Знайсці
19.07.2017 / 00:4535РусŁacБел

«Прастымулюйце людзей інвеставаць у сваю радзіму!». Топ-10 прапаноў, якія б дапамаглі развіццю малых населеных пунктаў

Віталь Каляда працуе адвакатам. Акрамя гэтага, мае ўласны хутар у вёсцы Слабодка, што ў Капыльскім раёне. Сядзіба з'явілася ў яго жыцці пяць гадоў таму, калі Віталь рашуча настроіўся аднаўляць малую радзіму: стала крыўдна, што дзедавы хата і сад прыходзілі ў заняпад, а сама вёска паціху пусцела.

Віталь Каляда.

«У Слабодцы сталых жыхароў амаль няма, на зіму застаецца, можа, адзін чалавек. На лета прыязджае крыху больш. Па меры магчымасцяў я вёску ажыўляю. Спачатку расчысціў кавалак старога саду ад пустазелля, зацікавіўся садаводствам. У адным з дзедавых вулляў пачаў даглядаць пчол, патроху вучуся пчалярству. Таксама маю вінаграднік і невялікую сажалку з рыбай, а яшчэ агарод. Час ад часу палюю і займаюся рыбалоўствам. Паколькі гаспадарка вымагае пэўнага часу, усё менш езджу ў адпачынак за мяжу, часцей праводжу яго на хутары. Я бачу, што паступова ў вёску вяртаюцца і іншыя ўладальнікі, патроху адбудоўваць закінутыя дзялянкі: у сталіцы ці пад Мінскам усе адзін на адным сядзяць, а тут — сапраўднае казацкае раздолле, тут ты — сам сабе гаспадар», — дзеліцца сваімі поспехамі ды адкрыццямі гаспадар хутара.

З уласнай практыкі Віталь павыводзіў некалькі прапаноў да дзяржавы, якія б пазітыўна паўплывалі на працэс вяртання людзей у вёскі, што знаходзяцца за 100 і больш кіламетраў ад сталіцы, і, мабыць, натхнілі б іх на запуск новых прыватных спраў.

  1. Трэба дазволіць людзям мець ва ўласнасці не 25 сотак, а гектар зямлі і больш. Калі, напрыклад, адзін сад больш за гэтыя мізэрныя 25 сотак, як займець юрыдычныя гарантыі і не хвалявацца, што іх змогуць адабраць?
  2. Даць ільготы на інтэрнэт і абслугоўванне сістэмы відэаназірання. Чаму я павінен плаціць 400 рублёў за ўсталяванне бяспекі, а потым дадаваць 10 штомесяц? Уключыце сюды яшчэ інтэрнэт, падтрымку ліцэнзій на зброю, паляванне, рыбалоўства і гэтак далей. Уяўляеце, якія сумы за ўсё гэта набягаюць кожны месяц!
  3. Чаму б не зрабіць падатковы вылік хаця б на пэўную колькасць паліва? Калі за тыдзень праязджаеш 1000—1500 кіламетраў, гэта вельмі б’е па кішэні. А яшчэ лепш, канечне, знізіць падаткі з сум, накіраваных на развіццё хутара. Свае заробленыя грошы я выдаткоўваю не дзе-небудзь у Сіцыліі, а тут, у Беларусі. Фактычна за месяц я даю працу 2—3 людзям на сяле, а як мне за гэта аддзячыла дзяржава? Не па паняццях усё гэта, хлопцы.
  4. Дайце льготныя крэдыты на бурэнне свідравін для вады ці кампенсацыю тым, хто яе ўжо зрабіў! Шмат хто са знаёмых і ўладальнікаў хутароў падцвердзіць, што без гарачай вады цяжка завабіць на хутар жонак ці сябровак, асабліва з ліку гарадскіх, якія прызвычаілся да пэўнага ўзроўню камфорту. А трэба ж неяк заахвоціць жанчыну прамяняць Харватыю на мядзведжы кут за кальцавой!
  5. Дапамажыце з расчысткай дарог узімку і з абкосам летам, з расчысткай вадаёмаў. Нават звычайная донная каса для ачысткі багавіння каштуе 70 рублёў. А каб размясціць кантэйнеры для вывазу смецця, трэба спачатку абабіць не адзін ганак чыноўніка.
  6. Будматэрыялы таксама было б добра атрымліваць па льготных цэнах. Альбо хаця б мець падатковы вылік на гэта. Гаворка не ідзе пра нейкія палацы.
  7. Дайце зніжкі на паляўнічыя ваўчары ўладальнікам хутароў і гасцям у іх мясцовасці.
  8. Дазвольце гнаць самагонку! Калі маеш сад, чаму б не зрабіць уласны напой? Прыгадайце тут досвед Сербіі ці Балгарыі з іх слівовіцай.
  9. Прадастаўце магчымасць афіцыйна ствараць стралковыя ціры, каб можна было страляць на месцы, а не ехаць у сумніўны цір БТПР на другі край раёна. Канечне, усё гэта пры ўмовах забеспячэння правілаў бяспекі.
  10. Чаму я не магу прывезці з ЗША нармальны «рэднэкаўскі» пікап па даступным кошце? Калі б існавалі мытныя льготы на ўвоз машын, гэта потым зрабіла добрую паслугу і нам, і дзяржаве.

Віталь тлумачыць патрэбу ў зменах наступным чынам.

«Давайце казаць шчыра — сёння людзей вёскай не прывабіш. Гараджаніну, які прызвычаіўся да камфорту, сельскай рамантыкі хопіць на дзень-два. А сельская праца — вельмі цяжкая. Таму патрэбна інфраструктура, мінімальная хаця б: гарачая вада, туалет і інтэрнэт. Выбіць тую ж калонку — каштуе 1000—1500 даляраў. Для многіх людзей гэта непад’ёмныя грошы. Дзяржава можа, канечне, не даваць ільготы, але без іх прагрэсу не будзе. Карт-бланш прыватніку — лепш за ўсе дзяржпраграмы. У выніку ўсё гэта акупіцца, таму што мінчане і людзі з іншых буйных гарадоў будуць пераносіць частку грошай з Мінска ў рэгіён, даваць там працу мясцовым жыхарам, купляць нешта і гэтак далей».

Запісала Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930