Знайсці
28.05.2012 / 13:0278РусŁacБел

Як на агурках зарабіць мільёны

Беспрацоўныя ў палескай вёсцы будуюць па тры дамы на сям'ю.

Калі стала зразумела, што на дзяржаўных харчах добрае сельскае жыццё не пабудаваць, калгаснікі самай вялікай беларускай вёскі Альшаны, што ў Брэсцкай вобласці (насельніцтва больш за 8 тысяч чалавек) дружна звольніліся з калгасу і пачалі зарабляць на агурках.

Тут усё супярэчыць звычайнай постсавецкай вёсцы: жыхары не п’юць, не жывуць у старых хатах, палова сем’яў — шматдзетныя, у кожнай — невялікі аўтапарк, які ўключае легкавую і грузавую тэхніку. У Беларусі гэта называюць «Альшанскі феномен», але, калі прыгледзецца, ніякага чараўніцтва няма, першая і

галоўная прычына дабрабыту альшанцаў — адмова ад супрацоўніцтва з дзяржавай.
Афіцыйна тут усе беспрацоўныя, падаткаў не плацяць, свой агурочны бізнэс да гэтага года вялі без усялякага нагляду, карыстаючыся геаграфічным становішчам — далёка ад вялікіх гарадоў, вось ніхто і не лезе з праверкамі. Мясцовыя фермеры не асабліва жадаюць свяціцца ў прэсе, каб не прыцягваць увагі, таму просяць прозвішчаў не называць. «Агурочны бізнэсмэн» Андрэй расказвае пра росквіт роднага сяла:

— У Маскве вельмі любяць нашы агуркі, таму што яны без нітратаў, смачныя, зямля ўрадлівая. У дзень 40–50 фур сыходзіць у Расію. За сезон з адной цяпліцы я зарабляю тысяч 300 расійскіх рублёў. А цяпліц у мяне 7. Вось і лічыце самі.

Лічыць лёгка, а ў гэты час сярэдняя зарплата ў звычайным беларускім калгасе ледзь дацягвае да трох тысяч рублёў, а некаторыя работнікі і зусім атрымліваюць па 50–300 рублёў у месяц. Дарэчы, альшанскія агурочныя каралі яшчэ і ствараюць працоўныя месцы — тыя, у каго цяпліц шмат, наймаюць людзей збоку для дапамогі ў вырошчванні свайго «зялёнага золата». І народ з суседніх вёсак з радасцю едзе на заробкі сюды. А вось дзяліць буйныя часткі бізнэсу са староннімі альшанцы не любяць, таму імкнуцца па магчымасці лагістыкай і продажам займацца ўнутры свайго клана — напрыклад, цесць вырошчвае агуркі, зяць валодае парай фур і адказвае за перавозку, а жонкі прадаюць агуркі і вядуць бухгалтэрыю. Андрэй дзеліцца падрабязнасцямі сямейнага ўкладу ў Альшанах:

— У нас прынята, каб дзяцей было шмат. У мяне самога чацвёра, але гэта яшчэ не мяжа, ёсць сем’і, дзе сем дзяцей, дзесяць.
А чаго — кормім. У мяне растуць дзве дачкі, і ў пасаг, як заведзена, пабудую кожнай з іх дом. Спадзяюся, што выйдуць замуж за сваіх, альшанскіх, ну, ці за каго-небудзь з суседніх вёсак. Таму што ўсякія ўсходнія беларусы мне не падабаюцца, гэтыя людзі не хочуць працаваць, толькі ныюць, што ўсё дрэнна. Не хачу, каб такога дачка ў сям’ю прывяла.

Дамы ў Альшанах дыхтоўныя, еўрапейскія, а на платах ля мясцовага рынка вісіць нязвыклая, ды і не патрэбная ў звычайнай вёсцы рэклама — нацяжныя столі, аконныя шклопакеты, сталёвыя дзверы. Усё гэта карыстаецца попытам у сялян. У дамах у іх велізарныя плазменныя тэлевізары, шмат мэблі з маскоўскай «Ікеі» — фуры з Расіі не вяртаюцца пустымі.

На машынах тут ездзяць гадоў з 15, балазе, даішнікаў на мясцовых дарогах няма. Добрым тонам лічыцца падарыць дзіцяці на выпускны ў школе ключы ад аўтамабіля. Пакуль іншыя беларускія вёскі старэюць і выміраюць, у Альшанах паўтары тысячы дзяцей школьнага ўзросту.

Праўда, вучыцца ў школе альшанскія дзеці не хочуць, і не любяць — настаўнікі скардзяцца на поўную абыякавасць да адукацыйнага працэсу і пастаянныя адпіскі ад бацькоў.
Дырэктар сярэдняй школы № 1 Ганна Мазоль кажа:

— Як толькі пачынаецца пасяўная агуркоў, гэта сакавік месяц, старэйшых дзяцей як карова языком злізвае — могуць тыднямі не хадзіць на ўрокі, потым толькі прыносяць запіскі ад бацькоў: «Па сямейных абставінах». Абставіны гэтыя ва ўсіх адны — агурочны бізнэс. У нас вельмі нізкая поступальнасць у вышэйшыя і сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы, за гэта ўвесь час атрымліваем вымовы ў раённым аддзеле адукацыі, з 1,5 тыс. вучняў у горад з’язджаюць 18–20 чалавек у год. Нядаўна я паспрабавала правесці выхаваўчую гутарку пра карысць ВНУ з адным даволі паспяховым вучнем, а ён мне ў адказ:

«Мне 16, і я ўжо сабе на машыну зарабіў, дапамагаючы тату гадаваць агуркі. А ў вас, з вашай адукацыяй, машыны няма і не будзе. Навошта мне ехаць у горад вучыцца, калі я там за ўсё жыццё не зараблю столькі, колькі дома за пяць гадоў!»

Шматдзетнасць і адсутнасць у мясцовых мужчын схільнасці да выпіўкі звязаныя з тым, што ўсе вяскоўцы — апантаныя вернікі пратэстанты, якім рэлігія забараняе карыстацца супрацьзачаткавымі сродкамі, рабіць аборты, выпіваць і прымаць наркотыкі. Таксама адным з найважнейшых пастулатаў пратэстантызму з’яўляецца дактрына пра неабходнасць працаваць добрасумленна і старанна. Менавіта таму пратэстанцкія абшчыны па ўсім свеце жывуць эканамічна добра. І нягледзячы на тое, што баптыстаў у Беларусі сустрэлі неласкава ў 90-я, у Альшанах паркоўка перад малітоўным домам кожную суботу запоўненая, у той час як праваслаўная царква пустуе і занепадае без вернікаў.

Беларуская ментальнасць, якая праяўляецца ў абыякавым стаўленні да ўсяго, што датычыць агульнага, а не асабістага дабра, нікуды не падзелася і ў заможных альшанцаў.
Дарогі ў вёсцы такія ж раздзяўбаныя, як і ў любой беднай вёсцы. Мясцовыя жыхары выглядаюць даволі дзіўна, калі абураюцца тым, што дзяржава, якой яны нават не плацяць падаткаў, не вылучае сродкаў на рамонт дарог, якія яны ж самі і ператвараюць у балота, разбіваючы апошні асфальт сваімі фурамі і КАМАЗамі.

Ідэя пра тое, каб скінуцца і самім прывесці ў парадак сваю радзіму, у галовы агурочных верхаводаў не прыходзіць. Гэтак жа, як і ідэя сабраць грошы на аўтобус, які б давозіў дзяцей да школы — з новых раёнаў многім тупаць у альма матэр аж 3 кіламетры, і таты на машынах іх падвозіць не могуць — з раніцы заўсёды шмат працы на зямлі.

Дырэктар школы скардзіцца, што кожны дзень спазняецца да пачатку урокаў 50–90 чалавек, а тыя, хто прыходзіць своечасова, хвілін 15 хвілін адмываюць абутак ад дарожнага бруду. Да ўсяго, што за плотам іх уласных дамоў, альшанцы ставяцца з абыякавай утылітарнасцю — напрыклад, мясцовыя ўлады ўжо стаміліся змагацца з тым, што жыхары звальваюць проста на вуліцах дровы, якімі ацяпляюць цяпліцы ў халады.

Апошнім часам у Альшанах неспакойна. У канцы красавіка над альшанскімі агуркамі навіслі дзяржаўныя хмары — падчас візіту ў Столінскі раён пра гэты бізнэс выказаўся сам Аляксандр Лукашэнка, папракаючы расійскіх аптавікоў у тым, што яны крыўдзяць беларускага вытворцу:

— Прыехаў з Расіі нейкі чалавек і кажа: «Вось я табе даю столькі. Хочаш — аддавай, хочаш — не аддавай». А што яму застаецца рабіць? Праз суткі гэта ўжо не агурок. І ён танна аддае гэтыя агуркі.

Каб вытворцам было зручна прадаваць агуркі дзяржаве «па нармальных цэнах», прэзідэнт даручыў да восені пабудаваць у Альшанах лагістычны цэнтр або перапрацоўчае прадпрыемства.

Альшанцы такім навінам зусім не радыя, бо не ўсе маюць магчымасць прадаваць свой тавар самастойна, многія завязаныя на аптавіках з Расіі. Не хавае свайго абурэння фермер Іван Грыб, які валодае пляцоўкай вясковага агурочнага рынку:

— Людзі страцяць усё! Калі выганяць пастаянных пакупнікоў з Расіі, што нам рабіць з агуркамі? Гэта будзе сапраўдная катастрофа.

Куды дзяваць 40 фур агуркоў? Здаваць у «Белкаапсаюз» за капейкі? Дык лепш выкідваць!
Абарот на рынку — 1–1,5 млн даляраў у дзень! Адначасова 30 фур загружаецца! Мікрааўтобусы і больш дробныя машыны наогул ніхто не лічыць! Агурок — тавар вельмі далікатны. Калі аб 11-й гадзіне яго зняў з градкі — на наступную раніцу ён ужо павінен быць у пакупніка. На тое, каб наладзіць сістэму, якая зможа канкураваць з расійскімі аптавікамі, спатрэбяцца велізарныя выдаткі. Калі гэта наогул у нас атрымаецца.

svpressa.ru

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера