Знайсці
20.07.2017 / 12:3127РусŁacБел

Стась Карпаў пра «цудоўнага рускага чалавека»

Я хачу сустрэць рускага чалавека. Не любога, а такога. І не проста, а так. Каб у яго быў прыязны выгляд, і каб у мяне быў настрой і я абавязкова захацеў бы яго распытаць. Што ён думае, як ён жыве, чым дыхае. Я бы сеў насупраць і спытаў:

— Ну, так, у нас тут — чулі? — вышыванкі, мяккая беларусізацыя. Што думаеце на гэты конт?

А чалавек глядзеў бы мне ў вочы і маўчаў. А я б не супакойваўся.

— А вось у нас беларуская мова. Ваюем супраць беларусафобаў. За Случака і супраць астатніх. Як лічыце: прыцясняем мы рускамоўную большасць?

А чалавек нахіліў бы галаву ўлева і цяжка ўздыхнуў.

А я б сказаў:

— Вось у нас Ганна Бонд прыцясніма «малаком». А Філіп Чмыр не можа атрымаць на роднай рускай мове важную паперку ў выставачным павільёне. Як вам? Вас гэта не абражае?

А чалавек бы сказаў: «Гм», — і пацер бы пераноссе.

А я б працягнуў.

— А ва Украіне? Як вы лічыце? Крым — ваш? А распятага хлопчыка шкада? А кіеўскую хунту ненавідзіце? Статус рускай мовы? Федэралізацыя? Статус Данбаса? А?

А чалавек паглядзеў бы на гадзіннік, а пасля паверх мяне. І ўсміхнуўся.

А я б ускочыў і пачаў бы хадзіць сюды-туды. Сюды-туды. А пасля рэзка спыніўся і нахіліўся б да яго і паглядзеў бы яму ў твар. А пасля шэптам выпаліў:

— А Сірыя? Сірыя?! Там жа піндосы! Піндосаў трэба выбіць? Дапамагчы сваім? Што думаеце? Рускі мір, беларусізацыя, бандэраўцы, братэрскія народы, славянскае адзінства, СССР, Сталін, скрэпы, піндасня, жыды, палякі, Эстонія! Ну скажыце, што вы думаеце.

І тут чалавек, не прыбіраючы ўсмешкі з твару, паклаў бы мне руку на плячо і, нямоцна сціснуўшы яго, сказаў бы:

— Молодой человек, мне как-то настолько пох*й, что вы себе даже не представляете. У нас в России столько дел. От Смоленска до Анадыря. А вы — «Сирия»… Я не думаю про Сирию и про мягкую беларусизацию. Я, стыдно сказать, думаю, как бы сделать, чтобы «Боярышник» запретили. Про «Боярышник» больше думаю. Извините, если что.

І мне б стала сорамна, і я б заплакаў і абняў бы гэтага цудоўнага рускага чалавека.

Стась Карпаў, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера