Знайсці
08.11.2012 / 00:3617РусŁacБел

Шанцаў на выхад з групы засталося нямнога. «Валенсія» — БАТЭ — 4:2

Пасля двухматчавай дуэлі з іспанскім клубам барысаўцы маюць нямнога шанцаў на выхад з групы Лігі чэмпіёнаў.

Пасля дзвюх перамог — над «Лілем» і «Баварыяй» — БАТЭ нечакана аказаўся на першым радку групы. Але «Валенсія» апусціла беларусаў з неба на зямлю.

Першы матч у Мінску «Валенсія» выйграла з лікам 3:0. Гэта быў бенефіс Раберта Сальдада, які аформіў хет-трык. Гэта была сёмая сустрэча БАТЭ з іспанскім клубам, і сёмая параза.

Цікава, што на 51-ай хвіліне гульні ў Валенсіі на табло старой «Местальі» гарэлі аналагічныя мінскім лічбы.

Першы гол у вароты Гарбунова правёў бразілец Жанас на 26-ай хвіліне. Варта адзначыць, што забіваючы гол, футбаліст падыграў сабе рукой. Суддзя не заўважыў. У прынцыпе, гол нарадзіўся з нічога. Бо да гэтага ніякіх небяспечных момантаў не было.

А літаральна праз тры хвіліны пасля першага гола адбыўся і другі. Арцём Радзькоў парушыў правілы ва ўласнай штрафной. Раберта Сальдада з адзінаццаціметровых не прамазвае.

У другім тайме алжырац Саф’ян Фегулі зрабіў лік зусім непрыстойным. Стала неяк сумна.

Праўда, Брэсан у хуткасці са штрафнога змог адыграць адзін гол. Брамнік «Валенсіі» не звёў у час ног і мяч праскочыў паміж імі. У СССР на гэта казалі «дваццаць капеек».

За сем хвілін да канца гульні з’явілася надзея на станоўчы вынік. Брэсан вельмі тонка адабраў мяч у абаронцы «Валенсіі», мяч падхапіў Віталь Радзівонаў. У яго самога была добрая пазіцыя для забівання, але Дзмітрый Мазалеўскі быў увогуле ў ідэальным становішчы — 3:2.

Злым геніем БАТЭ ў гэтай гульні стаў Фегулі. Менавіта ён паставіў кропку ў сустрэчы пасля цудоўнай перадачы Эвера Банегі — 4:2.

Насамрэч хоць галоў было шмат, але феерычным матч назваць нельга.

У другім матчы дня мюнхенская «Баварыя» разграміла «Ліль» — 6:1.

Сітуацыя ў групе выглядае наступным чынам: «Баварыя», «Валенсія» — па 9 пунктаў, БАТЭ — 6, «Ліль» — 0.

20 лістапада БАТЭ ў Мінску прыме «Ліль».

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031