Знайсці
09.08.2017 / 14:3231РусŁacБел

На Віцебшчыне археолагі знайшлі ўнікальны крыж часоў Івана Жахлівага

Падчас раскопак на фартэцыі «Сокал» (Расонскі раён Віцебскай вобласці Беларусі) археолагі-валанцёры з «Полацкага археалагічнага легіёна» знайшлі ўнікальны крыж часоў Лівонскай вайны, паведамляе Еўрарадыё.

Фота: Арцём Мартыновіч, Еўрарадыё

Упрыгожанне памерам з далонь насіў на шыі камандзір стральцоў з войска Івана Жахлівага. Калі войскі Рэчы Паспалітай узялі «Сокал» штурмам, жаўнер, хутчэй за ўсё, загінуў.

«Крыж зроблены з косткі. Ён мае кампазіцыю з некалькімі святымі на адным баку і са сцэнай, дзе Фёдар Страцілат выганяе дэманаў, на іншым, — распавядае кіраўнік экспедыцыі, старшы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі Марат Клімаў. — Мы дакладна ведаем дату, калі крыж трапіў у зямлю, — 25 верасня 1579 года. У гэты дзень у фартэцыі «Сокал», якую штурмавалі войскі Рэчы Паспалітай, адбыўся пажар. Выпадкі, калі археалагічная знаходка цалкам захавалася і яе можна датаваць з дакладнасцю да аднаго дня, вельмі рэдкія. Таму крыж мае вялікае значэнне для ўсёй усходнееўрапейскай археалогіі».

У 1579 годзе маскоўскі князь Іван Жахлівы паслаў свае войскі да Полацка, які тады трымаў у аблозе кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый. Але маскоўскія стральцы не здолелі прабіцца да горада і замацаваліся ў «Сокале», збудаваным на месцы, дзе зліваюцца дзве ракі: Нішча і Дрыса. Вада акаляла сцены крэпасці з трох бакоў, распавядае Еўрарадыё.

Калі Баторый узяў Полацк, ён са сваімі войскамі рушыў на «Сокал». 19 верасня 1579 года фартэцыя была ўзятая ў аблогу. Ля яе сцен адбылося некалькі сутычак. 25 верасня артылерыя Рэчы Паспалітай гартаванымі ядрамі падпаліла драўляную сцяну крэпасці. 

Маскавіты паспрабавалі пайсці на прарыў, але кавалерыя Баторыя пасекла іх і ўзяла ў палон ваяводу Фёдара Шарамецева. Стральцы адступілі за сцены, але разам з імі за вароты крэпасці здолелі прарвацца каля 500 нямецкіх наёмнікаў Баторыя. Пачалася крывавая сеча, кропку ў якой паставіла кавалерыя РП, што прыйшла на дапамогу немцам. Амаль увесь гарнізон «Сокала» быў знішчаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930