Знайсці
10.08.2017 / 12:5434РусŁacБел

Мадэль, якая раздзяваецца перад вэб-камерай: «Зарабляю $3000 на месяц»

Марына не саромеецца свайго цела і кажа, што прыгожыя паставы адпрацоўвала перад вэб-камерай гадзінамі. Фота з асабістага архіва гераіні.

З развіццём інтэрнэт-тэхналогій з'яўляюцца ўсё новыя сферы бізнэсу. Сярод іх — вэбкам-мадэлінг, пабудаваны на платных зносінах і паказе інтымных шоу ў анлайн відэачаце. Ураджэнка Баранавіч Марына (імя гераіні змененае), якая працуе вэбкам-мадэллю, распавяла Intex-press, чаму не лічыць свае заняткі прастытуцыяй, як аднойчы «зарэзала» кліента, чаму дзве гадзіны правяла пад шафай, і як да гэтай працы ставіцца яе хлопец.

Хацела стаць кухарам

Я скончыла школу з сярэднім балам 8,0. Канкрэтных планаў на далейшую вучобу не было: я не ведала, чым хачу займацца. Таму запісалася на курсы кухараў — люблю гатаваць. Адвучылася там, а затым вырашыла з'ехаць жыць у Санкт-Пецярбург. Тым больш што знаёмая даўно клікала мяне, казала, што дапаможа знайсці працу ў кафэ або рэстаране.

Я сабрала сродкі на першы час (на арэнду жылля і харчаванне), купіла квіток у адзін канец і з'ехала. Бацькі адпусцілі мяне спакойна: яны ведалі, што я не разгублюся, на жыццё зараблю, а калі што, заўсёды змагу вярнуцца назад.

У Піцеры я неафіцыйна ўладкавалася кухарам у кафэ непадалёк ад дома, дзе зняла жыллё. Гэта хутчэй было нават не кафэ, а «забягалаўка». Плацілі там мала — хапала толькі на тое, каб заплаціць за кватэру і купіць танную касметыку. Сілкавалася тым, што прыносіла з працы.

Афармляць афіцыйна ў кафэ мяне не хацелі — і я сышла.

Замест кабінетаў — спальні

Аб вэбкам-мадэлінгу я даведалася з інтэрнэту. Мне стала цікава, і захацелася паспрабаваць. Па водгуках іншых дзяўчат ведала, што там добра плацяць. У сеціве знайшла сайт піцерскай студыі вэбкам-мадэляў, зарэгістравалася і адправіла сваё рэзюмэ. Мяне запрасілі ў офіс на сумоўе, паглядзелі, як я выглядаю, патлумачылі сутнасць працы і ўдакладнілі, ці гатовая я да гэтага. На тое, каб я зразумела, ці змагу гэтым займацца, далі каля тыдня.

Умовы працы мне спадабаліся, і мяне пазнаёмілі з менеджарам. У яго абавязак уваходзіла забяспечваць мяне сэксуальнай бялізнай і касцюмамі, сэкс-цацкамі. Ён жа «штурхаў» мяне, каб я не ленавалася.

Сама студыя, дзе працавалі вэбкам-мадэлі, афіцыйна была зарэгістраваная як інтэрнэт-крама цацак для сэксу, а мадэлі — альбо менеджарамі, альбо мадэлямі для паказу адзення. Офіс уяўляў сабой невялікія кабінеты ў выглядзе спальняў. Увесь працоўны час мадэль павінна знаходзіцца перад ноўтбукам з вэб-камерай і мець зносіны з патэнцыяльнымі кліентамі ў бясплатным чаце.

Калі чалавек гатовы плаціць за прыват, мадэль запрашае яго ў платны чат. Кошт такіх зносін вар'іруецца ад $4 да $20 за хвіліну і залежыць ад рэйтынгу дзяўчыны і шчодрасці кліента.

Спачатку я саромелася — у першую чаргу сябе, свайго цела. Але з часам разняволілася і пачала атрымліваць асалоду ад сваёй працы.

«Сядзець на попе і атрымліваць грошы не атрымаецца»

З аднаго боку, вэбкам-мадэлі прадаюць сябе, і тое, чым я займаюся, падобна да прастытуцыі. З іншага боку, мяне ніхто не чапае, я ні з кім са сваіх кліентаў не сплю. Я прадаю ўсяго толькі сэксуальную карцінку.

Зрэшты, ад мадэлі не заўсёды патрабуецца ладзіць інтымнае шоу. Напрыклад, калі кліент жадае, каб дзяўчына з ім проста пафліртавала, то ў гэтым выпадку распранацца ўвогуле нельга. Максімум, што можна зрабіць — агаліць плячо. Для гэтых кліентаў важныя зносіны, і яны плацяць за іх.

Наогул, вэбкам-мадэлінг — гэта цяжкая праца. Хоць камусьці можа здацца, што нічога складанага тут няма. Па-першае, трэба ўмець размаўляць. У зносіны даводзіцца ўкладаць вялізныя эмацыйныя рэсурсы, каб кліенты даверылі табе свае самыя патаемныя сэксуальныя фантазіі. Чым больш дзіўная фантазія, тым больш часу трэба чалавеку, каб адкрыцца. У мяне ёсць чацвёра пастаянных кліентаў, на кожнага з якіх я выдаткавала па 40 гадзін, каб заваяваць іх давер. І гэта, бадай, самае цяжкае ў працы.

Па-другое, седзячы перад ноўтбукам, трэба выбіраць прыгожыя паставы, каб кліент захацеў паклікаць цябе ў «прыват». Таму не паслабішся. Ведаю, што дзяўчаты, якія працуюць даўно, прымудраюцца падчас сеансаў глядзець серыял або правяраць сацсеткі. Але гэта адцягвае ад справы. А калі хочаш зарабіць, лепш не адцягвацца.

Па-трэцяе, працоўны макіяж дрэнна адбіваецца на скуры. Каб не выглядаць блякла праз вэб-камеру, даводзіцца фарбавацца ў тры ці нават у чатыры пласты.

Па-чацвёртае, трэба ўкладвацца ў сябе — даглядаць твар і цела. А гэта значыць плаціць за фітнес-клуб, спа-працэдуры і г.д. Амаль палову свайго заробку я трачу на гэта. Сядзець на попе і атрымліваць грошы, не ўкладваючы ў якасць прадаванай карцінкі ні рубля, не атрымаецца. Чым ты прыгажэйшая, тым больш заробіш.

«Жаданне жыць прыгожа — найлепшая матывацыя»

У агенцтве я адпрацавала два гады, а затым вырашыла працаваць на сябе. Студыя адымае 50% з заробку за рэквізіт, арэнду пакоя і іншае. Я зарабляла па $1000 у месяц, але хацела большага.

Ужо паўтара года я сама сабе гаспадыня. Сама шукаю рэквізіт, уладкоўваю «кабінет». Часам працаваць не хочацца, але жаданне жыць хораша — найлепшая матывацыя. Зарабляю каля $3000 на месяц. Афіцыйна я працаўладкавалася ў краме знаёмай, таму праблем з падаткамі няма.

Я жыву ў трохпакаёвай кватэры разам з хлопцам. Маё працоўнае месца — адзін з пакояў.

Ён невялікі: там толькі ложак, шост, маленькі столік з ноўтбукам і шафа на ўсю сцяну. У шафе ляжыць усё, што трэба для працы: розныя касцюмы (медсястры, сцюардэсы, міліцыянта і г.д.), аксэсуары і многае іншае.

З хлопцам мне пашанцавала: яго не бянтэжыць мая праца, ён не прымушае мяне яе кідаць. Акрамя яго і пары блізкіх сябровак, пра тое, як я зарабляю на жыццё, ніхто не ведае. Не хачу, каб мяне абмяркоўвалі.

Бацькам пра свой занятак таксама ніколі не раскажу.

Гульні і просьбы кліентаў

У мяне строгі адбор кліентаў. Калі мне нешта не падабаецца, я адразу ж адмаўляюся. Напрыклад, біць сябе я не стану, але магу быць «спадарыняй» і прымусіць мужчыну пабіць сябе.

Працую толькі з замежнікамі — яны шчодрыя і ветлівыя, у адрозненне ад рускіх, якія часта паводзяць сябе па-хамску. У асноўным кліенты — гэта мужчыны за 40, у якіх ёсць сем'і і сур'ёзная праца.

Аднаму з маіх кліентаў 47 гадоў, у яго ёсць дзеці. Яго любімая гульня са мной — «дочкі-маці». Прычым «дачка» — ён. Дарослы мужык сядзіць перада мной, апрануўшыся ў дзіцячыя шмоткі, просіць прыгатаваць яму абед, адпусціць пагуляць у двор у вайнушку, пачытаць казку на ноч. Усё даволі нявінна, калі не лічыць, што казкі я чытаю ў чорнай карункавай бялізне і панчохах у сетку.

Здараюцца смешныя гісторыі. Аднойчы я танчыла стрыптыз для кліента. Шост быў слаба замацаваны, а я так захапілася танцам, што забылася пра гэта і залезла пад самую столь. Наверсе страціла раўнавагу і пачала падаць. Ад спалоху схапілася за шафу, але не ўтрымалася. У выніку я грымнулася на ложак, шафа звалілася на мяне, і я не магла з-пад яе выбрацца. Кліент спытаў, ці ўсё са мной у парадку. Я засмяялася — уявіце сабе ўсю недарэчнасць сітуацыі. Ён засмяяўся ў адказ, затым аплаціў танец, пакінуў добрыя чаявыя і выйшаў з чата, сказаўшы: «Спадзяюся, цябе выратуюць». Было пяць раніцы, таму крычаць я не стала, каб не пабудзіць суседзяў. Пад шафай я прабыла дзве гадзіны, пакуль не прачнуўся мой хлопец і не вызваліў мяне. Дзякуй богу, я нічога не пашкодзіла.

Быў мужчына, які любіў фізічны боль. Мы рабілі выгляд, быццам я лёгенька рэжу яго нажом — на самай справе нож быў у яго ў руках. Аднойчы ён усадзіў нож сабе ў жывот. Я пачала крычаць, пытацца, ці ўсё ў яго ў парадку, маліла адказаць. Я спалохалася, што мяне пасадзяць за забойства, мільганула думка пра пошук адваката. А аказалася, што кліент так пажартаваў. Я так пакрыўдзілася, што адмовілася ад далейшых зносін з ім, хоць ён заўсёды добра плаціў.

Быць вэбкам-мадэллю можна і ў 70 гадоў. Праўда, працаваць прыйдзецца толькі ў абмежаванай катэгорыі. Асабіста я працаваць у гэтай сферы да старасці не планую. Мы з хлопцам збіраем грошы на пераезд у Італію, дзе хочам купіць невялікі дом бліжэй да мора і адкрыць атэлье па пашыве адзення.

Intex-press.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера