Знайсці
19.07.2017 / 16:0330РусŁacБел

Афіцэры цытавалі яму гімн, жонка — настаўніца ў Крыме: пяць фактаў пра новага кіраўніка Ваенпрама

Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасады старшыню Дзяржваенпрама Сяргея Гурулёва. Замест яго кіраваць гэтым стратэгічным кірункам прызначаны генерал-маёр Алег Двігалёў, які дагэтуль быў камандуючым Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Беларусі.

«Наша Ніва» сабрала некалькі фактаў пра новага топ-чыноўніка.

1. Патрыёт-дзяржаўнік і інтэлектуал

Калегі Двігалёва па штабе распавядаюць, што ён выклікае станоўчыя ўражанні. Маўляў, пра Двігалёва нават жартавалі, што для камандуючага ён нават надта мяккі, ніколі не лаяўся матам.

«Абыходзіцца з людзьмі роўна, тактычна. Там, дзе на стрэльбах іншыя «тапік» [тэлефон — НН] кідалі, ён заўжды быў вытрыманы. Любіў пытаць радкі дзяржаўнага гімна, каб яму іх цытавалі. Патрыятычна настроены, хоць ён і нарадзіўся не тут, і загартаваны ў савецкай сістэме», — расказалі нам крыніцы.

«Ён генерал-інтэлектуал, а не генерал-служака. Яму важна даводзіць да іншых сваю думку, а не рубіць шабляй, як шмат хто тут умее. Усе ўзоры тэхнікі праз яго праходзілі заўсёды, ён разбіраецца, відаць, таму і прызначылі», — мяркуюць калегі па штабе.

2. Нядаўна дабудаваў кватэру на Лагойскім тракце

Як стала вядома «Нашай Ніве», некалькі месяцаў таму Двігалёў дабудаваў кватэру на Лагойскім тракце — гэта «двушка» амаль на 60 квадратаў.

На яе будучы кіраўнік Дзяржваенпрама браў льготны крэдыт у «Беларусбанку», які, дарэчы, пагасіў датэрмінова.

Сваю ранейшую кватэру на вуліцы Сурганава — таксама «двушку» — генерал падарыў свайму сыну.

3. Сын працуе ў брытанскай карпарацыі, не любіць украінцаў, ухваляе анексію Крыма

Сына генерала зваць Уладзіслаў, яму 28 гадоў. Хлопец скончыў факультэт сусветнай эканомікі БДЭУ у 2011 годзе і пэўны час быў у беларускім філіяле карпарацыі British American Tabacco спецыялістам па бяспецы. У кампаніі паведамілі, што Уладзіслаў Двігалёў больш у іх не працуе.

Адметна, што старонка Уладзіслава УКантакце заваленая прымітыўнай антыўкраінскай і антыамерыканскай прапагандай, накшталт вось такіх карцінак, якія мы ўзялі са старонкі сына генерала.

4. Жонка працавала настаўніцай у Крыме

Жонка кіраўніка Дзяржваенпрама нарадзілася ў Тамбове. Нейкі час яна працавала настаўніцай у Севастопалі, Джанкоі.

Вольга Двігалёва (Царук).

Як вынікае з каментароў на «Аднакласніках», некалі за гэтую жанчыну супернічалі некалькі афіцэраў, але, як паказала будучыня, толькі Двігалёў даслужыўся да генерала, астатнія засталіся палкоўнікамі і служаць цяпер у Расіі.

Апроч гэтага, генерал мае шмат сваякоў у Расіі.

5. 100%-ны выканаўца

Як патлумачыў «Нашай Ніве» вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін, прызначэннем Двігалёў абавязаны сваёй бездакорнай адказнасці.

«Гэты чалавек — выканаўца высокага класу, які на сваёй пасадзе праводзіў лінію прэзідэнта. Выглядае, што палітычнае кіраўніцтва ўсвядоміла — камандаваць у ВПК нельга, тут не падыходзяць чыстыя вайскоўцы, трэба сучасны менеджмент. І таму ўзялі яго, чалавека з глыбокімі тэхнічнымі ведамі. Гэта таксама паказвае вектар развіцця — выглядае, ухіл будзе ў бок распрацоўкі і ўдасканальвання зенітна-ракетных комплексаў, паветраных апаратаў», — мяркуе Алесін.

 ***

Алег Двігалёў нарадзіўся 21 мая 1965 года на востраве Вітэ Паўночнаморскага раёна Мурманскай вобласці. Раней там знаходзіліся савецкія вайскоўцы, цяпер гэта бязлюдны закінуты востраў.

Пасля заканчэння ў 1987 годзе Мінскага вышэйшага інжынернага зенітнага ракетнага вучылішча СПА ваенную службу праходзіў на пасадах начальніка разліку антэннага паста радыётэхнічнай батарэі зенітнага ракетнага дывізіёна, намесніка камандзіра радыётэхнічнай батарэі — афіцэра навядзення зенітнага ракетнага дывізіёна, начальніка ўлікова-аперацыйнага аддзялення — начальніка штаба мясцовай абароны склада ракетна-артылерыйскага ўзбраення і боепрыпасаў, начальніка ўлікова-аперацыйнага аддзялення склада ракетна-артылерыйскага ўзбраення і боепрыпасаў, старшага афіцэра групы апрацоўкі інфармацыі цэнтра аператыўнай выведкі каманднага пункта Войскаў СПА, старшага афіцэра групы апрацоўкі інфармацыі цэнтра аператыўнай выведкі цэнтральнага каманднага пункта, начальніка цэнтра аператыўнай выведкі цэнтральнага каманднага пункта.

Пасля заканчэння ў 2001 годзе Ваеннай акадэміі Беларусі ваенную службу праходзіў на пасадах намесніка начальніка па выхаваўчай працы цэнтральнага каманднага пункта Войскаў СПА, намесніка начальніка пункта вайсковай часці ВПС і войскаў СПА, камандзіра вайсковай часці — намесніка па баявым кіраванні начальніка Галоўнага штаба ВПС і войскаў СПА.

Пасля заканчэння ў 2008 годзе факультэта Генеральнага штаба Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь ваенную службу праходзіў на пасадзе начальніка штаба — першага намесніка камандуючага войскамі ПЗАТК ВПС і войскаў СПА.

У чэрвені 2011 года быў прызначаны на пасаду начальніка галоўнага штаба — першага намесніка камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны.

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930