Знайсці
14.07.2017 / 10:55102РусŁacБел

На Міншчыне бацька дваіх дзяцей закахаўся ў хлопца з працы. Справа дайшла да суда

Новая серыя са зборніка гісторый, з якімі штодзённа сустракаюцца юрысты Выязнога трацейскага суда. На гэты раз — пра героя, у якога не атрымалася жыць адначасова на два фронты.

Барысу і Ганне Курапацкім* з Мінскай вобласці шмат хто зайздросціў: цудоўныя дзеці, якія хутка меліся скончыць школу. Муж з жонкай толькі-толькі пераехалі ў дом са свежым рамонтам, што дастаўся Барысу ад бацькоў. Абодва упэўнена рухаліся па службовай лесвіцы…

Калі гаспадар нечакана звольніўся з любімай працы, для ўсёй сям’і гэта стала шокам. Што адбылося, чаму ён прыняў такое рашэнне? Дзясяткі пытанняў непакоілі Ганну. Барыс жа толькі адмоўчваўся. Аднойчы ён усё-ткі паведаміў, што знайшоў іншую, больш цікавую і аплатную працу, і як толькі адпачне ад папярэдняй — адразу ж выйдзе на новую. Ішоў час, а ўся праца кіраўніка сямейства абмяжоўвалася сядзеннем каля тэлевізара ды на прысядзібным участку. Вядома ж, за 15 гадоў шлюбу паміж мужам і жонкай склаліся даверныя адносіны, Ганна спрабавала падтрымліваць мужа, але пасля таго, як яе заробкаў стала з цяжкасцю хапаць на ўтрыманне сям'і і выплату крэдытаў, узятых на куплю аўтамабіляў, гэта зрабілася непасільным выпрабаваннем.

Праз два месяцы пасля звальнення мужа яе чакаў дадатковы ўдар: Ганна атрымала копію пазоўнай заявы з Выязнога трацейскага суда ад Віктара, былога калегі мужа. Дакумент сведчыў, што Барыс вінен выплаціць Віктару пазыку.

Віктар меркаваў атрымаць сродкі за кошт дому, які сам гаспадар пад гэту мэту і заклаў. Ганна чула пра такое ўпершыню, хаця гэта маёмасць лічылася сумесна нажытай, і муж быў абавязаны ўвесці жонку ў курс справы. Але Барыс нават забараніў ёй прысутнічаць на закрытым паседжанні трацейскага суда. Стала ясна — муж нешта хавае. Не дабіўшыся адказаў ад Барыса, Ганна вырашыла шукаць іх у былых калег мужа.

Ілюстрацыйнае фота.

Што ж адбылося? Як выявілася, на працягу некалькіх гадоў Барыс меў інтымную сувязь з Віктарам і яшчэ адным са сваіх падначаленых па працы, Раманам. Апошні быў маладым спецыялістам і такім чынам вырашыў хутчэй прасоўвацца па кар'ернай лесвіцы. Менавіта пачуцці да маладога супрацоўніка вымусілі Барыса залезці ў даўгі і закласці дом: той хлопец шмат вандраваў, клапаціўся пра знешні выгляд і марыў пра ўласны транспарт. На гэта ўсё былі патрэбныя грошы.

Звальняцца ж прыйшлося пасля таго, як каханкаў на працоўным месцы ў недвухсэнсоўнай сітуацыі заспеў Віктар — трэці ўдзельнік трыкутніка. Не стрымаўшыся ад рэўнасці, ён закаціў скандал, інфармацыя пра які хутка даляцела да вышэйшага кіраўніцтва. У выніку ўсе трое мужчын, жадаючы схаваць інфармацыю пра сваю сэксуальную арыентацыю ў таямніцы, адначасова падалі заявы на звальненне па ўласнай ініцыятыве.

Вынік гэтай гісторыі, на жаль, сумны для сям'і Курапацкіх: Ганна з Барысам рассталіся, дзеці страцілі афіцыйнага бацьку, а дом быў добраахвотна перааформлены Барысам на Віктара, каб пагасіць запазычанасць.

*Імёны і прозвішчы ўсіх герояў змененыя.

Каментарыі псіхолагаў:

Алена Дубовік, дырэктар Цэнтра паспяховых адносін:

Алена Дубовік, фота: psycenter.by.

— Відавочна, тое, што адбылося — гэта наступствы крызісу, які пачаўся ў гэтай сям’і даўно. Там не было атмасферы узаемадаверу, і ніводзін з партнёраў нічога не рабіў для яе стварэння. Атрыманы вынік кажа пра тое, што ў жыцці гэтай пары даўно назапашвалася свабодная энергія, якая ніякім чынам не рэалізоўвалася. Тут ужо няважна, якая яна — гома-, бі- ці гетэрасэксуальная.

Любая здрада — гэта катастрофа, нават калі пра яе ніхто не даведаўся. Звычайна, калі пра падман становіцца вядома жанчынам, яны не разумеюць, як так атрымалася: партнёр жа быў такі добры! За гэтым добрым яны не бачылі другую частку, тое, што каханы знаходзіўся не ў гармоніі з сабой.

Людзі пусцілі сваё жыццё на самацёк. Цяпер трэба прыняць тое, што здарылася, і пачаць, нарэшце, кіраваць лёсам. Толькі разабраўшыся ў сваіх адносінах ды пачуццях, можна неяк выбудоўваць дыялог з дзецьмі. У дадзеным выпадку цягнуць коўдру на сябе, кажучы, што бацька дрэнны, ні ў якім разе нельга. Вы хочаце расказаць малым, што муж — гей і здрадзіў сям’і, каб быць шчырымі? Але ж вы не былі шчырымі нават сам-насам. Нельга перакладаць адказнасць за свае ўчынкі на дзяцей. Адносіны мужчыны і жанчыны не павінны тычыцца бацькоўскай камунікацыі. Але ў нас звычайна так: пакуль мы кахаем адзін аднаго — мы добрыя бацькі, як толькі перастаём — абвінавачваем партнёра ва ўсіх грахах і сварымся. Пакутуюць ад гэтага дзеці, рабіць так нельга.

Раман Кручкоў, сямейны псіхолаг:

Раман Кручкоў, фота: zviazda.by.

— Памылкова лічыць, што геі ці лесбіянкі абавязкова будуць мець аднаполыя адносіны. Па розных прычынах яны ствараюць і традыцыйныя сем’і, нараджаюць дзяцей… Чаму? Усё досыць індывідуальна: гэта можа быць нежаданне траўміраваць бацькоў, ціск грамадства і гэтак далей. У асноўным — праз прэсінг асяроддзя, што фармуе каштоўнасці, мадэлі, устаноўкі і падштурхоўвае да пэўнага выбару. На фоне гэтага ціску чалавек можа затаіць у душы сваю гомасэксуальнасць і спрабаваць будаваць нармальную, па мерках грамадства, сям’ю. Тым не менш, калі-небудзь, з вялікай доляй імавернасці, ён зробіць тое, што будзе выглядаць здрадай. Давер згубіцца і, адпаведна, у адносінах наступіць крызіс. Гетэрасэксуальны партнёр будзе перажываць такую здраду мацней, бо разам з ёй выкрываецца працяглы падман.

Расказваць дзецям пра праблемы сям’і можна, але з аглядкай на ўзрост. Таксама трэба ўлічваць горад, дзе ўсё адбылося: калі ён маленькі, ёсць небяспека распаўсюджвання плётак, якія паставяць крыж на кар’еры і будучыні дзяцей, бацькі будуць імкнуцца схаваць прычыны разводу. Хаця, з пункту гледжання адказнасці перад дзецьмі, заўсёды лепш адкрыцца: тайна не зможа не ўплываць на дзяцей. Белыя плямы ў біяграфіі здольныя згуляць з нашчадкам дрэнны жарт: ён быў выціснуты на перыферыю прыняцця рашэнняў і жыў у інфармацыйным вакууме. Не выключана, што ў будучыні ён не зможа адказаць на нейкія важныя для сябе пытанні.

Вячаслаў Дрызгаловіч, КК

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера