Знайсці
12.07.2017 / 16:513РусŁacБел

Смартфоны дапамаглі выявіць самыя лянівыя і самыя актыўныя краіны

Амерыканскія навукоўцы сабралі глабальныя даныя аб фізічнай актыўнасці людзей з дапамогай аналізу інфармацыі, якая прадастаўляецца іх смартфонамі, піша ВВС.

Аналіз, праведзены супрацоўнікамі Стэндфардскага ўніверсітэта на даных 68 млн дзён штохвіліннай інфармацыі, паказаў, што ў сярэднім колькасць крокаў, якую робіць сярэднестатыстычны карыстальнік за суткі, складае 4961.

Першае месца па фізічнай актыўнасці занялі жыхары Ганконга, якія здзяйснялі ў сярэднім 6880 крокаў, а самымі неактыўнымі аказаліся інданезійцы, якія праходзілі ўсяго 3513 крокаў.

Гэтыя даныя могуць дапамагчы ў вырашэнні такой сур'ёзнай праблемы, як атлусценне, якое пагражае мільёнам людзей па ўсім свеце.

Большасць смартфонаў маюць убудаваныя акселерометры, якія фіксуюць колькасць зробленых крокаў, і даследчыкам удалося атрымаць і прааналізаваць ананімныя даныя смартфонаў 700 тысяч чалавек, якія ўсталявалі сабе дадатак Argus.

«Гэты праект у тысячу разоў перавышае па аб'ёме даных любое іншае даследаванне фізічнай актыўнасці людзей, — кажа Скот Дэлп, прафесар біялогіі і адзін з даследчыкаў. — Наш праект, у адрозненне ад іншых, заснаваны на вывучэнні даных, атрыманых у глабальным маштабе, прычым даных, якія паступаюць у пастаянным рэжыме і па многіх параметрах. А гэта дае нам магчымасць рабіць высновы ў непераўзыдзеных маштабах».

А што наконт актыўнасці ў іншых краінах свету?

  • Кітай — 6 189
  • Японія — 6 010
  • Іспанія — 5 936
  • Брытанія — 5 444
  • Бразілія — 4 289
  • ААЭ — 4 516

Няроўнасць неактыўнасці

Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Nature; яго аўтары адзначаюць, што яны дазваляюць зрабіць важныя высновы адносна стану здароўя насельніцтва і яго залежнасці ад узроўню фізічнай актыўнасці.

Напрыклад, аказалася, што сярэдняя колькасць крокаў па краіне мала звязаная з распаўсюджваннем сярод яе жыхароў праблемы залішняй вагі.

Найважнейшым фактарам аказалася так званая «няроўнасць актыўнасці» — падобна няроўнасці ў даходах, але толькі ў дадзеным выпадку гаворка ідзе не пра багатых і бедных, а пра самых лянівых і самых актыўных.

Чым вышэйшы гэты паказчык няроўнасці па краіне, тым вышэйшы ў ёй ўзровень паўнаты.

«Напрыклад, Швецыя мае адзін з самых нізкіх паказчыкаў няроўнасці паміж актыўнымі і неактыўнымі ў фізічным дачыненні людзьмі, і таксама адзін з самых нізкіх у свеце узроўняў атлусцення», — кажа адзін з аўтараў даследавання Цім Алтхаф.

У ЗША і Мексіцы сярэдняя колькасць крокаў практычна супадае, але ў ЗША паказчык няроўнасці актыўнасці вышэйшы, чым у Мексіцы, і, адпаведна, вышэйшы ўзровень атлусцення сярод насельніцтва.

Адным з нечаканых вынікаў даследавання стала выснова аб тым, што няроўнасць актыўнасці ў асноўным абапіраецца на адрозненні паміж мужчынамі і жанчынамі.

Мужчыны больш актыўныя?

У краінах тыпу Японіі, дзе адзначаны нізкі ўзровень паўнаты і няроўнасці ў галіне актыўнасці, мужчыны і жанчыны паводзяць сябе прыкладна аднолькава актыўна ў плане фізічных нагрузак.

Але ў краінах, дзе паказчык няроўнасці высокі, напрыклад, у ЗША і Саудаўскай Аравіі, жанчыны, як правіла, вядуць менш актыўны лад жыцця, чым мужчыны.

«Калі паказчык няроўнасці актыўнасці дасягае максімуму, актыўнасць жанчын зніжаецца значна мацней, чым актыўнасць мужчын, і таму негатыўная сувязь з атлусценнем закранае жанчын значна мацней», — адзначаецца ў даследаванні.

Навукоўцы са Стэнфардскага ўніверсітэта лічаць, што атрыманыя вынікі могуць праліць святло на глабальныя заканамернасці ў распаўсюджванні эпідэміі атлусцення і дапамагчы выпрацаваць новыя шляхі вырашэння гэтай праблемы.

Напрыклад, яны склалі табліцу фізічнай актыўнасці па 69 амерыканскіх гарадах. Атрыманыя ад карыстальнікаў смартфонаў даныя сведчаць, што ў Нью-Ёрку і Сан-Францыска людзі шмат ходзяць пешшу, чаму спрыяе развітая інфраструктура ў выглядзе дарожак і тратуараў.

А вось у такіх гарадах, як Мемфіс і Х'юстан, да пешаходаў ставяцца негатыўна, і перасоўвацца там без аўтамабіля практычна немагчыма.

Не стала нечаканасцю і тое, што людзі ходзяць пешшу больш у тых гарадах, дзе для гэтага створаныя магчымасці.

Даследчыкі адзначаюць, што гэтыя высновы дазволяць праектаваць гарады і паселішчы з улікам будучай фізічнай нагрузкі.

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930