Знайсці
02.08.2017 / 19:083РусŁacБел

Балконы ў мінскіх шматпавярховіках правераць на адпаведнасць нормам бяспекі

Пазачарговы агляд балконаў і лоджый правядуць у Мінску на працягу месяца, паведамілі БЕЛТА ў ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка».

Такое рашэнне прынята пасля выпадку абрушэння ў канцы ліпеня бетоннай пліты ў жылым доме нумар 5 па вуліцы Талбухіна. Прадстаўнікі ЖЭУ нумар 3 Першамайскага раёна ўжо абследавалі кватэры жыльцоў, выдалі ўласнікам прадпісанні аб часовай немагчымасці выкарыстання балконаў.

Цяпер на аб'екце працуюць спецыялісты праектнай арганізацыі «БелТэхЭксперт», якія падрыхтуюць тэхнічныя заключэнні. На дошках інфармавання пры ўваходах у пад'езды размешчана інфармацыя аб неабходнасці прадастаўлення доступу ў жылыя памяшканні.

Да канца жніўня на прадмет тэхнічнага стану і санітарнага ўтрымання плануецца абследаваць балконы і лоджыі дзяржаўнага і прыватнага жыллёвага фондаў (у тым ліку ў жылых дамах пасля капітальнага рамонту), якія маюць тэрмін эксплуатацыі звыш за 40 гадоў. Пры выяўленні разбурэння цэласнасці балконных пліт будуць прыняты меры па аднаўленні дэфектаў, пры неабходнасці выканана тэхнічнае абследаванне на адпаведнасць нясучай здольнасці.

Пры выяўленні фактаў выкарыстання балконаў не па прызначэнні (складзіраванне мэблі, бытавой тэхнікі, рэчаў, будаўнічых матэрыялаў), а таксама ўстаноўкі на агароджах індывідуальных антэн і іншых канструкцый уласнікі будуць прыцягвацца да адказнасці. Па выніках кантрольных мерапрыемстваў сфарміруюць графікі рамонту. Аналагічныя мерапрыемствы запланаваны і ў іншых рэгіёнах рэспублікі.

Нарматыўная працягласць эксплуатацыі балконных пліт - каля 80 гадоў. Звычайна балконы і лоджыі інспектуюцца два разы ў год у час планавых вясенніх і асенніх аглядаў жылога фонду. Праверкі праводзяцца ва ўсіх дамах незалежна ад года пабудовы. Часцей за ўсё выяўляюцца такія недахопы, як разбурэнне ніжняй часткі пліты балкона, аслабленне агароджаў, разбурэнне цэментнай сцяжкі на самой пліце.

Сачыць за станам балконаў павінны і самі жыльцы. На балконах і лоджыях забаронена: размяшчаць цяжкія рэчы і матэрыялы; захоўваць лёгкія на загаранне рэчывы, гаручыя матэрыялы і вадкасці; змяншаць нарматыўную вышыню агароджы за кошт павелічэння таўшчыні падлогі; змяняць форму і канструкцыю памяшканняў; самавольна ўстанаўліваць казыркі і прыстасаванні для сушкі бялізны за межамі балконаў. Тэхнічныя характарыстыкі сваіх балконаў уладальнікі кватэр могуць удакладніць у жыллёва-эксплуатацыйнай службе або ў таварыстве ўласнікаў.

Згодна з п. 1 арт. 21.16 КоАП, парушэнне правіл карыстання жылымі памяшканнямі або ўтрымання жылых і дапаможных памяшканняў жылога дома (за выключэннем платы за тэхнічнае абслугоўванне жылых памяшканняў і карыстанне імі, за камунальныя паслугі, якія аказваюцца насельніцтву, адлічэнняў на капітальны рамонт), канструктыўных элементаў і інжынерных сістэм або самавольныя перабудова і (або) перапланіроўка жылых і (або) нежылых памяшканняў, у тым ліку інжынерных сістэм, без змянення нясучай здольнасці канструкцый, а таксама выкарыстанне не па прызначэнні жылых памяшканняў, прыдатных для пражывання, прыводзяць да накладання штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу - ад 30 да 50 базавых велічынь.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера