга раёна. Яе апісаў ва ўспамінах Леанід Пракопчык. Усю вайну ён з мамай пражыў побач з вуліцай Багдана Хмяльніцкага, на тым месцы цяпер стаяць карпусы БНТУ. Хлопчык назіраў, як да суседкі-яўрэйкі прыходзіў немец з офіса люфтэнгрупы, што размяшчаўся непадалёк:

«Высокі і сутулы Людвік насіў падобныя да пенснэ, без аправы, з залатой спружынкай на пераноссі акуляры, гаварыў ціха і, падобна, быў страшэнна сарамлівы. З пустымі рукамі Людвік рэдка з’яўляўся, звычайна прыносіў акуратны, перавязаны шпагатам пакет. Мы ведалі, што ў пакеце бутэрброды з маргарынам, часам з вяндлінай і шпротамі. Звычайна Людвік прыходзіў да Соф’і Якаўлеўны ў суботу, часам у нядзелю. Спачатку яны на кухні пілі чай з бутэрбродамі. Потым пераходзілі ў залу. Людвіка ўсаджвалі ў фатэль, бліжэй да раяля. Соф’я Якаўлеўна з нагоды нядзельнага музіцыравання надзявала канцэртную, доўгую, з чорнага аксаміту, сукенку з белым атласным каўняром, сядала на белы круглы зэдлік і грала, часцей без нотаў, па памяці. Часам Соф’я Якаўлеўна прыносіла са спальні патэфон, здымала з шафы пласцінкі ў патрапаных папяровых чахлах. Разам з Людвікам яны доўга перабіралі пласцінкі і, нарэшце, ставілі на патэфон і слухалі.

Не змянілася стаўленне Людвіка да Нортманаў і пасля таго, як Соф’і Якаўлеўне давялося нашыць латкі: ён прыходзіў са сваімі бутэрбродамі і гадзінамі слухаў музыку. Бывала, яны гулялі ўдваіх, хадзілі ў Батанічны сад. Па нашым завулку ішлі побач, а на Лагойскім ці на Пушкінскай (так называлася частка сучаснага праспекта Незалежнасці. — аўт.) Соф’я Якаўлеўна — у яе на кофтачцы і на сукенцы спераду і ззаду былі прышытыя латкі — схадзіла на маставую, а Людвік як нічога ніякага працягваў ісці па тратуары, і яны размаўлялі, смяяліся. Гарадская ўправа выдала распараджэнне пра правілы паводзін яўрэяў у горадзе: забаранялася наведваць кінатэатры, канцэртныя залы, а таксама хадзіць па тратуарах…»

Соф’ю і яе дачку забралі ў гета аднымі з апошніх у раёне. Суседзі бачылі Нортманаў яшчэ толькі раз: бледныя, худыя, у паношаных паліто, тоўстыя шэрыя хусткі, прыспушчаныя на лоб — яны прабылі ў суседзяў у родным завулку ўвесь дзень. Іх кармілі і давалі ежу з сабой — «так што яны сышлі з поўнай сумкай».

Але хопіць пра вайну. Ёсць у мяне і паваенныя старажоўскія гісторыі кахання: таямнічая і сімпатычная. У адным з дамоў на скрыжаванні вуліц Камуністычнай і Багдановіча, пабудаваных палоннымі немцамі (о, як цікава было б пачуць іх гісторыі!), жыў падпалкоўнік міліцыі Ілля Прусакоў з жонкай Валяй. У 1961 годзе да іх у госці прыехала пляменніца з Ленінграда, жыццё якой там не клеілася. А тут — новы горад, новыя людзі і дом амаль у цэнтры, да таго ж штодня пахне пякарняй — нібы ў Парыжы!

17 сакавіка 1961 году Марына (так звалі пляменніцу падпалкоўніка) пайшла на танцы: па Горкага, потым па Янкі Купалы і нарэшце па Ленінскім праспекце — у Палац прафсаюзаў. (Магла і зрэзаць праз парк, канечне, але калі дзве гадзіны робіш прычоску, то ўжо хочаш прайсціся з ёй як след!) У «прафсаюзах» брунетку з сумнымі вачыма прыкмеціў амерыканец, які пражыў у савецкім Мінску трохі больш за год і ўжо добра знудзіўся без боўлінгу, крам і начных клубаў, — Лі Харві Освальд.

Адносіны Лі Харві («Аліка») і Марыны развіваліся няпроста…

Цалкам эсэ «Мінск. Гісторыя любові» чытайце на літаратурным сайце Прайдзісвет.

Паўліна Скурко

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930