Знайсці
20.07.2017 / 18:535РусŁacБел

Германія абвясціла аб змене курсу ў адносінах з Турцыяй

У сувязі з арыштамі нямецкіх журналістаў і праваабаронцаў міністр замежных спраў Германіі Зігмар Габрыэль абвясціў аб змене знешнепалітычнага курсу ФРГ у дачыненні да Турцыі, паведамляе DW.

Па словах міністра, будуць перагледжаныя ўмовы, на якіх Германія прадастаўляе Турцыі інвестыцыйныя крэдыты і эканамічную дапамогу, напрыклад, у якасці дзяржаўных гарантый пад крэдыты. Таксама варта перагледзець прадастаўленне дапамогі Еўрасаюза ў рамках падрыхтоўкі Турцыі да ўступлення ў ЕС, сказаў Габрыэль. Акрамя гэтага, МЗС Германіі робіць больш жорсткімі свае рэкамендацыі аб бяспецы для грамадзян ФРГ, якія жадаюць наведаць Турцыю.

Адносіны з Турцыяй «немагчыма развіваць як раней», заявіў Габрыэль. Па яго словах, на кожнае новае абвастрэнне з боку Анкары ўрад Германіі імкнуўся рэагаваць спакойна ў надзеі, што турэцкія ўлады пачнуць дзейнічаць разумна. І кожны раз у Берліне былі «расчараваныя».

Габрыэль нагадаў пра нядаўні арышт у Стамбуле немца Петэра Штойтнера і яшчэ пяці праваабаронцаў, якіх турэцкія ўлады абвінавачваюць у падтрымцы тэрарыстычнай арганізацыі. Некалькі месяцаў таму па такім жа абвінавачанні ў Турцыі быў арыштаваны карэспандэнт нямецкага выдання Die Welt Дэніз Юджэл, які да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні.

Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера