Знайсці
18.08.2017 / 13:334РусŁacБел

Швед? Афганец? Бізнэсмен? Бежанец? Буйнога замежнага інвестара судзяць за махлярства

У судзе Заводскага раёна Мінска пачаўся разгляд справы Амідулы Набізада — грамадзяніна Швецыі з афганскімі каранямі. Ён знаходзіцца пад вартай з красавіка 2016 года. 32-гадовага Набізада вінавацяць у махлярстве і «адмыванні» нелегальных даходаў.

Амідула Набізада

Бізнэсовец ці махляр?

Увогуле, гісторыя вельмі заблытаная. Вядома, што Набізада займаўся бізнэсам, ён — уласнік прадпрыемства «БелТытан» у Наваполацку (займаецца вытворчасцю плёнкі), набыў «Баранавічыдрэў», у які планавалася ўкласці больш за $8 мільёнаў (але гэты бізнэс ён «не пацягнуў»). На момант затрымання Набізада быў гендырэктарам ТАА «Экадорыя», кампаніі, якая і займалася «Баранавічыдрэвам».

Аднак, судзяць Амідулу — здавалася б паспяховага бізнэсмена — за падман сваіх знаёмых і партнёраў ды выцягванне з іх грошай.

КДБ агучыў інфармацыю пра затрыманні грамадзян Арменіі, Беларусі і Швецыі, якія абвінавачваюцца ў буйным махлярстве. Паводле версіі сілавікоў, затрыманыя сцвярджалі, што ў іх ёсць сувязі ў КДБ, Следчым камітэце і сярод высокіх службовых асобаў дзяржавы і прапанавалі жыхару Беларусі «вырашыць» пытанне, звязанае з расследаваннем крымінальнай справы. За гэтую «паслугу» беларус аддаў замежнікам 335 тысяч даляраў і ювелірныя вырабы больш чым на 150 тысяч даляраў. Агульная сума за нібыта аказаныя паслугі павінна была скласці 1,5 мільёна даляраў ЗША, але ж «памагатых» затрымалі. Адным з іх і быў Набізада.

Бежанец ці шведскі грамадзянін?

Таксама незразумела, што з грамадзянствам Набізада. Раней паведамлялася, што ён грамадзянін Швецыі. Пра гэта ён сказаў і на судзе. Але раней КДБ заяўляла, што Набізада ў статусе бежанца знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі з 1999 па 2004 год пад іншымі анкетнымі дадзенымі. У кастрычніку 2004 года ён з'ехаў з Беларусі, а ў снежні вярнуўся — з новым іменем і шведскім пашпартам, які атрымаў ашуканскім шляхам, сцвярджалі сілавікі.

Сам Набізада запэўнівае, што ён шведскі грамадзянін, скончыў Стакгольмскую школу эканомікі.

Але ж ён працяглы час жыў у Беларусі, жанаты з мінчанкай, мае трое непаўнагадовых дзяцей. Размаўляе па-руску без перакладчыка.

«Кідаў» партнёраў аднаго за адным

Па версіі следства, Набізада быў не столькі бізнэсменам, колькі махляром. Ён пастаянна арганізоўваў новыя бізнэсы, браў з партнёраў грошы, якія прысвойваў.

Пацярпелымі па справе праходзяць трое. Плюс яшчэ двое падалі грамадзянскі пазоў ад кампаніі.

З адным з пацярпелых, беларусам Мікалаем Дудко Набізада заснаваў кампанію «Экадорыя». Яна павінна была заняцца вытворчасцю на «Баранавічыдрэве».

Але, па словах пракурора, Набізада праз падкантрольную брытанскую фірму падрабіў дакументы аб продажы абсталявання, якое нібыта каштавала 3,4 мільёна еўра.

Дудко ўнёс сваю долю — амаль мільён еўра. Гэтыя грошы Набізада перавёў на рахунак іншай сваёй фірмы.

Пасля ён пераканаў Дудко пералічваць то 40, то 20 тысяч еўра. Нібыта на рамонт цэха, дастаўку абсталявання… Дудко грошы даваў.

Іншым беларускім прадпрымальнікам з кампаніі «Алімпік Голд Інвест» Набізада прапанаваў разам заняцца вытворчасцю жалезабетонных канструкцый. Яны зарэгістравалі ТАА «Бетон Праект», пасля чаго Набізада ізноў пачаў браць грошы нібыта на абсталяванне. Гэтых партнёраў Набізада «кінуў» больш чым на $300 тысяч. Цяпер «Алімпік Голд Інвест» падае грамадзянскі пазоў, каб вярнуць грошы.

Не грэбаваў ён і меншымі сумамі. Трэцяя пацярпелая пералічыла 100 мільёнаў рублёў на будаўнічыя матэрыялы. Засталася ні з чым.

«КДБ — злачынцы! Яны ўсё перакруцілі!»

Але самы цікавы з пацярпелых — расійскі мільянер Вячаслаў Пагосаў.

З Пагосава Набізада планаваў узяць $1,3 мільёна, каб «дапамагчы вырашыць пытанне» з сілавікамі. Пасля — запісаў на афіцыйны прыём да намесніка старшыні Следчага камітэта, а перад Пагосавым зрабіў выгляд, што прыём арганізаваў сам.

За паслугі Набізада атрымаў ад Пагосава пярсцёнак за $150 тысяч і браслет за $20 тысяч. Затым Пагосаў яшчэ пералічыў каля $300 тысяч на рахунак «Экадорыі». Пазней — яшчэ $100 тысяч.

Пры гэтым, Вячаслаў Пагосаў лічыць галоўным злачынцам не Набізаду, а армяніна Васака Кастандзяна, якога затрымалі разам з сённяшнім абвінавачаным. Пагосаў упэўнены, што асноўны рухавік гісторыі — армянін Кастандзян.

На судзе Пагосаў заявіў хадайніцтва, каб справу вярнулі на даследаванне.

«Усё няправільна, я дакажу гэта. КДБ — злачынцы, яны ўсё перакруцілі, - пачаў крычаць на судзе Пагосаў. — Я дакажу, я лепш за ўсіх ведаю справу. Следства ўвяло ў зман і пракуратуру, і суд. Калі разабрацца, там усё інакш. Назібада — толькі на 20% злачынца!»

Праўда, суддзя да мільянера не прыслухалася. Хадайніцтва адхілілі.

Сам Амідула Набізада віну не прызнаў ні па адным з эпізодаў.

«Абвінавачванні — надуманыя і сфабрыкаваныя», - заявіў ён.

Хто такі Пагосаў

Варта адзначыць асобу Вячаслава Пагосава. Расійскі мільянер, які жыве ў Мінску і мае нават від на жыхарства ў Беларусі, пастаянна ўсплывае ў гісторыях, звязаных з хабарам.

Вячаслаў Пагосаў, фота tut.by

У 2008 годзе беларускі суддзя прапанаваў Пагосаву дапамогу ў прыватызацыі памяшкання пад краму ў Мінску. Пагосаў даў 600 тысяч еўра, але не атрымаў памяшкання, грошы таксама страціў. Ён пайшоў у міліцыю, звяртаўся ў суд.

А ў 2011 годзе ў Вячаслава Пагосава з сейфа знікла грошай і каштоўнасцяў на паўмільёна еўра. Праз тры гады — яшчэ амаль сто тысяч. Пагосаў вырашыў, што вінавата яго сужыцелька і перадаў мінскім следчым Сяргею Кастыку і Алегу Мельнікаву 30 тысяч даляраў «за аб'ектыўнае расследаванне двух крадзяжоў». Але справы не рухаліся, тады бізнэсмэн запатрабаваў ад следчых вярнуць грошы. Тыя не змаглі, бо грошы патрацілі. Пагосаў пайшоў у КДБ, следчых арыштавалі. Пагосаў пазбег адказнасці за дачу хабару і выступаў у судзе ў якасьці сведкі. Кастыка і Мельнікаў былі прысуджаныя да 7,5 гадоў зняволення і пазбаўлены спецыяльных званняў «падпалкоўнік юстыцыі».

І вось, у 2016 годзе, з дапамогай Набізада мільянер ізноў вырашыў разруліць праблемы праз хабар. І ізноў — няўдала.

Чытайце таксама:

Як мінскія следчыя развялі на грошы расійскага мільянера — суд

Улад Швядовіч, фота Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031