Знайсці
18.08.2017 / 10:0821РусŁacБел

Сакрэт поспеху Фінляндыі і 10 фінскіх інавацый, якія варта пераняць Беларусі

«Аглядаем вакзал новапабудаваны: вельмі пекны — як палац, выкаваны з шэрага каменю. Адразу відно, што фінскі народ дэмакратычны: стараецца, каб усе былі роўныя, дзеля таго на вакзале 1, 2 і 3-я класы ўсе аднолькавы: такія самыя крэслы, такія самыя сталы, такая самая чыстасць усюды; не то што ў Расеі: у першай класе крэслы аксамітныя, канапы плюшавыя, а ў трэцяй — сметнічак…»

Цётка. «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю»

Свой твор беларуская пісьменніца Алаіза Пашкевіч напісала сто год таму, але ўжо тады фінскае грамадства выдзялялася сваім жаданнем развівацца і дэмакратычнасцю, пра якую ў тыя часы ніхто і не марыў. Фінскія жанчыны сталі першымі ў свеце дэпутаткамі парламента ажно ў 1907 годзе!

Нядаўна ў Мінску прэзентавалі кнігу дэпутата парламента Фінляндыі Ілка Тайпале «100 сацыяльных інавацый з Фінляндыі». Гэтая кніга выходзіла за мяжой на 17 мовах, і толькі пасля такога поспеху ў Фінляндыі пачалі цікавіцца каштоўнасцю таго, што раней лічылася простым і зразумелым. На беларускую мову кнігу пераклаў Якуб Лапатка.

Падчас чытання заўважаеш, што нічога надзвычай рэвалюцыйнага, здавалася б, у кнізе не апісваецца. Але, як гэта заўсёды бывае, увесь цымус у дробязі.

Пра кожную з ста інавацый у кнізе распавядаюць выдатныя дзеячы фінскага грамадства, якія самі вынайшлі тую ці іншую інавацыю або спрыялі ажыццяўленню інавацыйных праектаў. Гарады без трушчоб, водпуск па доглядзе дзяцей для бацькі, бясплатныя абеды ў школах, дзень голаду і саўны — пра ўсё гэта чытайце ў кнізе Ілка Тайпале.

Мы ж падрыхтавалі для вас дзесяць найбольш цікавых інавацый, якія, магчыма, вартыя ўкараненню і ў нашай краіне.

1. Выкараненне карупцыі

У 2007 годзе Фінляндыя ўзначальвала спіс з шасці найменей карумпаваных краінаў свету. Як фіны гэтага дасягнулі?

Аб’ектыўнымі фактарамі з’яўляюцца адкрытасць дзяржаўнае ўлады, даўно прынятыя прынцыпы галоснасці і няўхільнае іх датрыманне, шырока паўнамоцнае мясцовае самакіраванне, зладжаная структура паліцэйскіх і судовых органаў, а таксама СМІ, якія строга сочаць за дзейнасцю ўлады, бесперашкодна карыстаючыся свабодай слова.

Шведска-фінскі правапарадак упарта адстойваўся ад умяшальніцтва расійскай царскай улады і падтрымліваўся ў перыяды асабліва моцнага ўціску з боку Расіі. Нязменнасць і недатыкальнасць непадкупных суддзяў і чыноўнікаў, высокая мараль — усё гэта стала моцным сродкам у барацьбе за няўкоснае выкананне законнасці.

2. Двухмоўе

Дзяржаўныя мовы ў Фінляндыі — фінская і шведская. Пры гэтым па-шведску размаўляе ўсяго 5,4% насельніцтва. Між тым, грамадзянін краіны, які валодае абедзвюма мовамі, можа атрымаць добрую працу як у дзяржаўных і муніцыпальных органах улады, так і на прыватных прадпрыемствах.

Грамадзяне рэгіструюцца фінскамоўнымі або шведскамоўнымі з самага нараджэння, маюць права атрымліваць адукацыю любой ступені на любой мове: у краіне дастаткова і школ, і ўніверсітэтаў як на фінскай, так і на шведскай мове.

3. Краіна без трушчоб

Госці з-за мяжы часта пытаюцца, дзе ў Хельсінкі трушчобы. Да адказу, што ў горадзе такіх няма, ставяцца з недаверам.

Вялікі ўплыў на гэтую сітуацыю аказвае жыллёвая палітыка Хельсінкі. Гарады Фінляндыі маюць такія шырокія правы самакіравання і падаткаабкладання, якіх не мае ніводзін горад Еўропы. Планаванне развіцця і забудовы цалкам знаходзіца ў руках муніцыпалітэтаў.

Забудова новых раёнаў у Хельсінкі плануецца, зыходзячы выключна з таго, што квартэры павінны быць даступнымі для ўсіх слаёў насельніцтва. Багатыя і бедныя жывуць па суседстве, і сацыяльна пабудаваныя кватэры не адрозніваюцца ні якасцю, ні выглядам ад кватэр, пабудаваных за вялікія грошы.

4. Бясплатныя гарачыя абеды ў школе

У Фінляндыі вучні сярэдняй школы, навучэнцы ліцэяў і прафесійных вучэльняў атрымліваюць бясплатныя абеды. Гэта першая краіна ў свеце, якая ў 1943 годзе прыняла закон аб бясплатных абедах для школьнікаў.

Вучні ў школах штодзень забяспечваюцца бясплатнай паўнавартаснай страваю, якая складаецца з гарачага, салаты, цёртай гародніны або свежай садавіны, хлеба, масла і якога-небудзь напою. 

5. Алкагольная манаполія

Дзяржаўную манаполію на алкаголь у Фінляндыі ўвялі ў 1932 годзе, калі па выніках рэферэндуму адмянілі сухі закон, які дзейнічаў з 1919 года. Пасля ўвядзення манаполіі доступ да алкаголю застаўся даволі абмежаваным, бо ў сельскай мясцовасці адмысловых крамаў, якія прадаюць алкагольныя напоі, тады не было. Цяпер такія спецыяльныя крамы (Alko) ёсць і ў вёсках, але, вядома, дзяржаўная манаполія значна абмяжоўвае колькасць алкаголю на прылаўках.

Яскравай ілюстрацыяй важнасці алкагольнага пытання ў Фінляндыі з’яўляецца тое, што па гэтай тэме двойчы праводзіліся рэферэндумы: у 1932 годзе, калі адмянялі сухі закон, і ў 1994-м, калі галасавалі за далучэнне да Еўразвяза.

6. Бясплатная вышэйшая адукацыя і стыпендыі

Студэнт можа праходзіць два ўзроўні вышэйшай адукацыі і атрымаць ступень бакалаўра або магістра без дадатковых іспытаў. Навучанне, як і экзамены, бясплатнае (тут варта нагадаць, што ў Беларусі за ЦТ па кожным прадмеце трэба заплаціць пэўную суму).

Цяпер студэнт у Фінляндыі можа атрымліваць максімум 811 еўра на месяц, з якіх 252 еўра — жыллёвая дапамога, 259 — стыпендыя, а 300 — пазыка на вучобу. Сума студэнцкіх стыпендый складае каля 2% ВУП Фінляндыі.

Стыпендыя выплачваецца пры поўнай паспяховасці ў час навучання і яе могуць спагнаць са студэнта, калі ў яго маюцца якія-небудзь іншыя крыніцы даходаў. Галоўная мэта — забяспечыць кожнаму чалавеку магчымасць рэалізаваць права на адукацыю і атрымаць прафесію. Бо калі студэнт вымушаны працаваць, у яго не застаецца часу на навучанне. Фіны лічаць, што краіна з пяцімільённым насельніцтвам не можа сабе дазволіць губляць найлепшыя разумовыя рэсурсы.

7. Аб’яднанне гульнявых аўтаматаў

Аб’яднанне гульнявых аўтаматаў з’яўляецца рэгулюючай арганізацыяй «азартнага» бізнесу. Яно пачало сваю дзейнасць у 1938 годзе, калі Міністэрства ўнутраных справаў дабілася, каб быў выдадзены новы ўказ, на падставе якога ўвесь бізнэс з грашовымі аўтаматамі перадалі адмыслова створанай арганізацыі. У адрозненне ад іншых зарэгістраваных аб’яднанняў, Аб’яднанне гульнявых аўтаматаў з самага пачатку было супольным праектам дзяржавы і грамадскіх арганізацый, каб з дапамогай гульнявых аўтаматаў збіраць грошы для арганізацый, якія вядуць дабрачынную працу.

8. Дарожнае таварыства

Прыватныя дарогі, якія вядуць да аб’ектаў прыватнай нерухомасці, звязаныя ў адзіную дарожную сістэму з дзяржаўнымі хуткаснымі і мясцовымі дарогамі. Уласнікі нерухомасці, якія карыстаюцца гэтымі дарогамі, з’яўляюцца членамі таварыства па іх доглядзе. Удзельнікі кожнага таварыства павінны на свае сродкі забяспечваць будаўніцтва і догляд прыватных дарог.Часам таварыствы могуць атрымліваць муніцыпальныя субсідыі.

У Фінляндыі каля 350 000 км прыватных дарог, што з’яўляецца вялізнай лічбай у параўнанні з працягласцю агульнадзяржаўнай дарожнай сеткі ў 79 000 км.

9. Дзяржаўнае фінансаванне палітычных партый

Партыі ў Фінляндыі фінансуюцца дзяржавай. Субсідыі партыям выдаюцца ў адпаведнасці з колькасцю дэпутатаў ад тых партый у парламенце. Асноўная мэта фінансавання партый — празрыстасць гэтага працэсу, пазбаўленне партый «шэрых» схем фінансавання і звязаных з гэтым магчымасцей ціску на іх.

У краіне лічаць, што стрыжнем дэмакратыі па-ранейшаму застаецца дзейсная партыйная сістэма. Парог для рэгістрацыі партыі невысокі: патрабуецца падтрымка ўсяго 5000 чалавек.

10. Права кожнага чалавека

Права кожнага чалавека — гэта спрадвечны звычай фінаў, часткова зацверджаны законам, які замацоўвае права кожнага чалавека бесперашкодна карыстацца дарамі зямлі і вады, нягледзячы на формы ўласнасці. Такім чынам, гэтае права дае свабоду перасоўвання па любых зямельных участках. Хадзіць пешшу, на лыжах або праязджаць на ровары можна паўсюдна без дазволу землеўладальніка. Але знаходжанне на чужых участках павінна быць не надта доўгім і абавязкова бясшкодным. Ездзіць па чужых землях на снегаходах можна толькі з дазволу гаспадара. Лыжныя гонкі і спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні таксама не ўваходзяць у лік правоў кожнага чалавека.

Увосень 1978 года члены аб’яднання «Эмаўс» Паўднёвай Фінляндыі пачалі двухтыднёвую галадоўку пратэсту супраць таго, што краіна аказвае занадта малую дапамогу краінам, якія сталі на шлях развіцця. Так распачаўся грамадскі рух «Адзін адсотак», калі кожнаму фіну прапаноўвалася пералічваць 1% свайго заробку спецыяльным грамадскім арганізацыям. І ўжо ў канцы 1980-х гадоў дзяржаўныя выдаткі на развіццё супрацоўніцтва з такімі краінамі дасягнулі 0,7% ВУП! Многія фіны дагэтуль па сваім жаданні працягваюць плаціць адзін адсотак ад прыбыткаў на праекты супрацоўніцтва з краінамі, якія развіваюцца, і на ўмацаванне супрацоўніцтва з імі. І па-ранейшаму важна тое, што як фінскае грамадства ў цэлым, так і кожны асобны фінскі грамадзянін адчуваюць ступень сваёй адказнасці ў свеце.

Фота: ТВЦ

Ілья Параскевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031