Найти
07.03.2015 / 12:3832РусŁacБел

Мова наша. Дзяржаць, дзяржава

Мне часта здаралася сустракацца з тым, што людзі не ўспрымаюць мовы старых людзей сур'ёзна. Усякія непатлумачаныя з'явы запісваюць або ў трасянку, або ў паланізмы.

Вядома ж, могуць быць і такія з'явы, але я б раіў асцярожна ўжываць гэтыя акрэсленні. Бо калі падумаць, то паланізмы і русізмы пачалі шырока распаўсюджвацца толькі з масавай асветай і даступнасцю СМІ. А гэтыя з'явы на сяле даволі маладыя, і падчас не ўсе нашы дзяды паспелі з гэтых выгодаў цывілізацыі скарыстаць.

У мове прыроджаных носьбітаў мы часта сустракаем дзеяслоў дзяржаць, які вельмі часта становіцца ахвяраю не вельмі ўніклівага суду. Мы часта лічым яго русізмам, але гэта не праўда.

Перш-наперш трэба зірнуць на яго спражэнне: дзяржаць, я дзяржу, ты дзяржыш і г. д. Спрагаецца як дрыжаць. Акурат так падае гэтае слова тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У рускай жа мове пры спражэнні мы назіраем зусім іншы націск.

Як сведчыць лексічны атлас беларускае мовы, дзеяслоў дзяржаць сустракаецца побач з трымаць амаль на ўсёй Беларусі. У паўночна-заходнім дыялекце ён нават пераважае. Відаць, якраз таму акурат дзяржаць першым зафіксавалі нашыя помнікі даўнейшага пісьменства, з Полаччыны ды Смаленшчыны, якія фіксуюць беларускую мову ад ХІІІ ст., а мо і раней.

Гэты старадаўні дзеяслоў мы сустракаем і ў мове літоўскіх статутаў, якая ў вялікай ступені захавала юрыдычную лексіку даўнейшых тэкстаў з паўночных земляў Беларусі.

А ваяводаве і стараставе маюць у такіх рэчах безадвалочную справядлівасць чыніці так, іжбы (…) за паўгода старана жалобная канечную справядлівасць і з адправаю рэчы прысуджанае адзяржаці магла. (Раздзел IV, «А суддзях і судзех»)

Можа нездарма Янка Купала выкарыстоўвае гэты дзеяслоў у кантэксце даўніны.

Зброя золатам гарыць,
Толькі ў сонцы зях, зях!
У руцэ меч князь дзяржыць,
Так і гэтак мах, мах! («Князь»)

Купала выкарыстоўвае гэты дзеяслоў таксама ў пераносным значэнні:

Дзяржыць бяда старога,
Хаваюць маладога;
Забрала дамавіна.
Не бацьку, але сына. («Адвечная песня»)

Мовазнаўца Юры Пацюпа, пішучы пра гэта слова, адзначае:

У нас на Лідчыне ёсць і атрымваць і дзяржаць. Відаць, абодва маюць права на існаванне — ведама, калі іх размежаваць стылёва. («Tahafut al-Tahafut», Arche 4-2006)

Такую стылістычную размежаванасць падобныя дзеясловы маюць, напрыклад, у польскай мове. Там таксама ёсць два дзеясловы такога самага значэння trzymać i dzierżyć, толькі што апошні радзейшы і стылістычна афарбаваны.

Можа і нам, за Статутам ды за Янкам Купалам, варта было б выкарыстоўваць дзеяслоў дзяржаць у юрыдычным значэнні («адзяржаць справядлівасць у судзе»), у кантэксце даўніны («дзяржаць меч»), у пераносным значэнні («бяда дзяржыць»). А адкуль паходзіць слова дзяржава? Ці не ад «дзяржаць уладу»?

Як бачым, нашы класікі і нашы даўнейшыя юрысты карысталіся напоўніцу лексічным багаццем нашае мовы. Можа і нам паспрабаваць? Давайце пашукаем месца і для гэтага старадаўняга слова. Калі зручна.

Лявон Маліноўскі

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера