Знайсці
13.08.2017 / 16:00РусŁacБел

Дар’я Каткоўская расказала пра страшны досвед страты дзіцяці пасля ЭКА

Дар'я з сынамі Алесем і Давідам. Старэйшаму Алесю цяпер 10 гадоў, малодшаму — год і чатыры месяцы.

У Дар’і Альперн-Каткоўскай з ЭКА звязаныя шчаслівыя і цяжкія перажыванні ў жыцці. Першае, даўшы надзею нарадзіць доўгачаканае дзіця, хутка яе забрала, пакінуўшы ўнутры прорву. Другое падарыла сына Давіда. З таго першага ЭКА мінула ўжо два гады, і Дар’я адчула, што хоча паспавядацца пра свой досвед, якім у Беларусі не прынята дзяліцца, і тое, з чым сутыкаюцца многія жанчыны.

У запісах для вельмі абмежаванай групы сяброў фэйсбук нагадаў, што два гады таму ў аднаго з дваіх дзяцей, якімі я была цяжарная, перастала біцца сэрца. На тэрміне 9 тыдняў я страціла дзіця і перажыла некалькі страшных тыдняў у медыцынскай сістэме ў Беларусі і аборт па медыцынскіх паказаннях. Але ў другога дзіцяці, які нарадзіўся і стаў маім сынам Давідам, білася сэрца і нават былі маленькія шарыкі ручкі-ножкі. І трэба было працягваць ісці далей. Так проста супала, што ўчора і сёння я чытала кнігу Ганны Старабінец «Паглядзі на яго» пра яе досвед страты дзіцяці, медыцынскі гвалт у Расіі. Тое, праз што яна прайшла, чымсьці падобна да маёй гісторыі. У мяне гэтыя два дні пластамі ўсплывае тое, што тады адбывалася ў маім жыцці.

Спроба нумар 1. ЭКА ў снежні 2014, з двух перанесеных прыжыўся адзін. Праз 7 тыдняў на УГД у Мінску ў «Ладэ» доктар С. мне паставіць дыягназ анэмбрыянія — плоднае яйка працягвае развівацца і расці і на УГД павялічвацца, а эмбрыён унутры яго — не. Сэрцабіцця няма.

Гэта правільны дыягназ, і яго пацвердзяць у Ізраілі. І так, тады яшчэ можна было спыніць падтрымку і выпіць таблетку, якая выклікае адрыньванне эпітэлію ў матцы, і пазбегнуць аборту. Але я іду за «сэканд апініян» у клініку «Е».

Доктар Т. з клінікі «Е» кажа, што раптам здарыцца цуд і ў яго заб'ецца сэрца праз тыдзень, ці два, ці тры. І я пачынаю хадзіць туды праз дзень, і чакаць, і «купляць» гэтую надзею. Я не хачу паверыць, што дзіцяці ўнутры яйка на УГД няма.

Тым часам мая ізраільская доктарка піша мне мэйлы пра тое, што гэта неэтычна з боку беларускіх лекараў мучыць мяне гарманальнай падтрымкай, павялічваць яе, што трэба спыніць гэтую цяжарнасць як мага раней, каб перастаць мучыць сябе і арганізм. Цяжарнасць не вярнуць. Але лекар у Мінску чамусьці зноў угаворвае мяне пачакаць яшчэ 10 дзён. Распавядае гісторыі пра цуды, якія ёй даводзілася бачыць. Напэўна, яна думала, што робіць лепш, хоць аказалася, рабіла горш, бо расцягвала і чаканне, і адмаўленне, і рашэнне.

З мужам Сержам Альпернам у чаканні Давіда.

Немагчыма і невыносна сядзець і чакаць канчатковага вердыкту — памерла дзіця ці не. Мой муж тады сказаў, што нам трэба кудысьці з'ехаць, каб проста не сядзець і не чакаць, каб пераключыцца. «Дзе ты ніколі не была?» — «Я ніколі не была ў Парыжы».

Мы паехалі ў Парыж на 5 дзён. Як у сне я хадзіла па кавярнях, музеях і нават пачала піць алкаголь (бо, хутчэй за ўсё, зародак унутры мяне мёртвы… вельмі жудасна выпіваць келіх віна з такой думкай, вельмі. І гэта зусім не дапамагае пераключыцца).

Усюды-ўсюды ўсе гэтыя дні ў закутках свядомасці я думала толькі пра гэта. У Мінск ехаць не хацелася — хацелася назаўсёды застацца ў Парыжы крышачку цяжарнай і не сутыкацца на ўсёй хуткасці з рэальнасцю. У Мінску мяне чакалі канчатковыя вынікі і ўжо напэўна аборт. Парыж жа застанецца ва ўспамінах вельмі дзіўным і нерэальным. Нават не ведаю, ці хачу я яшчэ раз убачыць яго.

Мы вярнуліся. Сэрца дзiцяцi не забілася. Ці ведаеце вы, што ў Мінску нельга зрабіць аборт ці вакуум-аспірацыю ў прысутнасці мужа? Я нават не кажу пра сумесныя 15 хвілін у аперацыйнай («У нас тут стэрыльна! Сюды нельга староннім!»), але ні да, ні пасля разам нельга, ні ў платнай, ні ў бясплатнай, нідзе.

Муж тады казаў: давай заўтра паедзем у Ізраіль і там зробім аборт. Там будзе лепш і лягчэй. А я была ўжо так псіхалагічна знясілена пратаколам ЭКА, чаканнем, пазбяганнем, рашэннем аборту / не аборту, што ад думкі пра яшчэ адзін палёт мяне ванітавала. Мне хацелася легчы тварам да сцяны і здохнуць. Але я вельмі шкадую, што тады не паехала ў Ізраіль і асуджала сябе на гэта непатрэбнае цяжкае выпрабаванне.

Калі вы кажаце ў адной з самых дарагіх жаночых клінік Мінска, што хочаце, каб муж быў побач да гэтай працэдуры, падчас яе і пасля, на вас глядзяць як на хворую. Навошта табе? Так не прынята. Гэта не яго справа!

Мне пачыналі ўціраць, што калі ён мяне такой убачыць, то перастане кахаць. Што гэта кроў і бруд (!!), бабская справа і няма чаго ім туды лезці, што мне так будзе лепш! І наогул, «мы ж ідзём табе насустрач, цябе наогул павінны пакласці ў радзільню на тыдзень з цёткамі на захаванні і рабіць там чыстку».

Так, гэта праўда. Па-добраму, калі б я звярнулася да дзярждоктара, мяне б паклалі адну, ізаляваную ад сям’і і падтрымкі, як мінімум на некалькі дзён у бальніцу на чыстку (жудаснае слова, як быццам жанчыны з завершанай цяжарнасцю «брудныя»). Жанчыны там ляжаць разам з тымі, хто чакае дзіця і ляжыць на захаванні. А я памятаю, як тады і яшчэ паўгода пасля я ўнутры ненавідзела і зайздросціла тым, у каго дзіця не памерла. Тым, каму пашанцавала.

Тады я яшчэ і яшчэ настойваю на прысутнасці мужа, я спрабую спрачацца, я юрыст і ведаю свае правы, я падрыхтавалася. Але гэта сцяна. Ты можаш легчы і памерці каля яе разам са сваімі правамі і аргументамі.

Мне кажуць: «Чаго ты выеш? Народзіш яшчэ, маладая!» А я рыдаю і спрабую растлумачыць, што гэта ЭКА, што гэтую цяжарнасць чакаеш па-іншаму, што апошнія паўгода перад гэтым у майго мужа была хімія, мы былі ў Ізраілі ў бальніцы і там можна разам паўсюль — і на хіміі, і ў гінеколага. «Вось і едзьце ў свой Ізраіль, калі вам там так добра, але вы ж да нас прыйшлі, а ў нас не так, у нас не прынята».

Аборт у «Еве» робяць кожны дзень пару гадзін вечарам. Гэта «камерцыйны» аборт па жаданні. Не па дыягназе, як у мяне. Робяць два мужыкі. Хірург і анестэзіёлаг. Я атрымала паразу ў бітве з сістэмай — мяне адводзяць, а муж застаецца за некалькімі дзвярыма ў калідоры чакаць на банкетцы.

«О, гэта тая, якая нават на УГД без мужа схадзіць не можа», — каментуе маё з'яўленне адзін з лекараў. Мабыць, нас загадзя абмяркоўвалі. Я праглынаю і прашу дазволу, каб мужа пусцілі пабыць са мной гадзіну пасля працэдуры.

— Жанчына, зразумейце, у нас тут іншыя жанчыны, ім будзе непрыемна прысутнасць мужчыны.

— Я магу прыйсці апошняй або ў іншы час.

— Досыць тут уводзіць свае правілы, мы тут працуем, а вам толькі б натоўп народу сюды прыцягнуць. Вось вы плачаце — і плачце моўчкі, навошта вам публіка для вашых пакут?

(Гэта ўсё прамаўляецца, калі мне ў вену колюць анестэзію і я вырубаюся. Апошняе, што я памятаю перад гэтым, як я вельмі моцна стрымліваю злосць і агіду).

Я ачуняла ў пасляаперацыйнай палаце. Жанчына побач тэлефануе камусьці і кажа: «Ну ўсё, я пазбавілася ад гэтага…» Я ненавіджу яе за тое, што яна забіла жывое дзіця. Я не праціўніца абортаў, але ў той момант я думаю пра тое, што ўсе тры жанчыны вакол мяне цяпер пазбавіліся ад жывых дзяцей.

Я шчыра не разумею, чаму, калі мы прасілі застацца апошнімі без іншых пацыентаў, — гэтага нельга было зрабіць?

Калі туман у галаве трохі рассейваецца, я неяк устаю, знаходжу ахапак адзення і сумку і па сценцы ў балахоне і бахілах плятуся шукаць мужа.

— Вам нельга! — гарлапаняць на мяне медсястра і доктар і нават спрабуюць утрымаць.

Знаходжу мужа ў калідоры. Больш за ўсё хочацца схавацца ад усяго ў якім-небудзь закутку і павыць. Паклікалі загадчыцу. Яна прыходзіць і дазваляе мне не вяртацца ў пасляаперацыйную і дае нам ключ ад ардынатарскай, каб мы засталіся ўдваіх.

З яе слоў я разумею, што яна мне вельмі спачувае, хоць не лічыць правілы ў іх клініцы няправільнымі і жудаснымі, мужчыне там рабіць няма чаго. Яна проста не хоча скандалу ў калідоры. Я заўважаю, што на мяне з жахам і спачуваннем глядзяць іншыя пацыенткі, якая чакаюць звычайнага прыёму.

Наступныя тры тыдні я памятаю дрэнна, як быццам у мяне ў галаве быў тэлевізар, які ўвесь час паказвае шэрае мільгаценне. Так, праз 3 тыдні пасля аборту ў нас павінна было быць вяселле (заяву мы падавалі даўно). Я думала — да чорта ўсё. Адвезла старэйшае дзіця да маіх бацькоў, каб ён не бачыў гэтае пекла, і памірала дома.

Я не ўставала з ложка. Я казала мужу страшныя, вельмі страшныя рэчы. Я казала, што я ніколі больш не хачу яго бачыць, мець ад яго яшчэ дзяцей, што я яго ненавіджу і што гэта ён вінаваты, гэта праз яго рак і хімію мы рабілі ЭКА. Мне было так невыносна балюча пасля ўсяго, што я перажыла, што мне несвядома хацелася прычыняць боль (я проста тады не магла інакш выказаць, як жа мне балюча).

Але ён усё роўна проста заставаўся побач (мне менавіта гэта было патрэбна ўвесь час: і ў бальніцы, і дома). Я неяк выплакала і выкрычала ўсё гэта, пасля шоку і болю самае вострае адпусціла. І мы нават пажаніліся, і я перажыла гэты дзень і нават удалося атрымаць задавальненне.

Ад чаго мяне ў думках трасе да гэтага часу? Ніхто з лекараў не выказваў ніякай спагады, нават фармальна. Да мяне ставіліся як да функцыі. Да функцыі, у якой не атрымалася. Як быццам я не чалавек і мне не баліць. Ніхто не казаў пра падтрымку. Ніхто не казаў нават «мне шкада, але…»

Чамусьці ў Беларусі лічыцца, што прафесіяналізм важнейшы за гуманізм. Затое ў нас добрыя спецыялісты, затое вы жывыя?! Я не разумею, чаму гэта павінна аддзяляцца. Прафесіяналізм без гуманізму і этыкі — гэта не аказанне дапамогі, а часцяком папросту гвалт. Я не ведаю, ці вучаць гэтаму ў беларускіх медыцынскіх універсітэтах, але я хачу, каб пацыенты і лекары пачалі пра гэта казаць.

Фармальна выказваць спачуванне, бачыць у пацыенце чалавека, чуць яго патрэбы і пажаданні ў яго стане і ў яго болі. Бо я сапраўды не прасіла нічога звышнатуральнага. Я хацела прысутнасці мужа і адсутнасці іншых пацыентак. Я бачу, што ў апошнія гады пытанні этыкі і гуманізму ў штодзённай медыцынскай практыцы пачалі часцей падымацца ў публічнай прасторы. І я веру, што кожная расказаная ўслых гісторыя, і мая таксама, мяняе гэтую сістэму.

І апошняе. Гэтыя радкі — сваеасаблівая рэцэнзія на кнігу Ганны Старобінец «Паглядзі на яго». Я вельмі рэкамендую прачытаць яе тым, хто страціў дзіця. Кніга цяжкая, але яна дапамагае пражываць і адпускаць свой досвед. Праз 2,5 года мае раны таксама пакрысе становяцца шнарамі.

Каментары да тэксту жорстка мадэруюцца.

Перадрук магчымы толькі са згоды гераіні публікацыі.

nn.by, фота з архіва гераіні

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930