Знайсці
20.08.2017 / 11:0930РусŁacБел

Колькі год авіяцыі Беларусі і чаму ў нас святкуецца дзень заснавання флоту РСФСР

Піша падпалкоўнік авіяцыі Мікалай Кавалёў.

17 жніўня на афіцыйным узроўні адзначаецца дзень нараджэння Вайскова-паветраных сілаў Беларусі. Айчыннай авіяцыі — 89 гадоў. Але чаму за пункт адліку ўзяты 1918 год?

Любая дата, якую адзначае краіна, мае за мэту патрыятычнае выхаванне. Таму такія даты мусяць як мінімум быць звязаныя з сучаснай дзяржавай, канкрэтнымі аб’ектыўнымі падзеямі і ісці ў агульным кантэксце нацыянальнай гісторыі. І калі гэта так, то дасягаецца максімальны эфект у патрыятычным выхаванні грамадзян.

Калі не — тады выходзіць прафанацыя, на якую марнуюцца вялікія дзяржаўныя сродкі, а эфект у справе патрыятызму набліжаецца да нуля. І тады дзяржава прымусова нагадвае пра такія «даты», што яшчэ больш адштурхоўвае грамадзян. Замкнёнае кола!

Пытанне адліку стварэння Узброеных сіл Беларусі ўздымалася ў грамадстве неаднаразова. Напрыклад, узгадваецца 1528 год — перапіс войска ВКЛ. Наша ж дзяржава выбрала дату стварэння Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі РСФСР ў 1918 годзе, заадно прыклаўшы да гэтага года і дату стварэння беларускіх вайскова-паветраных сілаў (насамрэч, Рабоча-сялянскага Чырвонага паветранага флоту РСФСР). Я думаю, што ў чытача адразу ўзнікне заканамернае пытанне — а што ў 1918 годзе, за год да ўтварэння БССР, было беларускага ў паветраным флоце, створаным пад кіраўніцтвам Троцкага? У гэты час дзве траціны Беларусі яшчэ былі пад нямецкай акупацыяй!

Для працягу разваг на гэтую тэму ўзгадаем авіяцыйныя даты нашых суседзяў:

 

Расія. Дзень ВПС святкуецца 12 жніўня. У гэтую дату ў 1912 годзе утвораны Штат паветраплавальнай часці Галоўнага ўпраўлення Генеральнага штаба.

Дзень Паветранага флоту Расіі, прафесійнае свята ўсіх авіятараў, святкуецца ў трэцюю нядзелю жніўня. Свята прымеркавана да канца лётнага перыяду баявой падрыхтоўкі ВПС, што дазваляе сумясціць свята са спартыўнымі авіяцыйнымі спаборніцтвамі.

Дзень грамадзянскай авіяцыі Расіі — 9 лютага.

Украіна. Дзень авіяцыі — прафесійнае свята вайсковых і цывільных авіятараў, авіяцыйнай прамысловасці і транспарту. Адзначаецца ў апошнюю суботу жніўня. Ад 2007 года ўведзены Дзень Паветраных сіл Украіны — у першую нядзелю жніўня.

З гісторыі ўкраінскай авіяцыі: 13 снежня 1917 года Цэнтральная Рада афіцыйна стварыла Паветраны флот на чале с падпалкоўнікам Паўленкам.

Польшча. 28 жніўня адзначаецца агульнае свята грамадзянскай, вайсковай авіяцыі і авіяцыйнай прамысловасці — у гонар перамогі капітана Францішка Жвіркі і Станіслава Вігуры ў міжнародных спаборніцтвах сярод турыстычных самалётаў у Берліне ў 1932 г. Сумную сувязь з гэтым святам мае і беларуская авіяцыя — 30 жніўня 2009 у польскім Радаме загінулі беларускія лётчыкі Марфіцкі і Жураўлевіч.

Першапачаткова, ў міжваенны перыяд, Дзень польскай авіяцыі адзначаўся 5 лістапада, у гадавіну першага баявога палёту экіпажа Стэфана Бастыра і Януша дэ Бюрэйна ў 1918 годзе як самастойнай ад аўстрыйскіх уладаў польскай авіяцыйнай баявой адзінкі. Той палёт адбыўся за тыдзень да афіцыйнага абвяшчэння незалежнасці Польшчы.

А ўжо ад 1932 года свята было перанесена на 11 лістапада ў гонар адкрыцця помніка лётчыкам у Варшаве, якое прыпала акурат на Дзень незалежнасці Польшчы. Пасля вайны, ад 1950 года, дзень авіяцыі быў перанесены на 23 жніўня — дзень першых баявых вылетаў лётчыкаў 1-га знішчальнага авіяпалка Войска Польскага (ў складзе Чырвонай Арміі) на Магнушэўскім плацдарме.

Літва. 30 студзеня 1919 года ў Коўне пачалося фарміраванне Інжынернай роты — у яе складзе быў утвораны авіяатрад, у які пачалі залічваць добраахвотнікаў. 23 студзеня 1992 года выдадзены загад аб стварэнні нацыянальных ВПС Літвы. Ад 18 чэрвеня 1992 года пачалася самастойная падрыхтоўка літоўскіх лётчыкаў, што і лічыцца святам вайсковай авіяцыі. У 2012 годзе афіцыйна святкавалася 20-годдзе аднаўлення ВПС Літвы.

Вернемся да роднай Беларусі. Авіятары грамадзянскай авіяцыі Беларусі маюць сваё свята — у першую нядзелю лістапада яны адзначаюць Дзень работнікаў грамадзянскай авіяцыі Беларусі. Гэтая дата адпавядае тым крытэрыям, якія былі прыведзеныя ў пачатку артыкула, таму і выконвае сваю ролю як след. Свята прымеркавана да дня нараджэння грамадзянскай авіяцыі Беларусі — 7 лістапада 1933 года быў урачыста адкрыты аэрапорт «Мінск». Тое ж тычыцца святкавання ўтварэння ДТСААФ Беларусі, гісторыя якого лёгка прасочваецца. Сёлета было ўрачыста адсвяткавана яго 90-годдзе.

Дзень ВПС адзначаецца ў трэцюю нядзелю жніўня. Традыцыя яго святкавання цалкам пераняла савецкую традыцыю (аналагічна расійскай, за выключэннем даты ўтварэння ВПС). Нагадаем, што беларускія ВПС былі створаны 15 чэрвеня 1992, калі на базе ўпраўлення 26-й паветранай арміі ВПС СССР сфарміравалася камандаванне ВПС Беларусі.

Што тычыцца больш даўняй гісторыі авіяцыі Беларусі, то тут выяўляецца тры падыходы, звязаныя з канцэпцыямі грамадскага ладу на тэрыторыі краіны пачатку XX стагоддзя — перыяд Расійскай Імперыі, перыяд БССР і перыяд нацыянальна-дэмакратычных дзяржаўных утварэнняў: БНР і Сярэдняй Літвы.

На тэрыторыі Беларусі першае паветранае (вайсковае) падраздзяленне з’явілася 18 студзеня 1901 — Брэст-Літоўскае цвердзевае паветраплавальнае аддзяленне. На ўзбраенні меліся паветраныя балоны, газаздабывальныя агрэгаты, паравыя лябёдкі. Першы авіяцыйны атрад на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца ў жніўні 1912 года. Пры Пятай паветраплавальнай роце ў Гародні ствараюцца корпусны авіяатрад (адзін з першых авіяатрадаў Расійскай імперыі, на ўзбраенні меў самалёты французкай вытворчасці «Фарман-XІ» и «Ньюпор-IV») і аэрадром ля вёскі Чэхаўшчызна.

Разгледзім у храналагічнай паслядоўнасці савецкі, а дакладней бальшавіцкі перыяд.

10 снежня 1918 бальшавікі ўвайшлі ў Мінск і ўжо 19 снежня ў ім сфарміраваны 17-ты авіяцыйны атрад Рабоча-сялянскага чырвонага паветранага флота (РСЧПФ) РСФСР.

10 чэрвеня 1922 у Мінску ствараецца 1-я знішчальная авіяцыйная група РСЧПФ Заходняй вайсковай акругі РСФСР, якая 1 кастрычніка 1922 перафармаваная ў 4-ю Асобную знішчальную авіяцыйную эскадрыллю. Нагадаем, што СССР паўстаў толькі 19 снежня 1922. Атрымліваецца, што эскадрылля РСФСР базавалася на тэрыторыі «незалежнай» дзяржавы (у складзе 6 паветаў, без свайго войска), якую Савецкая Расія афіцыйна, дарэчы, «прызнала».

Разгледзім перыяд БНР і Сярэдняй Літвы.

Пры стварэнні войска БНР авіяцыйная яго частка не агаворвалася. Узгадваецца толькі выступ прадстаўніка Паветранага флоту на Першым Усебеларускім З’ездзе — «Мы лятаем свабодна. Ляціце і вы гэтак жа свабодна да светлай будучыні Беларусі». У кнізе А.Латышонка «Жаўнеры БНР» чытаем наступнае — «Армія генерала Булак-Балаховіча ў пачатку лістапада 1920 года налічвала каля 20 тысяч чалавек. У яе склад уваходзіла самалётная эскадрылля».

Іншая крыніца дадае — «Армія Булак-Балаховіча мела дзве эскадрыллі ў складзе 10 самалётаў». Пра баявыя дзеянні авіяцыі ў «Палескім паходзе» і згадак яе пры інтэрніраванні арміі Балаховіча на тэрыторыю Польшчы інфармацыі ў згаданых крыніцах няма.

Што да Сярэдняй Літвы, узнікае пытанне, ці варта лічыць яе часткай беларускай гісторыі, у тым ліку яе авіяцыйнага складніка. Гэтае дзяржаўнае ўтварэнне, залежнае ад Польшчы, існавала ў 1920—1922 на тэрыторыі Віленскага краю, займаючы таксама частку сучаснай тэрыторыі Беларусі. Аднак існаванне эскадрыллі Войскаў Сярэдняй Літвы адпавядала больш вялікапольскім інтарэсам, чым беларускім.

Такім чынам, можна зрабіць наступныя высновы.

Перыяд утварэння РСЧПФ РСФСР на тэрыторыі Беларусі амаль нічога не мае супольнага з нацыянальным кантэкстам нашай гісторыі. У гэты час авіяцыйныя падраздзяленні не былі нацыянальнымі, а само існаванне Беларусі, нават у бутафорным выглядзе, з’яўлялася пытаннем. Існаванне эскадрыллі Войскаў Сярэдняй Літвы адпавядала больш вялікапольскім інтарэсам, чым беларускім.

Найбольш нейтральнай, на аўтарскі погляд, з’яўляецца гісторыя ўзнікнення першых авіяцыйных месцаў на Беларусі — у Берасці, Гародні, Лідзе. Што і мусіць быць пакладзена за аснову з’яўлення авіяцыі ў нашай краіне. Напрыклад, ад моманту з’яўлення першага авіяатрада і першага аэрадрома ў Гародні (цяперашні аэрадром «Караліно»). Тым больш, ідэя падмацоўваецца існаваннем там трэці год запар авіяцыйнага фестываля, у гэтым годзе прысвечанага 105-годдзю заснавання аэрадрома.

Саму дату можна прывязаць да ўзгадкі ў газетах першага беларускага самалёта «Савецкая Беларусь» з надпісам па-беларуску. 25 ліпеня 1923 года ён быў перададзены Чырвонай Арміі.

А Дзень Вайскова-паветраных сіл Беларусі лагічна святкаваць ад моманту іх з’яўлення — 15 чэрвеня 1992 года. Тады ўсё становіцца на месцы: Беларуская дзяржаўнасць мае 1155 год («ад Полацка пачаўся свет»), беларускае войска — 489 год (ад першага перапісу войска Вялікага Княства), паветраплаванне ў Беларусі — 116 год (ад Брэст-Літоўскага паветраплавальнага аддзялення), авіяцыі ў Беларусі споўнілася 105 год (з Днём авіяцыі Беларусі 25 ліпеня), грамадзянскай авіяцыі Беларусі — 84 гады, а вайсковай авіяцыі Беларусі — 25 год. Толькі такое лагічнае спалучэнне і аб’яднанне авіяцыйных падзей, звязаных з Беларуссю (першы аэрадром, першы авіяатрад, першы беларускі самалёт) і дасць той эфект, на які разлічвае дзяржава, а менавіта падыме патрыятызм і без прынукі абудзіць жаданне грамадзян шанаваць і памятаць свае гістарычныя даты.

Падпалкоўнік авіяцыі Мікалай Кавалёў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера