Знайсці
17.07.2017 / 16:5066РусŁacБел

Віктар Каліна: «Маю кнігу рэдагавала Святлана Алексіевіч за $300». Алексіевіч: «Глупства несусветнае!»

Спявак Віктар Каліна апошнім часам «ловіць хайп» — стварае шуміху на пустым месцы. Вядомы сваімі разборкамі ў сацсетках шансанье зноў абражае сваіх апанентаў — на гэты раз у фэйсбуку. Але ж гэта яшчэ не ўсё. Каліна сцвярджае: карэктуру яго кнігі «Генералы двароў» рабіла сама Святлана Алексіевіч!

«Неданосак. Цябе падманулі»

Некалькі тыдняў таму з’явіліся навіны, што ў беларускага спевака Віктара Каліны адмяняюць канцэрты па ўсёй краіне. «Шансанье» абурыўся — маўляў, гэта няпраўда! — і перайшоў да абраз. Праўда, пакуль што толькі ў інтэрнэце.

Віктар Каліна.

Традыцыйна пад раздачу трапіў блогер Антон Матолька.

І не толькі ён.

Прычым гэта ўжо не першы раз, калі шансанье адпальвае ў сацсетках. У сакавіку ў суполцы Маладзечанскага ДК, у якім меўся адбыцца канцэрт Каліны, пачалося абмеркаванне творчасці спевака.

«Якая ганьба для ДК і для людзей, якія збіраюцца наведаць гэтыя блатныя зладзейскія скокі!» — пісалі маладзечанцы.

Пасля чаго ў каменты прыйшоў сам Каліна і пачаў тлумачыць, як трэба сябе паводзіць:

«Наталля, ты б не ***! А проста мае песні паслухала! Так ты свае «грошы» і не давай! Проста не хадзі! Ідзі ў цырк!».

«Максім, ну ты прыйдзі і проста па-мужчынску пагавары са мной. Растлумач пра сходкі і іншае. Можа, чымсьці зможаш узбагаціць мой унутраны свет. Нягоднікам быць проста і вельмі складана застацца чалавекам!» — раіў спявак.

Пазней, праўда, Каліна зрабіў выгляд, што замест яго каментары пакідаў адміністратар. Пазней прадстаўнікі суполкі ДК прыбралі найбольш вогненныя каментары. Але ж кэш гугла ўсё памятае.

Віктар Каліна пагаварыў з «Нашай Нівай» пра свае паводзіны ў сеціве.

Па словах спевака, у яго ёсць добраахвотныя памочнікі, якія займаюцца яго інтэрнэт-суполкамі. Але ў фэйсбук ім заходзіць забаронена — ім карыстаецца толькі сам Каліна. Але ж усе скрыншоты вышэй — якраз з фэйсбуку.

«Я не хамлю. Я адказваю — ну, бывае жорстка. А калі я штосьці там і сказаў, то гэта было на маёй старонцы, — патлумачыў Віктар Каліна. — Па чужых старонках я не хаджу».

Што тычыцца абраз у асабістыя паведамленні, то, прызнаецца Каліна, там «можна і нарвацца».

Карэктура за $300 ад будучай набеліяткі?

Але ж сваркі ў сацсетках — гэта яшчэ кветачкі. 12 ліпеня Віктар Каліна падзяліўся ў сваім фэйсбуку зусім дзіўнай гісторыяй.

Па словах Каліны, яго кнігу «Генералы двароў» у 2006 годзе нібыта адрэдагавала сама Святлана Алексіевіч. Узяла за гэта пісьменніца 300 даляраў — «бо ў яе быў цяжкі перыяд, яна падпрацоўвала кнігамі па кулінарыі і вязанні», запэўніў спявак.

У каментары «Нашай Ніве» Віктар Каліна паўтарыў гісторыю. Ён перакананы, што Алексіевіч працавала над яго кнігай у лютым 2006 года.

«Яна ў той час пісала нейкія брашуры па кулінарыі, якія прадаваліся ў кіёсках. А я прынёс сваю кнігу, каб выправіць памылкі: паправіць граматыку. У мяне ў школе па мове было 3 ці 4, а па літаратуры — 5 з трыма плюсамі. Літаратурная апрацоўка мне не была патрэбная, патрэбен быў карэктар, — паведаміў Каліна. — Дык Алексіевіч пачала мяне павучаць, расказваць, як трэба пісаць, расказваць, што яе абурыла ў маёй кнізе… Дык я кажу: хвілінку, я прыйшоў паправіць памылкі — дык вы папраўце памылкі, атрымайце свае 280 даляраў і тусуйцеся там сабе! Мне не патрэбны настаўнік літаратуры!»

«Наша Ніва» вырашыла спраўдзіць гэтую гісторыю ў самой Святланы Алексіевіч.

«Глупства несусветнае, — рассмяялася пісьменніца. — Гэтай гісторыі не было і быць не магло. Хіба што, можа, ён піша такое пра мяне для самапіяру».

* * *

Віктар Каліна — спявак, выступае ў так званым жанры «рускага шансону». Нарадзіўся ў сям’і беларусаў у Казахстане. Раней Каліна займаўся бізнэсам у Беларусі, але ў 2007 годзе яго і жонку Святлану асудзілі за махлярства ў асабліва буйным памеры: ён застрахаваў свой «Мерседэс» на $34 тысячы, а пасля імітаваў крадзеж машыны (насамрэч аўто спявак прадаў). Каліна атрымаў 5,5 года зняволення, жонка — 4,5 года, праўда, ужо у 2009 годзе абое выйшлі па амністыі.

Сёння Каліна жыве ў Расіі, у Беларусь прыязджае толькі з канцэртамі. Пад Смаленскам у яго хутар «Калінава даліна», які ўпрыгожваюць сцягі Расіі, Беларусі, «ДНР» і «Наваросіі».

Каліна вядомы сваёй падтрымкай сепаратыстаў Данбаса — ён не раз ездзіў у «ДНР», дзе яму нават уручылі мясцовыя ўзнагароды.

 

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930