Знайсці
20.08.2017 / 10:358РусŁacБел

Павел Холад: Нататкі шматдзетнага таткі

Павел Холад працуе ў беларускім офісе Міжнароднай арганізацыі па міграцыі. У вольны час займаецца баявымі адзінаборствамі і гуляе ў футбол. Але што вызначае ягонае жыццё, дык гэта дзеці: у Паўла іх пяць. Старэйшаму, Арсеню, — 14 гадоў, Марце — 12, блізняткам Полі і Веры — 7, яны ідуць у школу. Найменшанькай, Ксені, усяго тры месяцы. Свае вясёлыя назіранні за дзецьмі і іх выказванні ён запісвае ў выглядзе фэйсбук-­дзённіка. У «Акадэмкнізе» можна купіць ягоную кнігу «Записки многодетного отца». А мы прапануем вам нізку ягоных новых запісаў.

2 чэрвеня

Афармляў сёння раніцай трох дачок у школу: двайнятак — у першы клас, старэйшую — у сёмы. У прыёмнай камісіі сакратар запісвала дадзеныя. Я спачатку назваў дадзеныя Веры. Яна запісала. Потым сказаў, што ў нас у першы клас ідзе яшчэ і Поля. Яна здзівілася, але запісала. А я ўсё ніяк не сыходзіў і сказаў, што яшчэ ў сёмы клас іх школы паступае Марта.

Тут яна не вытрымала і сказала ці то з захапленнем, ці то з жахам:

— Дык гэта ў вас што, трое дзяцей? Я тады запісваю ў журнал, што ў вас у сям’і выхоўваецца трое дзяцей, правільна?

Убачыўшы, якое ўражанне гэта на яе зрабіла, я не адважыўся сказаць, што ўсяго ж дзяцей у нас пяцёра. Таму толькі кіўнуў, і ў журнале рэгістрацыі насупраць майго прозвішча з’явіўся надпіс: трое дзяцей. І клічнік.

З другога боку, я ж яе не абдурыў: трое дзяцей у нас сапраўды ёсць. А тое, што ёсць яшчэ двое, дык жа яна пра іх не пыталася…

* * *

Збіраюся на трэніроўку (адпачынак у мяне, калі што). Старэйшая дачка:

— Акуратней, тата, не зламай там нос.

На ўсякае ўсё ўдакладняю:

— Сабе ці іншым?

Падумала і кажа:

— Ну хоць бы сабе.

Правільна, пра іншых няхай іх дочкі дбаюць.

5 чэрвеня

Пасля тыднёвага адпачынку па сістэме «ўсё ўключана» (правёў яго дома, у Каменнай Горцы) выйшаў на працу і тут жа сутыкнуўся з дзяжурным пытаннем: «Як адпачыў?». Я мог бы ў падрабязнасцях распавесці пра тое, як адпачывае чалавек, у якога ў сям'і пяцёра дзяцей, але лепш адкажу адным ёмістым словам: «Весела». Зараз буду збіраць сілы для наступнага адпачынку.

P.S. Хачу неяк паспрабаваць ўзяць тыдні паўтара-­два, але пакуль адчуваю — маральна не гатовы.

5 чэрвеня

Двайняткі прыбеглі засмучаныя:

— Нам так шкада нашу сяброўку!

— А што з ёй?

— У яе дагэтуль няма ніводнага светлавога бонсціка.

Рыдаем разам.

* * *

Чарговы раз канфіскаваў у сына ўсе яго гаджэты. Ён традыцыйна панаракаў, але на ўсё ягонае нараканне я сказаў:

— Нічога, у нас у дзяцінстве гаджэтаў не было — і ніхто не памёр.

Ён падумаў­-падумаў, і кажа:

— Затое ў вас быў Савецкі Саюз!

Дарэчы, так. Мала таго, што ў нас не было гаджэтаў, дык у нас яшчэ і Савецкі Саюз быў.

Увогуле, выгнаў яго на вуліцу гуляць у футбол — каб усё як у Савецкім Саюзе.

6 чэрвеня

Малодшыя дзеці прынеслі некалькі манет і сказалі:

— Тата, а гэта ў нас шмат грошыкаў?

— Калі шчыра, не вельмі. Усяго дзесяць капеек.

— А можаш нам дадаць, каб стаў рубель? А то мы збіраем на марозіва.

— Магу, вядома.

Жонка:

— Вы лепш раскажыце тату, як даўно вы збіраеце. Толькі што папрасілі ў мяне дзесяць капеек, а цяпер просяць крыху дадаць да рубля.

P.S. Па­-мойму, за вынаходлівасць можна і дадаць. Хоць гэта і стварае небяспечны прэцэдэнт.

* * *

Поля:

— Калі я была маленькай, я хацела стаць ветэрынарам.

— А цяпер?

— Цяпер не хачу.

— Чаму?

— А раптам мне кракадзіла прывязуць лячыцца?

P.S. Лагічна.

* * *

Пытаюся сына:

— Ты ведаеш, хто такі Улад Бумага?

— Не, хто гэта?

— Моладзевы блогер, сабраў у краме натоўп — тры тысячы чалавек.

Наступнае пытанне сына мяне забіла:

— А як адрэагавалі спецслужбы на такі збор народу?

Гэта значыць, хто такі Улад Бумага, ён не ведае, затое аб дзейнасці спецслужбаў дасведчаны. Трэба быць асцеражнейшым з ім.

P.S. А на яго пытанне я адказаў, што спецслужбы ніяк на гэта не адрэагавалі, бо яны таксама не ведалі, хто такі Улад Бумага.

10 чэрвеня

Часта людзі, азіраючыся на ўласнае жыццё, схільныя шкадаваць пра тое, што зрабілі або чаго не зрабілі. Сёлета, напярэдадні саракагоддзя, я таксама часцяком задумваюся над тым, як пражыў усе гэтыя гады, як бы падводжу прамежкавыя вынікі.

І прыходжу да высновы, што не хацеў бы змяніць у сваім жыцці — ні ў мінулым, ні ў цяперашнім — нічагуткі. І каб была ў мяне магчымасць пражыць гэтыя сорак гадоў нанова, я б хацеў пражыць іх менавіта так, як пражыў, і стаць тым, кім стаў (ці не стаў).

Там, наверсе, магчыма, вядуць свой улік нашага жыцця, але пра гэта мы, калі і даведаемся, то крыху пазней. Адзінае, пра што я шкадую, дык гэта пра тое, што ў свой час дазволіў угаварыць сябе купіць ката. Гэта сапраўды было дарма. З другога боку, бачачы, як яго любяць мучыць дзеці, я думаю, што нават гэты момант у маім жыцці мае свой сэнс.

* * *

Сядзім на прысядзібным участку, дзеці корпаюцца ў зямлі. Пытаюся ў іх:

— Дзеці, што вы там усё капаеце?

— Мы хаваем камара.

— Якога камара?

— Якога Вера забіла.

— А хаваеце нашто?

— Дык ён жа памёр.

Гэта была рубрыка «Гарадскія дзеці выехалі на прыроду».

11 чэрвеня

Cёння самаму малодшаму члену нашай сям’і споўнілася два месяцы. З гэтай нагоды кажу жонцы:

— Уяўляеш, калі Ксеніі споўніцца дваццаць гадоў, мне ўжо будзе, страшна сказаць, шэсцьдзясят.

Жонка, як звычайна, вырашыла мяне падбадзёрыць:

— Не шэсцьдзясят, а пяцьдзясят дзевяць.

Пералічыў, і сапраўды — пяцьдзясят дзевяць з паловай. Быццам бы дробязь, а настрой адразу палепшаў. Засталося малое — дажыць.

P.S. Хоць прыспешваць падзеі не будзем — два месяцы таксама выдатны ўзрост.

13 чэрвеня

Прагуляўся ўвечары па Кіеве, пазаходзіў у мясцовыя кнігарні (у цэнтры яны працуюць да 22:00). Уразіла вялікая колькасць літаратуры на ўкраінскай мове: акрамя кніг уласна ўкраінскіх аўтараў, ёсць практычна ўсе сусветныя бестселеры, а таксама кнігі многіх вядомых расійскіх аўтараў на ўкраінскай мове.

Прычым усе — за рэдкім выняткам — у выдатнай вокладцы, выдадзеныя, натуральна, ва Украіне. Гэта значыць, што на іх ёсць устойлівы попыт (тое, што попытам не карыстаецца, тут не прадаюць). Нават трохі пазайздросціў, калі шчыра. Чаго ў нашых суседзяў не адняць, дык гэта павагі да ўласнай культуры.

Хацеў купіць сабе якую­небудзь кніжку на ўкраінскай мове, але пагартаў і зразумеў: спачатку трэба падцягнуць маю ўкраінскую. Ці хаця б беларускую.

14 чэрвеня

Сын з таварышам выгульвалі ў Заслаўі сабаку (нямецкую аўчарку). Непадалёк мірна пасвіўся конь. У нейкі момант ён перастаў пасвіцца і пабег на дзяцей. Дзеці спалохаліся, выпусцілі з рук ланцужок і пабеглі разам з сабакам у розныя бакі.

Конь па чарзе пранёсся ля кожнага, уключаючы сабаку, ткнуў сына мордай, а потым спыніўся і зноў стаў жаваць траву. Дзеці апамяталіся (таварыша сына конь амаль загнаў у вадаём) і пабеглі да моста. Конь убачыў, што яны пабеглі, перастаў жаваць траву і пагнаўся за імі.

Дзеці паспелі забегчы на мост, пасля чаго конь раптам развярнуўся і пабег на мужыка, які праходзіў побач. Апошняе, што паспелі ўбачыць дзеці, перш чым конь прапаў з вачэй, — гэта мужык, які бег па мосце, і конь, які гоніцца за ім.

Вось такі ёсць у Заслаўі вясёлы конь, прыязджайце.

15 чэрвеня

Ранішні дыялог у «Макдональдсе»:

— Адзін фрэш макмафін, калі ласка.

— У нас цяпер акцыя: да кожнага фрэш сэндвіча — каву ў падарунак.

— Не, дзякуй, кава не трэба.

— Дык гэта ж бясплатна!

Давялося тлумачыць, што я нават бясплатна кавы не п’ю.

17 чэрвеня

Старэйшая дачка ўбачыла, як байкер едзе па трасе на адным коле:

— Ваў, крута!

Я:

— Можа, мне сабе таксама байк купіць?

Дачка:

— Які байк?! У цябе пяцёра дзяцей, жонка і кошка!

(Ага, асабліва кошка — моцны аргумент.)

А па­мойму, наадварот: самы час купіць байк.

* * *

Разгаварыліся з кіроўцам таксі «Убер»: інтэлігентны чалавек, чырвоны дыплом інжынера, усё жыццё адпрацаваў на МАЗе. Цяпер шчаслівы, што працуе ў «Уберы», кажа з гонарам: «Займаюся любімай справай, сам сабе гаспадар» (працуе на сваім аўто). І па ім сапраўды відаць, што чалавек атрымлівае асалоду ад работы.

Спытаўся ў яго: а як жа МАЗ? Сказаў, што з жахам успамінае працу на МАЗе ў апошні час: людзей пастаянна скарачалі, але працы менш не станавілася — яе проста перакладалі на тых, каго яшчэ не скарацілі. Плацілі, натуральна, капейкі, а тут ён за месяц зарабіў паўтары тысячы ($750).

А чалавек жа яўна таленавіты. Я ўпэўнены, што выдатны інжынер і сумленны працаўнік. Але круціць баранку і ззяе ад шчасця. За яго, вядома, можна толькі парадавацца, а вось грамадства, думаю, ад гэтага толькі страціла.

23 чэрвеня

Падарылі двайняткам на дзень нараджэння тэлефоны і навушнікі. Яны ўключылі музыку: ходзяць, слухаюць. Потым Поля прыходзіць:

— Тата, а чаму ў слухаўках музыку чуваць горш, чым без слухавак?

Адказваю пытаннем на пытанне:

— А ты штэкер ад навушнікаў у тэлефон устаўляць не спрабавала?

І, галоўнае, ходзіць такая, слухае, і ўсе ў кватэры слухаюць разам з ёй.

P.S. Сучасныя дзеці прывыклі да бесправадных дэвайсаў, драты іх бянтэжаць.

24 чэрвеня

Дзеці слухаюць на камп’ютары казку. Да мяне даносяцца слова добрага казачніка: «І тут з’яўляецца страшны монстр з гаджэта».

Старэйшая дачка тут жа тлумачыць малодшым:

— Гаджэты — гэта тое самае, што дэвайсы.

Малодшыя з разуменнем ківаюць.

А я думаю пра тое, што калі­небудзь з гаджэтаў і сапраўды пачнуць вылазіць монстры. І нашых унукаў гэта ніколькі не здзівіць.

26 чэрвеня

Разумны чалавек не той, хто пра ўсё мае сваё меркаванне, а той, хто не баіцца сказаць: «Прабачце, я ў гэтым не разбіраюся». Той жа, хто пра ўсё мае меркаванне, як правіла, не разбіраецца ні ў чым.

* * *

З тых часоў, як я стаў перыядычна бываць у краінах Еўрасаюза (г.зн. з канца 90­-х), мяне не пераставала здзіўляць адна рэч. Рэч у тым, што я вельмі люблю, будучы па той бок заслоны, харчавацца ў тамтэйшых турэцкіх закусачных, у якіх прадаюць розныя віды кебабаў (у нас у Беларусі таксама такія ёсць).

Вось жа, наколькі смачныя гэтыя самыя кебабы ў Еўропе — прычым не важна дзе: ад Польшчы да Партугаліі (а быў я амаль ва ўсіх краінах ЕС), — настолькі яны нясмачныя ў нас. А тыя, што прадаюцца на нашых рынках, дык і зусім неядомыя.

У Еўропе табе пакладуць добрую порцыю мяса, прапануюць выбраць любую салату з наяўных і дапоўняць гэтую справу выдатнай падліўкай. У нас жа і мяса пакладуць з камароў нос (калі наогул пакладуць), салата будзе складацца выключна з капусты, а соус бу­дзе камбінацыяй трох складнікаў: кетчуп­гарчыца­-маянэз. І пры гэтым кошт дадзенага сумнеўнага задавальнення будзе супастаўны з еўрапейскім «аналагам».

Не магу зразумець: у чым прычына такога адрознення? Няўжо ў нас не могуць нармальна вырабіць такі, на першы погляд, немудрагелісты прадукт, як кебаб?

Не тое каб мяне гэта моцна мучыла, проста кожны раз, калі я бываю ў Еўропе, заўсёды задаю сабе гэтае пытанне.

* * *

Размаўляем з двухмесячнай Ксеніяй, скарджуся ёй на жыццё:

— Уяўляеш, які ў цябе тата адсталы ад жыцця: я нават не ведаю, што такое стрым, фаловер і мімімі.

А яна мне:

—Не кажы абы­-чаго, ты вельмі нават сучасны. Скажу табе пад сакрэтам: калі я вырасту, ніякіх фаловераў не будзе.

Я, здзіўлена:

— А што ж тады будзе?

— Гэтага я табе не магу сказаць. Па-­першае, я яшчэ не ўмею гаварыць, а па-­другое, ты ўсё роўна не зразумееш. Але адно ўсё ж такі скажу: людзі зноў пачнуць чытаць кнігі, хадзіць на канцэрты класічнай музыкі, зноў будуць размаўляць адзін з адным, а не са сваімі тэлефонамі.

— А футбол? Футбол будзе?

— Тата, давай я не буду цябе расстройваць, я ж ведаю, як ты любіш футбол. З часам ты сам усё даведаешся. І пра хакей, дарэчы, таксама.

— Апошняе пытанне можна?

— Давай.

— Бонсцікі?

— Тата, ты сам усё выдатна ведаеш. Ёсць рэчы, якія не залежаць ад часу.

І на гэтых словах яна адвярнулася і заснула сном немаўляці. А я сяджу і не веру сваім вушам: няўжо і сапраўды фаловераў не будзе?

27 чэрвеня

Стаю каля пошты, чакаю чалавека. Побач чакае гаспадара невялікі чорны сабачка, наколькі я магу меркаваць, тэр’ер. І вось так мы з ім абодва стаім і чакаем, пераступаючы з нагі на нагу і з лапы на лапу.

У нейкі момант сабачку чакаць надакучае, ён хапае з зямлі каштан і прыносіць да мяне. Я гляджу на каштан, на сабачку і працягваю чакаць.

Тады сабачка ўцякае, прыносіць да маіх ног вялікую хваёвую шышку і чакальна глядзіць мне ў вочы. Тут я разумею, што гэта, мабыць, нездарма, і спрабую зразумець, чаго ён ад мяне хоча. Сабачка тым часам цярпліва чакае. Не прыдумаўшы нічога лепшага, я проста адфутбольваю шышку ўбок.

Сабачка радасна падскоквае, бяжыць па шышку і зноў прыносіць яе да мяне. Я зноў яе адфутбольваю — ужо ў другі бок (павінен сказаць, з сабачкі выйшаў бы выдатны варатар. Для зборнай Беларусі, мабыць, занадта добры).

Увогуле, дзякуючы кемлівасці сабачкі, час нашага дзесяціхвіліннага чакання праляцеў незаўважна. І, развітваючыся з ім, я падумаў, што гэта яшчэ пытанне, хто з нас больш разумнае стварэнне.

P.S. Дапушчу, што для сабачкі адказ на гэтае пытанне больш чым відавочны.

28 чэрвеня

Не такі страшны парад, як яго рэпетыцыі.

29 чэрвеня

На пашпартным кантролі ў менскім аэрапорце памежніца традыцыйна глядзіць на штампы, якія не адносяцца да паездкі, а менавіта аб шлюбе і колькасці дзяцей.

Паглядзеўшы дадзеныя старонкі, робіць здзіўлены твар і пачынае гартаць іх нанова. Потым, мабыць не верачы сваім вачам, пытаецца:

— Пяцёра?

Па­дурному ўсміхаюся і ківаю ў адказ. Яна спачувальна:

— І як вы ім даяце рады?

Па яе поглядзе я зразумеў, што яна б мяне выпусціла з краіны і без шэнгенскай візы, проста з жаночай спагады. Але віза ў мяне, на жаль, ёсць.

1 ліпеня

Стаю на касе ў браслаўскім «Еўраопце», перада мной мужчына і жанчына прыкладна маіх гадоў. Чакаю, пакуль касірка праб'е іх набыткі (прадуктаў па мясцовых мерках яны набралі прыстойна).

Калі касірка называе суму, жанчына кажа:

— А бонсцікі?

Касірка:

— Бонсцікаў мы ўжо не даём.

— Як не даяце?

— Акцыя з бонсцікамі скончылася, зараз іх можна толькі купіць за грошы.

Пакуль жанчына прыходзіць у сябе ад шоку, яе спадарожнік змрочна падсумоўвае дадзены эпізод:

— Ну і на храна мы столькі набралі?

* * *

Ідзём з двайняткамі па полі, з­за лесу насоўваецца хмара. Кажу ім:

— Давайце дадамо крок, у навальніцу ў полі небяспечна знаходзіцца.

— Чаму?

— Можа ўдарыць маланка.

— У нас?

— Яна звычайна б’е ў самае высокае месца.

Поля, паглядзеўшы на мяне:

— Не хвалюйся, тата, мы з Верай не вельмі высокія.

Каб я зусім не хваляваўся, засталося адпусціць маю руку і адысці на бяспечную адлегласць.

P.S. Гэта была рубрыка «Як я працаваў громаадводам».

2 ліпеня

У дзяцінстве нам марочылі галаву камунізмам, цяпер выносяць мозг ліберальнай прапагандай. Не хочуць, сволачы, каб людзі думалі сваёй галавой. Канечне трэба іх чымсьці замбаваць, штосьці навязваць, з чым яны не згодныя.

Хутка чалавека, які адважыцца заявіць, што шлюб — гэта саюз мужчыны і жанчыны, самыя талерантныя ў свеце грамадзяне назавуць цемрашалам і фашыстам, і добра, калі не спаляць. Тое самае тычыцца любой іншай прапаганды: рэлігійнай, патрыятычнай, нацыяналістычнай і астатняй.

Міжволі прыходжу да высновы, што любая прапаганда па змоўчанні ёсць зло, бо адвучвае людзей думаць уласнай галавой, забівае ім мозг тупымі клішэ.

3 ліпеня

Размова за сняданкам. Старэйшая дачка:

— Мама, ты мне вадою нагу абліла.

— …

— Мама, ты што, не чуеш? Ты мне вадою нагу абліла.

— …

Дачка пакрыўджана:

— Увогуле, магла б і папрасіць прабачэння…

— Прабач, калі ласка.

— Нічога страшнага, мамачка.

У эфіры была рубрыка «Жаночыя дыялогі»

* * *

Апошнім часам усё часцей успамінаю анекдот.

Прыляцеў іншапланетнік на Зямлю ўносіць зямлян у спіс разумных цывілізацый. Праінспектаваў жыццё на Зямлі і пытаецца:

— А чаму ў вас столькі бедных?

— Грошай няма ўсім дапамагчы.

— А хворых чаму столькі?

— Не хапае грошай, каб усіх вылечыць.

— А чаму ў вас столькі войнаў і злачынстваў?

— З­за грошай.

Іншапланетнік:

— А што гэта за такі рэсурс — грошы? Можа, вам яго прывезці з іншых планет? Дзе вы наогул яго бераце?

— Самі друкуем.

І выкрасліў іншапланетнік зямлян са спісу разумных цывілізацый.

9 ліпеня

Шпацыруем па вёсцы, непадалёк пасвіцца бык.

Вера:

— А калі бык нападзе на чалавека, чалавек можа здохнуць?

— Верачка, пра чалавека не кажуць «здохнуць».

— А як кажуць?

— Ну, напрыклад, памерці або загінуць.

Вера ў жаху:

— Мне такія словы нават вымавіць страшна!

Вядома, страшна. «Здохнуць» значна прыемней гучыць.

11 ліпеня

Малодшыя:

— Тата, а адкуль бяруцца грошы?

— З чароўнай скрыні.

— З якой яшчэ скрыні?

— Хадзем пакажу.

Падыходзім да найбліжэйшага банкамата. Непрыкметна ўстаўляю картку, уводжу код і кажу:

— А ну ж, чароўная скрыня, выдай нам сто рублёў на кішэнныя выдаткі.

Скрыня пачынае шумець (тыпу думае) і выдае пачак дробных купюр.

Я, прадчуваючы трыумф:

— Ну як?

Вера:

— Тата, мы цябе спыталі, адкуль бяруцца грошы, а ты прывёў нас да звычайнага банкамата.

12 ліпеня

Дзеці як што­-небудзь спытаюць! Поля:

— А як называецца дзіця марскога канька?

Ну хрэн яго ведае, як яно называецца, неяк ніколі пра гэта не думаў. Уключыў уяўленне і сказаў: «Марское жарабя» (па­мойму, гэта лагічна).

Яна пайшла і паведаміла пра гэтае адкрыццё астатнім. Так што цяпер, калі вашы дзеці зададуць вам аналагічнае пытанне, адказ вы ведаеце.

13 ліпеня

Едзем у машыне. Поля спалохана:

— Ай, у нас тут сляпень!

Вера спакойна:

— Не бойся, я яго забіла.

Праз пяць секунд Поля:

— Ён усё роўна паўзе!

Вера:

— Усё, я яго зноў забіла.

17 ліпеня

Шпацыраваў на дварэ з дзецьмі, на футбольнай пляцоўцы старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі, уключаючы майго сына, гулялі ў квадрат.

Пытаюся сына:

— А ў футбол чаго не гуляеце?

— Ніхто не хоча.

— Чаму?

(Зацаніце адказ.)

— Бо пасля футбола ранкам ногі баляць.

Чамусьці ўспомніў стары жарт:

— Колькі вам гадоў, дзядуля?

— Дваццаць сем.

Каб мы не гулялі ў футбол таму, што ногі потым баляць, такое нават уявіць сабе немагчыма. Хоць калі гуляць раз на год, а астатні час тырчэць у смартфоне, тады, вядома, будуць балець.

P.S. Лепш бы ў іх рукі ад смартфонаў балелі.

19 ліпеня

Дачка:

— Тата, а за зборную Беларусі па футболе і па хакеі гуляюць адны і тыя ж людзі?

20 ліпеня

Старэйшая дачка шуміць на кухні міксерам. Пытаюся ў яе:

— Што ты там такое робіш?

— Пахудальны кактэйль.

— Каля адзінаццатай ночы?

— Проста есці захацелася.

Чым добры пахудальны кактэйль, дык гэта тым, што яго можна піць у любы час дня і ночы і пры гэтым усё роўна худнець.

22 ліпеня

Стывен Хокінг заявіў, што праз трыццаць гадоў чалавецтву трэба пачынаць міграваць з Зямлі. Як прадстаўнік Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, цалкам падтрымліваю прапанову вялікага астрафізіка. Засталося высветліць два моманты: 1) куды? і 2) за чый кошт? Бо міграваць у нікуды і прытым не маючы для гэтага сродкаў, занадта рызыкоўна.

* * *

Меншыя:

— Тата, а ў вас у дзяцінстве спінеры былі?

— Не.

— А бонсцікі?

— Таксама не.

— А тэлефоны?

— Толькі дамашнія.

— Такія, як наш?

— Не зусім. У яго трубка была прывязаная да базы і не было кнопак.

— Як цяпер у сотавых?

— Не, там быў дыск, і яго круцілі.

— Гэта як?

— У дыску былі дзірачкі з лічбамі. Ты выбіраў патрэбную лічбу, устаўляў палец у дзірку і круціў дыск. І так шэсць разоў, пакуль не набіраў увесь нумар.

Пакуль распавядаў, сам ледзь не заплакаў слязьмі.

Але дзеці, падобна, вырашылі, што тата іх, як звычайна, разыгрывае. Бо, каб круціўся тэлефонны дыск з лічбамі, — гэта ж значна круцей, чым спінеры, і ў тым далёкім мінулым, калі тата быў маленькім, іх быць папросту не магло.

У нас у дзяцінстве наогул было шмат такіх дзіўных штук, якія сучасным дзецям нават не сніліся. Таму пра іх нават распавядаць не варта — усё адно не павераць.

Гэта была рубрыка «Мы з будучыні».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031