Знайсці
25.07.2017 / 15:3858РусŁacБел

«Змова супраць Расіі»: што пішуць расійскія СМІ пра сустрэчу Лукашэнкі і Парашэнкі

Інтэрнэт-выданні Расіі зноў востра адрэагавалі на перамовы ў Кіеве паміж прэзідэнтамі Украіны і Беларусі Пятром Парашэнкам і Аляксандрам Лукашэнкам. «Наша Ніва» прапануе агляд найбольш адыёзных публікацый.

«Беларусь імкнецца сысці ад Расіі»

Сайт «Свабодная прэса», які рэдагуюць вядомыя расійскія пісьменнікі-чарнасоценцы Сяргей Шаргуноў і Захар Прылепін, змяшчае калонку пад назвай «Саюз Беларусі і Расіі трэснуў у Кіеве».

«На жаль, Расея адносна Беларусі можа аказацца ў той жа сітуацыі, што і ў свой час з Украінай. У нас былі ўпэўненыя, што ўсе гэтыя культурныя, моўныя, гістарычныя і роднасныя скрэпы з'яўляюцца магутнай процівагай любому нацыяналізму. І нам нічога не трэба рабіць у палітычным плане, каб утрымаць партнёраў на расейскай арбіце. Украінскі прыклад паказаў, што гэта зусім не так. І ў Беларусі паўтор гэтага сцэнара цалкам магчымы. Тым больш, што беларускія ўлады ўзялі курс на аддаленне ад Расіі», — кажа выданню дырэктар Цэнтра крызіснага грамадства, намеснік загадчыка кафедры дзяржаўнай палітыкі МГУ Максім Вілісаў.

«Калі вы пачытаеце гістарычныя падручнікі ў Беларусі, вы ўбачыце, што па іх беларуская дзяржаўнасць ніяк не звязаная з расійскай. Там вядуць гісторыю ад Вялікага Княства Літоўскага. А ўсё астатняе — гэта Беларусь у складзе Расійскай імперыі, затым Савецкага Саюза, а затым адраджэнне яе дзяржаўнасці. Калі моладзь, выгадаваная на такой ідэалогіі, прыйдзе да ўлады, яна ўжо не будзе ўспрымаць Расію як натуральнага партнёра і саюзніка. Хутчэй, наадварот», — працягвае Вілісаў.

«Парашэнка стане еўрапейскім «магільшчыкам» Лукашэнкі»

«Прэзідэнт Беларусі, сам таго не падазраючы, падышоў да небяспечнай рысы, дазволіўшы свайму ўкраінскаму «сябру» марыць аб больш цесным супрацоўніцтве і нават пра новую ролю ў еўрапейскім лёсе Мінска. Хоць цалкам магчыма, што Аляксандр Рыгоравіч проста гуляе з Кіевам «адпускаючы павесяліцца на лужку», — піша выданне politobzor.com.

«Фарс чыстай вады, асабліва калі ўспомніць, што Парашэнку выкінулі на еўрапейскую памыйніцу ў геапалітычным плане. Але калі такія дробязі прымушалі праўдзівага майданутага патрыёта адмаўляцца ад мары? Тым больш Парашэнка пускаецца ва ўсе цяжкія, каб хоць ледзь-ледзь прыпадняць дно рэйтынгу і прадэманстраваць сваю важнасць, хоць бы для ўласнага статка», — піша нехта Юрый Макаранка.

«Лукашэнка грудзьмі стаў на абарону Кіева ад «агрэсіі»

Такі загаловак дала чарнасоценскае агенцтва «Рэгнум». Аўтар — нехта Якаў Рудзь. Магчыма, новы псеўданім усім вядомага Юрыя Баранчыка.

«На прэс-канферэнцыі па выніках афіцыйнага візіту ва Украіну прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка казаў пра блізкасці беларусаў і ўкраінцаў, аб іх крэўным сваяцтве і гістарычных сувязях, сярод іншага, запэўніўшы гасцінных гаспадароў у тым, што ніякая агрэсія з боку братняй Беларусі Украіне не пагражае, і пагражаць не будзе. Пра тое, ці азначаюць гэтыя гарантыі, што агрэсіі не будзе, бо яе ніхто не рыхтуе, або таму, што сам «Бацька» і беларускі народ яе не дапусцяць, высокі госць змаўчаў. Даўшы магчымасць усім жадаючым расстаўляць кропкі над «і» па гэтым пытанні па іх ўласным меркаванні. Для нармальнай свядомасці, не абцяжаранай комплексамі «майдана» і «ато», зрабіць выбар на карысць варыянту «нуль агрэсіі» не складзе асаблівай цяжкасці. Для кіеўскага ж кіраўніцтва выбраць што-небудзь іншае, акрамя пагрозы агрэсіі з боку Расеі, аказваецца не проста вельмі праблематычна, а наогул наўрад ці магчыма».

«Каго Лукашэнка абдымае крапчэй — Парашэнку ці Пуціна?»

Такое пытанне задае выданне «Росбалт». «Зразумела, што такія паводзіны Аляксандра Рыгоравіча здольны выклікаць пякотку ў Крамлі, але яго гэта не збянтэжыла. Больш за тое, ён таксама запэўніў Парашэнку ў тым, што ўкраінцы могуць разлічваць на беларусаў: «Калі мы нешта ўмеем і можам зрабіць для нашай Украіны, мы гэта зробім». Цікава, што? Зразумела, што РФ «агрэсарам» ён не назаве, ды і ў якасці «дадатковага міратворца» беларускі лідар сябе не прапанаваў, хоць не пасаромеўся пахваліць сябе за прадастаўленне Мінска ў якасці пастаяннай пляцоўкі для перамоў па ўрэгуляванні супрацьстаяння ў Данбасе».

«Змова супраць Расіі»

Газета «Маскоўскі камсамолец» дала слова выхадцу з Беларусі, эксперту Вышэйшай школы эканомікі Дзмітрыю Балкунцу. Эксперт выказвае абсалютна фантасмагарычную версію, што Лукашэнка і Парашэнка дамовіліся паміж сабой перашкодзіць паляпшэнню адносін паміж Масквой і Вашынгтонам.

«На мой погляд, сёння і Аляксандр Лукашэнка, і Пётр Парашэнка не зацікаўленыя ў дыялогу або, не дай Бог, нармалізацыі адносін Вашынгтона і Масквы. Для іх важна, каб бягучыя адносіны дзвюх краін былі на такім жа нізкім узроўні, таму што яны тады маюць магчымасць манеўраваць паміж Масквой і Захадам. Асабліва гэта тычыцца Беларусі. І ў гэтым ракурсе Парашэнка, я ўпэўнены, выкажа сваю ўдзячнасць беларускаму калегу за захоўванне прынцыповай пазіцыі па Крыме і паўднёвым усходзе Украіны».

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930