Знайсці
15.11.2012 / 11:068РусŁacБел

Падазраваных па справе аб выбуху ў Віцебску няма, хоць дапыталі 60 чалавек

Падазраваных па справе аб выбуху ў Віцебску зараз няма, паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Следчага камітэта Павел Траулька.

Нагадаем, выбух ля будынка УКДБ па Віцебскай вобласці самаробнай выбухной прылады адбыўся ўвечары 11 лістапада. КДБ распаўсюдзіла інфармацыю, што прылада была піратэхнічнай, без паражаючых элементаў. Каб падарваць, яе падпалілі. У выніку былі пашкоджаныя два акны.

Паводле словаў Траулькі, у першыя дні па справе было дапытана больш за 60 чалавек.
Аднак пасля правядзення праверачных мерапрыемстваў іх адпусцілі.

КДБ паведамляў, што па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства затрымлівалі траіх. Прычым шматзначна падкрэслівалася, што адзін з затрыманых вылучаецца ненармальнымі паводзінамі і раней званіў у КДБ з крытыкай.
Выглядае, што адпусцілі і яго.

Па факце выбуху расследуецца справа па частцы 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Беларусі (асабліва злоснае хуліганства). Як паведаміў Траулька, прызначаныя выбухатэхнічнага ды іншыя экспертызы.

Выбух у Віцебску быў звяном у дзіўным ланцугу здарэнняў.

5 лістапада на беларуска-польскай мяжы адбыўся выбух. 6 лістапада невядомыя кінулі кактэйль Молатава ў літоўскае пасольства ў цэнтры Мінска. 8 лістапада ў Наваполацку й Віцебску затрымалі двух маладых рабочых, аднаго з іх абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве.

9 лістапада было абвешчана пра вызваленне ад пасады кіраўніка КДБ генерала Зайцава. Замянілі яго не на намесніка, а на кіраўніка Рады Бяспекі, а адстаўку звязалі са смерцю падпалкоўніка КДБ Казака — смерцю, якую Камітэт доўгі час адмаўляў, нібы тых мядзведзікаў. А 11 лістапада ў Віцебску каля КДБ адбываецца выбух «самаробнага піратэхнічнага прыстасавання», у выніку якога пашкоджаны два акны. Між тым ад 12 лістапада ў краіне ўступаюць у сілу дапаўненні ў законы аб барацьбе з тэрарызмам і супрацьдзеянні экстрэмізму.

Пра віцебскі выбух вядома, што ён быў зусім не моцным, але пацягнуў за сабой шматлікія затрыманні ў горадзе. Мяркуючы па інфармацыі некаторых затрыманых, бралі хлопцаў у чорных куртках з капюшонам.

Многія адразу правялі паралель між гэтым выбухам і тэрактам у Віцебску 2005 года, які, як устанавіў суд, быў справай рук Канавалава і Кавалёва — іх расстралялі. Аднак першая паралель падманная.

Акрамя горада, у якім адбылося здарэнне, больш два выпадкі нічога не лучыць. Выбух 2005 года адбыўся ў людным месцы, а выбуховая прылада была напоўнена паражальнымі элементамі. Гэтым разам здарэнне нагадала хутчэй сімвалічныя падзеі 2010 года ў Бабруйску,
калі Васьковіч, Пракапенка і Сырамалотаў шпурнулі ў будынак спецслужбы кактэйль Молатава.

Чарада малазначных, але гучных здарэнняў апошняга тыдня, на першы погляд, выглядае нібы чыясьці спроба накаліць абстаноўку ў грамадстве.

Мікола Бугай; інф. БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930