Знайсці
22.07.2017 / 16:0821РусŁacБел

Камуністычная спадчына жывучая: усходнія немцы дагэтуль мысляць і галасуюць інакш

Калі вы падарожнічаеце з Мінска ў Берлін самалётам, у сталіцы Германіі вас сустрэне аэрапорт Шонэфельд. Калі вы пабачыце яго будынак, ён можа вельмі моцна вас здзівіць. Цяжка сабе ўявіць, што такі аэрапорт прымае самалёты ў сталіцы краіны з адной з самых развітых эканомік у свеце. Брудны, маленькі, са старамодным дызайнам і прымітыўнымі табло, практычна поўнай адсутнасцю месцаў для сядзення, берлінскі аэрапорт Шонэфельд з’яўляецца своеасаблівым сімвалам Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Новы аэрапорт даўно будуюць, але ніяк не завершаць. Стары ж — яскравы індыкатар таго, што, нягледзячы на 27 гадоў, якія прайшлі з моманту аб’яднання Германіі, а таксама штогадовыя шматмільярдныя датацыі, Усходняя Германія так і не здолела дагнаць па эканамічных паказчыках захад.

Непераадоленая пакуль розніца выяўляецца не толькі ў эканамічных адрозненнях, але і ў ментальных: немцы з усходу і захаду краіны дагэтуль галасуюць па-рознаму на выбарах.

Найбуйнейшыя і найбольш уплывовыя партыі ФРГ — хрысціянскія дэмакраты і сацыял-дэмакраты. Але на ўсходзе Германіі вельмі моцныя пазіцыі маюць Левая партыя (спадкаемца гэдээраўскай Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі) і, нечакана, ультраправая AfD («Альтэрнатыва для Германіі»). Чаму ГДР, якая афіцыйна знікла ў ноч з 2 на 3 кастрычніка 1990 года, так і не знікла ў галовах людзей?

Поспехі левых

Доўгі час Усходняй Германіяй кіравала САПГ (Сацыялістычная адзіная партыя Германіі). Пасля падзення Берлінскага муру яна страціла свой статус кіруючай партыі. На першых дэмакратычных выбарах у ГДР САПГ атрымала толькі 16% галасоў выбарцаў, і здавалася, што ў былых камуністаў ужо не будзе ніякіх шанцаў. Але ўжо першыя выбары ў аб’яднанай Германіі паказалі, што камуністы здавацца не будуць.

На выбарах у Бундэстаг у 1994 годзе Партыя дэмакратычнага сацыялізму (былая САПГ) атрымала ва ўсходніх землях ажно 19,8% галасоў выбарцаў, у той час як на захадзе краіны за «сацыялістаў» прагаласаваў толькі 1% выбарцаў. Вынікі гэтых выбараў засведчылі, што мяжа паміж Захадам і Усходам нікуды не знікла.

Здаецца, усходнія немцы былі рады ўз’яднанню і нават знаходзіліся ў стане эйфарыі. Што ж здарылася ў свядомасці людзей, што яны былі зноў гатовыя галасаваць за камуністаў?

Па-першае, рэжым у ГДР хаця і з’яўляўся недэмакратычным, але ён не быў такім жорсткім, як у большасці іншых краін сацыялістычнага лагера. Акрамя кіруючай САПГ, у краіне дзейнічалі і іншыя партыі, якія можна ўмоўна назваць «апазіцыйнымі» (чымсьці гэта нагадвае цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі). Таму Партыя дэмакратычнага сацыялізму (спадкаемца САПГ) амаль не асацыявалася з палітычнымі рэпрэсіямі, у адрозненне ад КПСС.

Таксама важным чыннікам у электаральных паводзінах жыхароў экс-ГДР была эканоміка. Адразу пасля аб’яднання Германіі з захаду на ўсход рынула шмат грошай. Першыя некалькі гадоў дабрабыт жыхароў усходу Германіі паляпшаўся, таму што ўрад дырэктыўна падвышаў заробкі. Але ў сярэдзіне 90-х выявілася шмат нявырашаных праблем. Вытворцы, якія былі вымушаны падвышаць заробкі да заходнегерманскага ўзроўню, пачалі аптымізаваць вытворчасць і скарачаць людзей. У некаторых выпадках усходненямецкія кампаніі проста не вытрымлівалі канкурэнцыі і цалкам знікалі. Усё гэта выклікала шалёны рост беспрацоўя, якое ў некаторыя гады дасягала 25% у землях Усходняй Германіі.

Узровень беспрацоўя на захадзе і ўсходзе Нямеччыны.

У сваю чаргу высокі ўзровень беспрацоўя выклікаў міграцыю насельніцтва на захад, што яшчэ больш узмацняла пазіцыі былых камуністаў на ўсходзе. Справа ў тым, што на захад з’язджалі ў асноўным добра адукаваныя, актыўныя і перспектыўныя маладыя людзі, якія ў большасці выпадкаў за камуністаў не галасавалі. У сваю чаргу электарат Партыі дэмакратычнага сацыялізму быў не такім актыўным, і ён пераважна заставаўся жыць ва ўсходніх землях, таму і масавая доля прыхільнікаў левых ад агульнай колькасці насельніцтва толькі павялічвалася. Згодна з рознымі падлікамі, пасля ўз’яднання Германіі з усходніх зямель Германіі з’ехала каля 3 мільёнаў чалавек.

Змена колькасці насельніцтва за 1990—2015 гады.

Усяго Усходняя Германія пасля аб’ядання перажыла дзве буйныя хвалі міграцыі. Першая здарылася ў 1989—1990 гадах, калі павалілася Берлінская сцяна і жыхары ГДР нечакана атрымалі магчымасць вольна падарожнічаць на захад. Другая адбылася ў сярэдзіне 90-х, калі пачалі праяўляцца нявырашаныя праблемы ў эканоміцы.

На выбарах 1998 года пазіцыі левых толькі ўзмацніліся і левая партыя стала другой па папулярнасці ва Усходняй Германіі, што дазваляе казаць пра невыпадковасць іх поспехаў. Таксама стала відавочна, што Партыя дэмакратычнага сацыялізму (ПДС) захавала сваю ўсходнегерманскую сутнасць і так і не здолела стаць агульнагерманскай. Прыхільнікі левых поглядаў з Заходняй Германіі так і не сталі электаратам ПДС, таму што ПДС так і засталася партыяй ГДР. Яе праграмная праблематыка з’яўляецца праблематыкай ГДР, якая не адпавядае стану дыскусій левага руху Заходняй Германіі. Таксама адрозніваліся і палітычныя культуры Заходняй і Усходняй Германіі, што не магло не перашкодзіць ПДС стаць агульнагерманскай партыяй.

Але па-сапраўднаму паспяховым стаў для левых 2009 год, калі партыя правяла рэбрэндынг, аб’ядналася з некалькімі малымі рухамі і пад назвай Die Linke («Левыя») стала ўплывовай сілай у Бундэстагу. І зноў за левых галасавалі пераважна ва ўсходніх землях. У землях Брандэнбург і Саксонія-Анхальт партыя атрымала адносную большасць — 28,5% і 32,4% адпаведна. Перамагла Die Linke і ў выбарчых акругах Усходняга Берліна. На захадзе за левых галасавалі менш ахвотна. Напрыклад, у Баварыі за Die Linke прагаласавалі толькі 6,5% выбарцаў.

Працэнт галасоў за Партыю левых у самым паспяховым для яе 2009 годзе.

За левых людзі галасавалі не толькі з-за эканамічнага крызісу, але і з-за феномену «астальгіі» (Ostalgie, ад слоў Ost — усход і настальгія). Людзі памяталі пра сваю дзяржаву ГДР і пра той культурны пласт, які яна з сабой несла і які амаль цалкам знік пасля аб’яднання. «Левыя» паспяхова здолелі выкарыстаць гэты феномен.

Большасць членаў партыі выступаюць супраць капіталізму, не любяць ЗША, з сімпатыяй ставяцца да Расіі і асабіста Уладзіміра Пуціна.

Згодна з перадвыбарчымі апытаннямі, «левыя» на сёлетніх выбарах у Бундэстаг, якія адбудуцца 24 верасня, могуць атрымаць каля 9—10 адсоткаў і большасць у некаторых усходніх выбарчых акругах, што зробіць партыю трэцяй па ўплывовасці (пасля кааліцыі Хрысціянскіх дэмакратаў і Хрысціянскага сацыяльнага саюза, а таксама Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі). Традыцыйна найвышэйшая канцэнтрацыя падтрымкі левых — на ўсходзе Германіі, у тым ліку ў Берліне.

Канечне, Die Linke не стане на гэтых выбарах кіруючай партыяй, але ці стане яна часткай магчымай кіруючай кааліцыі — пытанне адкрытае. Калі «левыя» стануць часткай кааліцыі з сацыял-дэмакратамі і Зялёнымі, можна чакаць, што палітыка Германіі ў адносінах да Расіі істотна зменіцца. Праўда, дагэтуль супрацу з Левымі рэспектабельныя партыі выключалі, яны ні разу не ўваходзілі ва ўрад.

Феномен ультраправых

Калі поспехі левых на ўсходзе Германіі можна патлумачыць настальгіяй і эканамічнымі цяжкасцямі пасля ўз’яднання, то неймаверная папулярнасць ультраправых радыкальных партый і груповак на землях былой ГДР мае іншыя прычыны.

Доўгія гады насельніцтва ГДР афіцыйна выхоўвалася ў традыцыях інтэрнацыяналізму, і, здаецца, павінна было талерантней ставіцца да іншых народаў і культур. Дзіўна, але на практыцы якраз ва Усходняй Германіі самы высокі ўзровень гвалту ў адносінах да мігрантаў, асабліва ў Саксоніі. І гэта прытым, што шчыльнасць насельніцтва ва ўсходніх землях у некалькі разоў меншая, чым на захадзе краіны. Высокі ўзровень радыкалізацыі знаходзіць сваё адлюстраванне і ў папулярнасці ультраправых радыкальных рухаў, груповак і партый на землях былой ГДР. Найбольш радыкальнай арганізацыяй было так званае «Нацыянал-сацыялістычнае падполле» ў Саксоніі, сябры якога з 1998 па 2011 год забівалі мігрантаў і ажыццяўлялі атакі на паліцэйскіх.

Колькасць галасоў за ультраправую Нацыянальна-дэмакратычную партыю на піку яе папулярнасці.

Сярод палітычных рухаў вылучалася праваэкстрэмісцкая Нацыянал-дэмакратычная партыя Германіі, якую лічаць неанацысцкай. Партыя, якая першапачаткова ўзнікла ў Заходняй Германіі, атрымала найбольшую папулярнасць менавіта на землях былой ГДР. У 2004 годзе на зямельных выбарах у Саксоніі партыя атрымала ажно 9,2% галасоў выбарцаў.

Што аб'ядноўвае ультраправых і ультралевых, дык гэта шчырая любоў да Крамля. 22 сакавіка 2015 года партыя ўзяла ўдзел у Міжнародным рускім кансерватыўным форуме і падтрымала пазіцыю Расіі па Данбасе.

У 2013 годзе ў Германіі ўзнікла крыху больш памяркоўная, але таксама праванацыяналістычная партыя AfD («Альтэрнатыва для Германіі»), якая набыла асаблівую папулярнасць у першую чаргу сярод жыхароў усходняй Германіі. На сваіх першых выбарах у Бундэстаг у 2013 годзе яна не здолела пераадолець 5-працэнтны бар’ер. Але ўжо ў 2015 годзе, на фоне мігранцкага крызісу, партыя пачала набіраць папулярнасць, у першую чаргу сярод усходненямецкіх выбарцаў.

На выбарах-2016 у зямельны парламент Саксоніі-Анхальт AfD набрала ажно 24,2% і заняла другое месца. А на радзіме Ангелы Меркель, у зямлі Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, AfD нават апярэдзіла кіруючы блок ХДС/ХСС.

Папулярнасць «Альтэрнатывы для Нямеччыны» ў 2013 годзе.

Папулярнасць ультраправых і нацыяналістаў на землях былой ГДР сацыёлагі тлумачаць так.

Па-першае, у адрозненне ад жыхароў захаду, усходнія немцы раней мала сутыкаліся з мігрантамі, бо ў ГДР амаль не было гастарбайтараў. У сваю чаргу Заходняя Германія даўно і актыўна выкарыстоўвала працу мігрантаў. На момант аб’яднання ў ФРГ каля 8% насельніцтва былі мігрантамі. У той час як сярод жыхароў ГДР было менш за 1% мігрантаў, і тое, большасць з іх складалі жыхары краін Усходняй Еўропы.

Па-другое, у экс-ГДР большае беспрацоўе, і мігранты ўспрымаюцца як канкурэнты.

Па-трэцяе, хаця ў ГДР і прапагандаваліся інтэрнацыяналісцкія і левыя антырасісцкія каштоўнасці, гэта была аўтарытарная дзяржава з мілітарысцкім ухілам. Дзесяцігоддзямі жыхары Усходняй Германіі выхоўваліся ў кульце сілы.

Імаверна, менавіта з-за гэтага ультраправыя маюць большы ўзровень падтрымкі на ўсходзе краіны.

Прыклад Германіі яскрава сведчыць пра тое, што камуністычная спадчына жывучая. Калі нават Германія пакуль да канца не пераадолела падзелу паміж захадам і ўсходам, што ўжо казаць пра іншыя краіны, якія знаходзіліся пад уплывам камунізму яшчэ больш працяглы час?

Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930