Знайсці
21.08.2017 / 19:18116РусŁacБел

Украінскі тэлеканал 1+1 пасцябаўся з беларусаў ВІДЭА

Гэтым летам на ўкраінскім тэлеканале 1+1 стартавала гумарыстычная перадача «Ведай нашых». Гэта своеасаблівы аналаг «Нашай Рашы». У паўгадзіннай перадачы дэманструецца некалькі смешных сюжэтаў, якія апавядаюць пра жыццё таго ці іншага героя.

Фішка «Ведай сваіх» у тым, што сцябуцца аўтары не толькі з саміх украінцаў, але і з іншых народаў, якіх тым ці іншым шляхам занесла ва Украіну. Сярод герояў — беларуская сям’я Лукашэвічаў. Яны выйгралі пуцёўку ў самы дарагі гатэль Кіева. Беларуская сям’я прыехала ў сталіцу Украіны з пасёлка Выдубкі.

У анонсе ролікаў пра беларусаў падкрэсліваецца, што гэта — адна з дзвюх самых вялікіх удач Лукашэвічаў у жыцці. Першай жа называецца заўсёды рознае. Напрыклад, калі бацьку «заплацілі заробак грашыма, а не запалкамі», ці «калі ў джынсах з сэканд-хэнда знайшоў залатую каронку», ці калі «атрымалася магнітам спыніць лічыльнік вады».

Беларусы ў шоу выступаюць гэткімі «калгаснікамі». Іх так нават называе адна з дзяўчат па выкліку, што выпадкова апынулася ў нумары Лукашэвіча.

Апранутыя беларусы сціпла, па-савецку. Прыехалі яны ў Кіеў з клятчатымі сумкамі, папулярнымі сярод чаўнакоў і прадаўцоў рынка Ждановічы. Ужо ад самага пачатку беларусы не могуць разабрацца з дзвярыма, якія кружацца па коле, а таксама не ведаюць, як выкарыстоўваюць пластыкавыя карткі ў якасці ключа ад дзвярэй нумара.

Адразу варта сказаць, што ў акцёраў вельмі не падобны беларускі акцэнт. Замест таго, каб сказаць беларускае «чаго», яны кажуць «чо-чо». І такіх прыкладаў багата.

Лукашэвічы грабуць цукеркі на рэцэпцыі гатэля, а таксама б’юць парцье, які спрабуе забраць іхнія сумкі. Калі беларусам прапануюць прэзідэнцкі нумар, то яны перапалоханыя. «Вось яны нас паселяць з прэзідэнтам, а пасля пасадзяць як шпіёнаў».

Ёсць удалыя перапрацоўкі стандартных жартаў пра беларусаў. Калі ім кажуць, што ложак зламаны, то бацька сямейства кажа: «Зламаны — гэта не значыць, што яго няма. Пацерпім».

У нумары Лукашэвічы рыхтуюцца сустракаць прэзідэнта. У сына Воўкі на шыі навязаны піянерскі гальштук. Адзін з стэрэатыпаў пра савецкасць беларусаў. На стале ў іх прывезеныя з сабой з дома закатаныя гуркі, хатнія кілбасы і гарэлка.

Наступнае выпрабаванне Лукашэвічаў — сняданкі. Беларусы цягаюць з іх ежу сабе ў нумар. А потым перажываюць, што ў іх будуць праз гэта непрыемнасці.

«Пасадзяць цябе. Дакладна пасадзяць, тут участковы за пляшку цябе не адмажа — гэта ж Еўропа. Яны табе руку адрэжуць», — кажа жонка свайму Колю. Падсвядома навязваецца ўспрыманне, што Украіна — больш Еўропа, чым Беларусь. І хабарам пытанні тут не рашаюцца.

Галава сямейства вельмі баязлівы, калі ж небяспека знікае, то ён любіць рысавацца перад сямейнікамі. «Усё, Зіна, парашаў баця пытанні. Я ім кулачышча свой рабочы як паказаў, дык самы здаравенны са сполаху кепку пакінуў», — з гонарам кажа ён, калі высвятляецца, што ніхто арыштоўваць не збіраецца.

Выхад з гатэля беларусы знайшлі толькі на трэці дзень. «Мы на канцэрт спазняемся. Музыкі ўсю ноч у пераходзе для цябе граць не будуць», — кажа Мікалай жонцы.

«Выбачаюцца толькі баязліўцы і тыя, хто не мае рацыі. А Лукашэвічы заўсёды маюць рацыю», — дзеліцца сваёй філасофіяй бацька. Пры першай жа небяспецы ён «адракаецца» ад сына і жонкі, называючы яе ўдавой.

«Яны ўсе гэтыя гарадскія з гнільцой, з імі па-мужчынску паразмаўляеш, дык яны адразу заяву пішуць», — працягвае дзяліцца сваёй мудрасцю Мікалай Лукашэвіч.

Беларуская сям’я пачынае абжывацца ў гатэлі. Напрыклад, на сцены яны вешаюць дываны, а таксама гоняць самагонку пасля таго, як бацька выпіў увесь міні-бар у нумары.

Мікалай Лукашэвіч крадзе ў гатэлі вазок з рэшткамі вячэры прэм’ер-міністра, каб зладзіць рамантычную вячэру для сваёй жонкі. А таксама забірае ў хімчыстцы касцюм прэм’ера.

Зіна ж прэ бялізну проста ў басейне, дзе купаюцца іншыя жыхары гатэля, мые поліэтыленавыя пакеты.

«Я швейцар», — кажа Лукашэвічам работнік гатэля.

«А мы з Беларусі», — адказвае яму бацька сямейства.

Увогуле беларусы паказаныя дастаткова недалёкімі, але хітрымі людзьмі. Нельга назваць вобраз, створаны супрацоўнікамі тэлеканала, вельмі прывабным для нас. Ці аб’ектыўныя такія стэрэатыпы пра нас? Дзяліцеся ў каментарах.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера