Знайсці
25.07.2017 / 10:1530РусŁacБел

«Абсалютна не адчуваю ўзросту». Аляксандру Мілінкевічу — 70 гадоў

Сёння спаўняецца 70 гадоў аднаму з самых вядомых апазіцыйных палітыкаў сучаснай Беларусі — Аляксандру Мілінкевічу. Сын заслужанага настаўніка, унук рэпрэсаванага беларускага актывіста 1920-х, праўнук аднаго з паўстанцаў, што ўстаў у шэрагі Кастуся Каліноўскага, Мілінкевіч нібы пайшоў шляхам адразу ўсіх іх: праз навуку і выкладанне — у грамадскі актывізм і палітыку — а затым назад «ва ўніверсітэты».

Фота: Аляксандр Васюковіч, TUT.BY

Юбілей Аляксандр Мілінкевіч хацеў адзначаць з дзецьмі ў Варшаве, але яны вырашылі інакш.

— Мы прыехалі ў Варшаву, а яны зладзілі нам вялікі сюрпрыз. Арганізавалі нам паездку на некалькі дзён у Венецыю, і вось цяпер я тут. Я шмат бачыў гарадоў, а ў Венецыі ніколі не быў — гэта проста шок. Гэта проста суцэльная гісторыя — кожны будынак, сам дух. І каналы. Нейкая казка, а не верыцца, што замест асфальту гэта бывае. Здаецца, у кіно ўсё бачыў, але ўсё адно. Атрымліваю асалоду ад горада, нават спецыяльна з вакзалу пайшлі пешшу.

Суразмоўца кажа, што не адчувае ўзросту, бо лічыць самым галоўным «жаданне рабіць новыя рэчы, якія самі цябе абнаўляюць». Пытаем, як Аляксандр Мілінкевіч падтрымлівае фізічную і інтэлектуальную форму.

— Імкнуся больш рухацца, больш хадзіць. Пры першай жа магчымасці — плаваць. Цяпер наогул залаты час, у вёсцы маіх продкаў, у Беражках, возера шыкоўнае — Зэльва. Плаваць там — адно задавальненне. А інтэлектуальна — шмат чытаю ў вельмі вузкай сферы. Гэта анлайн-навучанне.

Справа ў тым, што ўжо паўтара года Мілінкевіч займаецца стварэннем інтэрнэт-універсітэта.

— Ідэя ў тым, каб беларускія спецыялісты маглі атрымліваць еўрапейскія дыпломы, не пакідаючы краіну. Або рэдка пакідаючы.

Навучаць плануюць па спецыяльнасцях, якія «больш за ўсё патрэбныя для трансфармацыі». Гэта публічная палітыка, фінансы, эканоміка, мясцовае самакіраванне.

— Падрыхтаваныя канцэпцыя, аргплан, бізнэс-план, праграмы курсаў. Цяпер самае галоўнае — ствараць платформу, якая будзе складацца з модуляў, з прадметаў. Гэта даволі дарагая, але і няпростая справа.

Юбіляр прызнаецца, што «гарыць» гэтай справай: «Я як у маладосць вяртаюся, 25 гадоў працаваў ва ўніверсітэце».

Аляксандр Уладзіміравіч распавядае, што ў жыцці не было канкрэтнага моманту, калі ён вырашыў пайсці ў палітыку. Дацэнт фізфака Гродзенскага ўніверсітэта, Мілінкевіч стаў захапляцца гісторыяй і нацыянальным адраджэннем ў перабудову.

— У бацькі была выдатная калекцыя старых кніг, гравюр, паштовак. І я з гэтым усім матэрыялам пачаў выступаць на тэлебачанні і рабіў сваю аўтарскую перадачу восем гадоў на тэлебачанні ў Гродне. Да гэтага часу многія лічаць, што я гісторык, а не фізік. Мяне заўважылі, і студэнты мяне вылучылі кандыдатам у Вярхоўны савет. Потым быў віцэ-мэрам Гродна. Ну вось так і здарылася.

Калі пачаў рыхтавацца рэферэндум 1996 года, Мілінкевіч сышоў з гарвыканкама.

— Было вельмі шкада — шмат планаў, добрых спраў, каманда. Але я сышоў, бо не хацеў у гэтым удзельнічаць. І заняўся грамадскай працай, стварыў арганізацыю «Ратуша», адзін з вядучых цэнтраў па развіцці грамадзянскай супольнасці, мы стварылі сетку па ўсёй краіне. Як і ўсе іншыя цэнтры па падтрымцы грамадскіх ініцыятыў, у пачатку 2000-х нас ліквідавалі. Наехаў КДБ, сказалі, што мы не можам друкаваць на нашай тэхніцы. Быў суд, і нас ліквідавалі.

1997 год, фота з сайта 3sektar.by

У 1990-я Мілінкевіч, як і многія яго паплечнікі, быў рамантыкам, прызнаецца сам юбіляр. Верылі, што перамены прыйшлі назаўжды.

— Але мы памыляліся. Мы не думалі, што пасля таталітарнай улады, дэмакратыі раптам аўтарытарная прыйдзе. Але так здарылася. А зразумелі мы гэта, калі пачалася чарада рэферэндумаў у Беларусі.

У 2006 годзе Мілінкевіч стаў адзіным кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах. Тады многія адзначалі нетыповы для беларускай палітыкі стыль Мілінкевіча — спакойны, інтэлігенцкі, прафесарскі. Прычым ставілі гэта як у вартасць палітыку, так і ў папрок — маўляў, не гатовы беларускі народ да такога лідарства, патрэбен запал і эмоцыі.

Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

— Самае галоўнае, калі ідзеш у палітыку, — быць самім сабой, не фальшывіць, — кажа Мілінкевіч. — Тады атрымліваеш падтрымку. Я ўсё ж такі набраў каля 25% галасоў (6,2% па дадзеных ЦВК. — Заўвага. TUT.BY), гэта вельмі добры вынік, асабліва на піку эканамічнай мадэлі Аляксандра Лукашэнкі. Гэта ўжо быў поспех. Сёння патрэба ў такіх людзях яшчэ большая. Ну што такое інтэлігентны? Гэта выхаваны? Гэта хіба дрэнна? Сёння ў Беларусі чалавек, які размахвае шашкай і кажа, што зробіць рэвалюцыю, наўрад ці можа выйграць выбары.

Асноўны лозунг сваёй праграмы — «Праўда. Свабода. Справядлівасць» — экс-кандыдат лічыць актуальнымі як ніколі.

— Я рады, што сёння нават і ўлада, якая настальгуе па Савецкім Саюзе і хацела ісці на поўнае збліжэнне з Расеяй, нямала робіць для таго, каб зблізіцца з Еўропай.

Напярэдадні дня выбараў у 2006 годзе. Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Аляксандр Мілінкевіч кажа, што ўсё, чым ён займаўся, рабіла яго шчаслівым чалавекам: ад баскетбола — а палітык паспеў пабываць і прэзідэнтам клуба «Гродна-93» — да навукі і сённяшняга праекта па стварэнні ўніверсітэта.

— Нават калі на выбары пайшоў, не крэсла хацелася, а было нейкае адчуванне місіі. Былі ў жыцці дасягненні, былі памылкі. Але я б не хацеў перарабляць нешта. Было як было. Гэта мой досвед. Гэты той багаж, без якога нельга рухацца наперад.

Арцём Шрайбман, TUT.BY

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930