Знайсці
15.07.2017 / 11:568РусŁacБел

Няпростая гісторыя вынаходніцтва шарыкавай ручкі

Шарыкавая ручка, або асадка, настолькі моцна ўкаранілася ў нашым жыцці, што цяжка нават уявіць, што гэтая, здавалася б, простая прылада не праіснавала яшчэ і ста гадоў і мае зусім няпростую гісторыю.

Прынцып дзеяння асадкі быў запатэнтаваны 30 кастрычніка 1888 года ў ЗША Джонам Лаўдам. Тады, нягледзячы на ўсе намаганні, увасобіць у жыццё новую прыладу для пісання не атрымалася, бо не змаглі падабраць добры склад чарнілаў: выходзілі або занадта густыя, або вельмі вадкія. Сучасная шарыкавая ручка была вынайдзеная венгерскім журналістам Ласла Біра ў 1931 годзе. Пёравыя ручкі мелі шмат недахопаў, таму Біра прыклаў шмат намаганняў для вынаходніцтва рэцэпта чарнілаў, якія б працавалі. Сваёй ідэяй Ласла захапіў брата Георга, які быў хімікам. Яны разам змаглі распрацаваць чарнілы і ручку новай канструкцыі. Браты прыйшлі да ідэі, што, калі востры кончык пяра замяніць стрыжнем, напоўненым чарніламі, з шарыкам на канцы, то ўсё павінна атрымацца. Так і здарылася. У 1938 Ласла Біра запатэнтаваў першую працуючую шарыкавую асадку.

Ласла Біра

Хутка пачалася вайна, і Біра, пасля падарожжаў па розных гарадах і краінах, разам з братам вырашыў застацца ў Аргенціне. І ўжо ў 1942-м першыя асадкі з'яўляюцца ў продажы пад назвай Birome, якая атрымалася пры аб'яднанні прозвішчаў Біра і Мэйн (Хуан Мэйн — інвестар праекта). У Аргенціне, дзе многія гады жыў журналіст, шарыкавыя ручкі дагэтуль называюць у гонар яго «біромамі».

Рэкламны постар

Першыя шарыкавыя ручкі рабіліся на замову Каралеўскіх ваенна-паветраных сіл Вялікабрытаніі, бо звычайныя пёравыя аўтаручкі працякалі ў самалётах ад зніжэння атмасфернага ціску пры наборы вышыні. У вольным жа продажы прымітыўныя, але вельмі зручныя, шарыкавыя ручкі каштавалі нашмат даражэй за самыя крутыя пёравыя.

Масавая іх вытворчасць пачалася тады, калі ліцэнзіі на выпуск шарыкавай ручкі сталі набываць буйныя амерыканскія кампаніі. У 1945 годзе першая партыя ручак пад назвай Reynolds Rocket з'явілася ў продажы па цане 12,5 даляраў. Дзякуючы рэкламе, дзесяць тысяч ручак былі распрададзеныя за некалькі гадзін. Для падтрымання парадку ў чарзе нават давялося задзейнічаць 50 паліцэйскіх.

Мілтан Рэйнальд (справа)

Але гэты ажыятаж нарабіў шмат шуму і праблем Мілтану Рэйнальдсу. Справа ў тым, што Рэйнальдс пачаў вытворчасць асадак без ліцэнзіі Біра. Кампанія Eversharp, якая афіцыйна набыла ліцэнзію ў Біра, падала ў суд на Рэйнальдса, але справу прайграла. Мілтан Рэйнальдс на судзе спаслаўся на той самы патэнт Джона Лаўда ад 1888 года, у якім апісвалася прылада для нанясення нумароў і пазнак на паверхні мешкавіны і дошак, і заявіў, што яго ручка — усяго толькі паменшаная копія прылады Лаўда, а пра асадку Біра ён нават і не чуў.

Такое становішча спраў аказалася вельмі выгадным для звычайных пакупнікоў. Дзякуючы пастаяннай канкурэнцыі Reynolds International Pen Company і Eversharp, за два гады шарыкавыя ручкі патаннелі ў 50 разоў і сталі самым звычайным прадметам у нашым жыцці, амаль цалкам выцесніўшы з выкарыстання пёравыя ручкі.

А ў 1966 годзе амерыканец Пол Фішар атрымаў патэнт на «антыгравітацыйную асадку»: каб забяспечыць падачу пасты да шарыка ў космасе, ён зрабіў картрыдж з газавым падпорам і адмысловым поршнем. Такая ручка пісала ў любым становішчы і пры любой тэмпературы.

Рэклама кампаніі Fisher Spacepen Co. «Нясем цывілізацыю ў космас з 1968 года»

Ілья Параскевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера