Знайсці
24.07.2017 / 18:2736РусŁacБел

«Кожны вечар усім «рускім» давалі паўбутэлькі гарэлкі» — расказвае беларус, якога вызвалілі з працоўнага рабства ў Дагестане

Удзельнікі руху «Альтэрнатыва», які займаецца пошукам людзей у Расіі, вызвалілі ў Дагестане траіх беларусаў. Віктар Страхаль з Бабруйска, Аляксандр Яўлаш з Мазыра і Андрэй Горбач з Гродна каля месяца працавалі на цагляных заводах.

Горбач быў у Каспійску, Яўлаш і Страхаль — у сяле Адыль-Янгіюрт Бабаюртаўскага раёна Дагестана. Страхаль і Яўлаш пазнаёміліся з Горбачам у аўтобусе з Масквы ў Дагестан. Пазней Андрэй Горбач, якога знайшлі першым, расказаў валанцёрам, дзе шукаць яшчэ дваіх беларусаў.

Беларусы па дарозе ў Дагестан: Аляксандр Яўлаш (у белай майцы), за ім — Андрэй Горбач (са светлымі валасамі) і Віктар Страхаль. Фота vk.com/alternative_moscow

Бабруйчанін Віктар Страхаль, адзін з вызваленых беларусаў, распавёў «Нашай Ніве» сваю гісторыю.

Віктар працаваў у Бабруйску разьбяром па дрэве, але адтуль яго скарацілі. Ён уладкаваўся на птушкафабрыку, дзе, па яго словах, плацілі малыя грошы.

Віктар Страхаль з жонкай

«Плацілі менш за 2 мільёны «старымі», а ў мяне сям’я, двое дзяцей… Грошай вельмі не хапала. Я вырашыў паехаць на заробкі ў Маскву, — кажа Віктар. — Там я працаваў на мясакамбінаце, усё было, здавалася б, нармальна. Мяне разлічылі, я збіраўся ехаць у Беларусь».

Але, па словах Віктара, невядомыя збілі і абрабавалі яго. Беларус застаўся без капейчыны. Не ведаў, што рабіць, два дні бадзяўся па Маскве. Дадому ехаць не было за што. Пасля, калі ён проста сядзеў на лаўцы, да яго падышоў чалавек каўказскай нацыянальнасці і прапанаваў працу — ехаць у Дагестан на цагельны завод.

«Там цэлая сетка такіх вярбоўшчыкаў, якія добра бачаць, калі чалавек без грошай і можа пагадзіцца на прапанову. Шукаюць такіх, ходзяць па вакзалах… — тлумачыць Страхаль. — Я, шчыра кажучы, не ўяўляў, што Дагестан — гэта за 2 тысячы кіламетраў. Але ж грошай не было… Ну і пагадзіўся».

Заробак абяцалі 25-30 тысяч расійскіх рублёў ($400-500), — кажа Віктар. Яму набылі квіток на рэйсавы аўтобус да Дагестана (квіток аплачвалі ўладальнікі завода, куды ён ехаў, падкрэслівае Страхаль). У аўтобусе ён і пазнаёміўся з двума іншымі беларусамі — Горбачам і Яўлашом.

Ехалі больш за 2 сутак. На вакзале ў Дагестане Віктара сустрэў мужчына, адвёз да нейкага іншага.

«Той патлумачыў, што ў яго ёсць цагельны завод. Маўляў, працаваць будзеш? Я кажу, ну буду, а куды падзецца. Мяне адвезлі на той завод», — распавядае Віктар.

Па яго словах, на заводзе працавала каля 20 чалавек. Жылі ўсе ў дамках на тэрыторыі таго ж прадпрыемства.

«Абыходзіліся нармальна, ніхто не біў, пашпарт не забіраў. Хто я і што я, нікога не цікавіла — нават прозвішча не спыталі. Аніякіх дакументаў таксама не падпісвалі — проста ідзі і працуй, — узгадвае Страхаль. — Кармілі тры разы на дзень, у асноўным кашай, на абед — суп. Увечары кожнаму давалі паўбутэлькі гарэлкі. У іх там уяўленне, што калі ты «рускі», то павінен гарэлку піць. Вельмі здзіўляліся, што я не выпіваю».

Належыў завод мясцоваму чыноўніку, кіраўніку раённай адміністрацыі, але прымусова на заводзе ніхто нікога не трымаў, падкрэслівае Віктар. Не падабаецца — ідзі куды хочаш. Але куды падзецца, калі няма грошай?

«Я калі прыехаў, то пагаварыў з рабочымі. Зразумеў, што галоўны падман быў у тым, што тыя 30 тысяч рублёў ніхто не збіраўся плаціць. Плацілі разы ў тры менш, а маглі і зусім нічога не даць. Былі такія, хто працаваў за ежу, бо ім няма куды ісці, няма сям’і, дома. А там кормяць, ну і добра. Некаторыя так з мінулага года там сядзяць. Бо куды ты паедзеш адтуль без грошай? — кажа Віктар. — Працаваць было вельмі цяжка: фізічная праца, а спёка +40 у ценю. А працавалі мы ад 6-й раніцы да 7-8 вечара».

Тым часам родныя пачалі шукаць Віктара, выйшлі на расійскую «Альтэрнатыву», на перадачу «Жді меня». «Альтэрнатыва» знайшла Андрэя Горбача, той распавёў пра Віктара і Аляксандра.

«Калі начальства даведалася, што мяне шукаюць, яны забегалі, набылі мне мабільнік, падключылі інтэрнэт, я змог звязацца са сваімі, — кажа Віктар. — За намі прыехаў чалавек з «Альтэрнатывы», Закір. Начальства завода нас адпусціла без праблем. Праўда, я сам спачатку спужаўся — што за Закір, куды забірае нас? Ён прывёз нас у Махачкалу на сваю кватэру, супакоіў, растлумачыў, што адбываецца».

Сёння Віктар дома, прыходзіць у сябе. Кажа, ён упэўнены, што замест вызваленых неўзабаве прывязуць новых.

Акрамя таго на тым жа заводзе застаўся яшчэ адзін беларус — Сяргей Кажамякін, таксама з Бабруйска.

«Жонка майго брата, якая займалася маімі пошукамі, патлумачыла яго жонцы, што рабіць, — кажа Віктар Страхаль. — Спадзяюся, што і яго вызваляць».

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930