Знайсці
02.06.2018 / 11:3848РусŁacБел

Старшыня БСДП Ігар Барысаў адказвае Ганне Смілевіч: Еўрапейскія каштоўнасці — гэта прыняцце разнастайнасці і павага да індывідуальнасці

Старшыня БСДП Ігар Барысаў адказвае Ганне Смілевіч.

Чытайце таксама. Ганна Смілевіч рэзка выказалася пра фемінізм, ЛГБТ, перагібы і празмерную паліткарэктнасць

Чытайце таксама. Валянцін Стэфановіч адказвае Ганне Смілевіч: Недыскрымінацыя — наша традыцыйная каштоўнасць

Усё ж такі я веру ў моладзь, як у прагрэсіўную частку грамадства, нават калі і сустракаю тэксты, арыентаваныя на мінулае і традыцыйнае. Я не асуджаю пазіцыю — я спрабую дыскутаваць, бо псіхолагі кажуць, што разумныя і адукаваныя людзі ў выніку дыскусіі могуць мяняць сваю пазіцыю, бо новыя аргументы спрыяюць развіццю асобы.

1. Пра гендарную роўнасць

Некаторыя кажуць, што ў Беларусі праблема высмактаная з пальца і жанчын у Беларусі ніхто не дыскрымінуе, яны маюць аднолькавыя правы з мужчынамі, галасуюць на выбарах, з'яўляюцца дэпутаткамі, працуюць на кіруючых пасадах і паспяхова займаюцца бізнэсам.

Гэтай пазіцыі прытрымліваецца і дзяржава. Два гады таму дзясятак магілёўскіх актывістак і актывістаў спрабавалі зарэгістраваць грамадскую арганізацыю Магілёўскі гендарны цэнтр «Ружа», мэтай якога было прадухіленне гендарнай дыскрымінацыі. Аблюст у афіцыйнай адмове ў рэгістрацыі адказаў, што праблемай гендарнай роўнасці займаецца дзяржава і, адпаведна, сэнсу ў існаванні такой арганізацыі няма.

Аднак фактычна прызнаўшы, што праблемы гендарнай роўнасці няма. Ці знікла праблема?

Мяркую, што не.

Не варта ўсіх жанчын заганяць у паняцце іх традыцыйнай ролі ў сям'і і грамадстве. У жанчын павінна быць права вырашаць чаго яны хочуць — працаваць па забароненай ім спецыяльнасці ці быць захавальніцамі хатняга ачага, прэтэндаваць на кіруючую пасаду альбо выступаць за фемінітывы ў канчатках, служыць у войску альбо быць святарскамі ў царкве.

Я выступаю за гендарную роўнасць і прызнаю, што праблемы жанчын у сучасным беларускім грамадстве існуюць і не вырашаюцца, хоць у Беларусі, у параўнанні з іншымі краінамі, яны выглядаюць менш кантрастнымі.

Я прашу не блытаць фемінізм з радыкальным фемінізмам, калі голымі, прабачце, цыцкамі некаторыя актывісткі спрабуюць прыцягнуць увагу да той ці іншай праблемы. Цыцкі паказаць прасцей, чым нарадзіць тэкст, які будзе мець уплыў на грамадства.

Праблемы гендарнай роўнасці ў Беларусі заключаюцца ў тым, што праз адсутнасць гендарна збалансаваных працоўных калектываў жанчыны зарабляюць менш. Прыклад — настаўнікі і медыкі. У гэтыя сферы рэдка ідуць мужчыны, бо цяжка карміць сям'ю, маючы малы заробак. Толькі павышэнне заробкаў у гэтых сферах зробяць прафесіі прывабнымі для мужчын і, адпаведна, пацягнуць заробкі жанчын да больш высокага ўзроўню.

Жанчыны ў Беларусі маюць дадатковыя хатнія абавязкі, бо ў большасці сем' яў праца ў доме ляжыць на плячах жанчын і не кожны з мужчын дзеліць гэты час са сваімі палавінкамі.

Падаўляльную большасць вышэйшых дзяржаўных пасадаў займаюць выключна мужчыны. Шведскі вопыт паказвае, што калі жанчыны прыходзяць на высокія пасады, ад гэтага выйграюць усе — жанчынам знаходзіцца месца ў палітыцы і яны самарэалізуюцца. Напрыклад, у самай буйной партыі Швецыі — Шведскай сацыял-дэмакратычнай партыі — колькасць жанчын складае 55%. Жанчыны моцна ўплываюць на парадак дня партыі, разумеюць свае праблемы і таму за партыю галасуе шмат жанчын, што робіць сацыял-дэмакратаў першымі ў рэйтынгу палітычных сілаў Швецыі.

Як партыя мы выступаем за фемінітывы ў беларускай мове. Гэта развівае мову, паважае жанчын і адразу вызначае пол асобы пра якую вядзецца гутарка. Мова мусіць быць жывой і калі ў грамадстве з'яўляецца запыт на фемінітывы, яго нельга адмаўляць.

І не варта забываць, што гендар - гэта сацыяльны пол, які прыпісваецца мужчыне ці жанчыне ад моманту нараджэння ў сілу стэрэатыпаў, якія фармуе нашае грамадства. Гэта як хлопчыкам ад нараджэння апранаць блакітны камбінезон, а дзяўчынкам ружовы! А чаму не наадварот? Хто прыдумаў гэтае правіла?

2. Пра сэксуальныя меншасці

У аднаго майго знаёмага запыталі: «Ты гей?» Ён задумаўся і адказаў, што не ведае, бо ніколі не спрабаваў сэкс з аднаполым партнёрам. Таму не ведае, ці такі ён, аднак дадаў, што яго не цягне паспрабаваць.

Знаёмая псіхолаг кажа, што ўсе людзі бісэксуальныя і ў кожнага праява бісэксуальнасці маецца ў той ці іншай ступені, аднак у цэнтры стаіць асоба, чалавек, і варта людзей разглядаць з гэтай пазіцыі.

Вясёлкавы сцяг на амбасадзе Вялікабрытаніі ў Менску — гэта не прапаганда сэксуальных меншасцяў, гэта іх прыняцце. Прыняцце людзей такімі, якія яны ёсць, абарона іх правоў як адной з групаў меншасцяў.

Звычайныя геі, лесбіянкі, бісэксуалы ці трансгендары — гэта людзі, пра якіх вы ў рэдкім выпадку падумаеце, што яны такія, бо яны не выпячваюць сваю арыентацыю навідавок усім. Яны жывуць звычайным жыццём і ніколі не прапагандуюць сваю адрозненасць.

Але як і ў праваслаўі ёсць радыкальная плынь з казакамі і Мікалаем ІІ у якасці святога, як сярод рускай меншасці ёсць апантаныя беларусафобы і ватнікі, так і ў атачэнні геяў ёсць эпатажныя асобы, якія сваімі паводзінамі адштурхоўваюць. Гэта не пытанне ў тым, што наша «традыцыйнае» грамадства іх не ўспрымае, пытанне ў тым, што звычайныя людзі цураюцца вычварнасці і навязлівасці. Гэта як да цябе чапляюцца казакі з Мікалаем ІІ у вобразе святога ці руская меншасць са сваімі георгіеўскімі стужкамі і прапагандай рускага свету.

У кожнай групе ёсць свае эпатажныя персанажы, аднак гэта не азначае, што ўсе праваслаўныя — прыхільнікі казакаў і Мікалая ІІ, а ўсе рускія — аматары георгіеўскімі стужак.

Сэксуальныя меншасці былі, ёсць і будуць. Пытанне ў тым ці прымаем мы іх альбо адмаўляем іх існаванне як групы і цкуем старымі савецкімі стэрэатыпамі аб тым, што ў нас ідэальнае грамадства, а гомасэксуалізм — хвароба.

Псіхолагі кажуць, што часам, каб вырашыць праблему, яе варта прыняць, і тады на яе можна глядзець інакш.

Тым не менш арганізатарам гей-прайдаў, хросных хадоў з казакамі і Мікалаем ІІ, шэсцяў бясмяротных палкоў варта разумець, што ўсё гэта ўспрымаецца вычварна.

3. Расавая дыскрымінацыя і нацыянальныя меншасці

Нехта скажа, што пытанне не актуальнае для Беларусі, аднак, на маю думку, толькі да таго моманту, пакуль краіна ў эканамічным плане не пачне вабіць сваім дабрабытам працоўныя сілы з іншых рэгіёнаў.

Не думаю, што такое адбудзецца пры цяперашняй уладзе.

Тым не менш мы можам паставіць крыж на беларускай талерантнасці ў выпадку, калі ў нас не будзе праграм па інтэграцыі працоўных мігрантаў у беларускае грамадства.

Беларусы хоць і міралюбівыя, аднак дакладна вызначаюць нацыянальныя групы, якія кампактна пражываюць ці тое ў вёсках, ці тое ў рэгіёнах, а гэта палякі, літоўцы, украінцы, татары і цыганы.

Калі няма кампактнага пражывання ў нацыянальнай меншасці, яе прадстаўнікі досыць цярпіма ўспрымаюцца беларусамі. Кампактнае пражыванне ўсё ж такі выклікае пэўнае стаўленне да нацыянальнай групы і, адпаведна, дае права гэтай нацыянальнай групе на сваю адметнасць у культурным плане, асабліва калі гэтая нацыянальная група ўвесь час жыла на пэўнай тэрыторыі.

Права гэтых груп на нацыянальную мову навучання мусіць быць непахісным. Ва ўсім астатнім яны мусяць мець аднолькавыя правы з прадстаўнікамі тытульнай нацыі.

У нас яскравым прыкладам, калі вылучаецца адна нацыянальная група з іншых, з'яўляюцца зводкі МУС, дзе ў выпадку здзяйснення правапарушэння цыганам пазначаецца, што злачынства здзейсніў прадстаўнік дыяспары. Пра ўсе астатнія нацыянальнасці ў зводках МУС не ўзгадваецца. Вось гэта прыклад таго, як міліцыя дыскрымінуе цыган, хоць мы ведаем, што не ўсе яны злодзеі, як не ўсе рускія — «ватнікі».

Старажытныя грэкі былі каланістамі і засвойвалі полісы ў розных частках Міжземнамор'я, шмат якія полісы былі шматнацыянальныя і нельга казаць, што ў тыя часы не было цёмнаскурых афрыканцаў. Улічваючы тое, што грэкі карысталіся рабскай працай, у іх былі ў рабах усе адценні скураў Міжземнамор'я.

І апошняе.

Еўрапейскі дабрабыт звязаны з каштоўнасцямі. Калі ў кожнай групы ёсць правы, і яна абароненая, то мы можам казаць пра салідарнае грамадства, а салідарнае грамадства таксама можа ўспрымацца з часам як традыцыйнае. Пытанне ў тым, хто якіх каштоўнасцяў і стэрэатыпаў прытрымліваецца.

Старшыня БСДП Ігар Барысаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера