Знайсці
17.07.2017 / 17:3016РусŁacБел

Гарадскія актывісты звярнуліся да Лукашэнкі: Ушчыльненне забудовы правакуе масавыя пратэсты

Гарадскія актывісты перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта адкрыты зварот да кіраўніка дзяржавы з просьбай узяць на кантроль сітуацыю з горадабудаваннем у Мінску, піша Tut.by

Зварот быў складзены і падпісаны членамі 20 ініцыятыўных груп, якія абараняюць розныя раёны і кварталы сталіцы ад ушчыльнення і зносу.

У лісце актывісты просяць Лукашэнку стварыць працоўную групу для аналізу неабходнасці і мэтазгоднасці ўшчыльнення забудовы Мінска, «бо горадабудаўнічая палітыка, якая праводзіцца Мінгарвыканкамам, вядзе да эскалацыі сацыяльнага напружання і росту незадаволенасці сярод гараджан».

«Так склалася, што генеральны план Мінска зацверджаны вашым указам і ўсё, што адбываецца ў горадабудаўніцтве, прыкрываецца імем прэзідэнта, — пішуць у сваім звароце актывісты. — Праекты развіцця гарадскіх тэрыторый распрацоўваюцца без удзелу грамадзян, уліку грамадскай думкі, патрэб мясцовых жыхароў. Такі падыход да планавання ў горадабудаўніцтве цягне негатыўныя ацэнкі распрацаваных праектаў гараджанамі на грамадскіх абмеркаваннях, абвастрэнне сацыяльнай напружанасці, неабдуманыя марнаванні бюджэтных сродкаў, спараджае ўзлаванасць і рост недаверу да ўлады сярод насельніцтва».

Ініцыятыўныя групы адзначаюць, што горад пастаянна скалынаюць сацыяльныя канфлікты ў сувязі з пераўшчыльненнем забудовы, зносам прыватнага сектара, скарачэннем зялёных насаджэнняў, агульным пагаршэннем якасці асяроддзя пражывання. І ўсё гэта — наступствы горадабудаўнічай палітыкі Мінгарвыканкама — лічаць актывісты. А недапрацоўкі мясцовай улады адбіваюцца непасрэдна на іміджы і аўтарытэце ўлады.

«Гэтым зваротам мы хочам паказаць, што праблема ўшчыльнення забудовы мае сістэмны характар і правакуе масавыя пратэсты звычайных гараджан. Зарадзіўшыся шмат гадоў таму ў мікрараёне Уручча-2, ушчыльненне стала агульнагарадскім галаўным болем, — кажа каардынатар ініцыятывы «Экаград», памочнік дэпутата Віктар Янчурэвіч. — Масіраваная атака грамадскімі абмеркаваннямі ПДП у сезон летніх адпачынкаў кажа аб страце мясцовай уладай інстынкту самазахавання. Так, сёння ўлада можа праігнараваць меркаванне грамадскасці і зацвердзіць праект, але гараджане прадэманструюць яшчэ большую актыўнасць на этапе пачатку рэалізацыі праекта, калі ўбачаць будаўнічую тэхніку ў сябе пад вокнамі. Горад будуецца і развіваецца для людзей, да чаго такія рашэнні, якія не знаходзяць падтрымкі сярод насельніцтва? Горадабудаўнічая палітыка і практыка Мінска мае патрэбу ў карэкціроўцы, на гэта мы звяртаем увагу прэзідэнта».

Зварот у Адміністрацыі прынялі. Адказ павінны даць на працягу 30 дзён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930