Знайсці
09.08.2017 / 18:025РусŁacБел

У Берштах могуць знесці будынак школы — помнік беларускага руху ў Заходняй Беларусі. Мілінкевіч б'е трывогу

80-гадовая школа ў Берштах, Шчучынскі раён. Фота Radzima.org.

Жыхары вёскі Бершты, у тым ліку палітык Аляксандр Мілінкевіч (з гэтага сяла паходзяць яго дзяды-прадзеды), перажываюць, што 80-гадовы гістарычны будынак мясцовай школы вось-вось знясуць.

У гэтым годзе гэтаму прыгожаму драўлянаму збудаванню з «венскімі вокнамі» ды высокім паўвальмавым, «галандскім» дахам, што стаіць на беразе возера, каля маляўнічай Берштаўскай пушчы, спаўняецца 80 гадоў. На адкрыццё школы ў 1937 годзе на знак пратэсту супраць паланізацыі моладзь паставіла тут не польскі спектакль, а сваю «Паўлінку». Сцены школы памятаюць таксама прыезд Рыгора Барадуліна, які чытаў тут свае вершы…

Інтэр'ер школы: раскошная грубка.

«Ад мясцовых жыхароў я даведаўся, што будынак можа быць знесены — шчыра кажучы, у мяне нават слёзы на вачах выступілі. Я вельмі люблю гэтыя мясціны, адсюль паходзяць мае продкі. Але сэрца баліць і за іншае: падобная ненармальная сітуацыя са зруйнаваннем былых бібліятэк, школ, клубаў у вёсках характэрна для ўсёй краіны.

Прэзідэнт выказаў добрую думку: трэба адраджаць малыя радзімы. Аднак яго распараджэнне навесці на землях парадак на месцах успрынялі літаральна: закапаць усё бульдозерам — так выглядае нацыянальная схема добраўпарадкавання»,

— падзяліўся з «НН» сваім сумам Аляксандр Мілінкевіч. —

Мясцовыя ж жыхары не хацелі б згубіць школу як памяць: яе будавалі продкі, тут вучыліся іх нашчадкі…»

Акрамя школы, у вёсцы захаваліся яшчэ два гістарычныя помнікі: былая ўніяцкая, а сёння — праваслаўная драўляная царква XIX стагоддзя, а таксама будынак гміны, дзе ў 1920—1930 гадах размяшчалася адміністрацыя.

Да гэтага часу тут працуюць пошта, клуб і крама. Але дадаткова выдзяляе гэты край шыкоўная прырода, з возерам і пушчай. Таму Аляксандр упэўнены: калі б зямлю перадалі ў рукі талковаму прадпрымальніку, месца можна было б адрадзіць, а спадчыну захаваць.

Фота Radzima.org.

Прыродныя пейзажы ў вёсцы зайздросныя.

У Астрынскім сельсавеце нам паведамілі, што тэрыторыя школы некалькі гадоў таму была перададзеная на баланс дзяржаўнага прадпрыемства «Гроднааблсельбуд». Кіраўніцтва гэтай кампаніі калісьці хацела даць установе другое жыццё, зрабіўшы там пансіянат: нешта накшталт базы адпачынку, аднак, як нам паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Генадзь Залога, на іх «павесілі» два калгасы, таму ўсе свабодныя сродкі накіроўваліся на развіццё сельскай гаспадаркі.

На ідэю са стварэннем пансіяната грошаў ужо не хапіла і пакуль не прадбачыцца. Праўда, тое, што будынак збіраюцца цалкам зносіць, Генадзь Чэслававіч не пацвердзіў:

«Пакуль мы падчышчаем толькі тое, што знаходзіцца ў аварыйным стане: знеслі старую школьную майстэрню, бо ў яе цалкам разваліўся дах, і так званы домік настаўнікаў: там разбурыліся паддашак ды вокны. Акрамя таго, прыйшлося правесці дэмантажныя працы і ўнутры школы, там дзе праселі пліты даху, але мы чапалі толькі столь, і тое часткова. Усё гэта рабілася, каб прадухіліць магчымую бяду: школьнікі прыязджаюць сюды на канікулы, гуляюць там — усё магло б дрэнна скончыцца. Для гэтых самых мэт мы хочам падрэзаць побач некалькі аварыйных дубоў».

Таксама Генадзь Залога даў зразумець, што, калі б знайшліся людзі, якія б захацелі выкупіць гэты будынак і зрабіць там, нарэшце, аграсядзібу ці нешта яшчэ, можна было б арганізаваць аўкцыён ды перадаць школу ў іншыя, добрыя рукі.

Аднак пытанне, ці знойдзецца на яе гаспадар, і ці не будзе гэта занадта позна?

Кацярына Карпіцкая, фоты Аляксандра Мілінкевіча

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930